Ліцэнзія на праграмнае забеспячэнне

Ліцэнзія на праграмнае забеспячэнне — гэта юрыдычны інструмент (звычайна ў форме дамовы), які рэгулюе выкарыстанне або распаўсюджванне праграмнага забеспячэння. Згодна з законам аб аўтарскім праве Злучаных Штатаў, усё праграмнае забеспячэнне ахоўваецца аўтарскім правам, за выключэннем выпадкаў, калі гэта праграмнае забеспячэнне было распрацавана ўрадам Злучаных Штатаў.[1] Аўтары праграмнага забеспячэння, абароненага аўтарскім правам, могуць перадаваць сваё праграмнае забеспячэнне ў грамадскі набытак, і ў гэтым выпадку яно таксама не абараняецца аўтарскім правам і не можа быць ліцэнзавана.

Тыповая ліцэнзія на праграмнае забеспячэнне дае ліцэнзіяту дазвол на выкарыстанне адной або некалькіх копій праграмнага забеспячэння ў тым выпадку, калі такое выкарыстанне магло б парушыць аўтарскія правы ўладальніка.

Віды ліцэнзій правіць

Дзве распаўсюджаныя катэгорыі праграмнага забеспячэння ў адпаведнасці з ліцэнзіямі — гэта прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне і свабоднае праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам (free and open-source software, FOSS). Канцэптуальнае адрозненне паміж імі заключаецца ў прадастаўленні правоў на змяненне і далейшае выкарыстанне праграмнага прадукту, атрыманага кліентам. Ліцэнзіі тыпу FOSS перадаюць абодва правы кліенту, зыходны код пастаўляецца разам з праграмным забеспячэннем — таму такое праграмнае забеспячэнне называецца «з адкрытым зыходным кодам». Прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне звычайна не дае ліцэнзіі на гэтыя правы і таму захоўвае зыходны код схаваным — мае так званы «закрыты зыходны код».

Праграмнае забеспячэнне, якое не ахоўваецца аўтарскім правам, з’яўляецца альбо праграмным забеспячэннем у грамадскім набытку (public domain, PD), альбо праграмным забеспячэннем, якое не распаўсюджваецца, не мае ліцэнзіі і разглядаецца як унутраная камерцыйная тайна.[2]


Свабодныя і адкрытыя Несвабодныя
Грамадскі набытак Дазвольная ліцэнзія Капілефт-ліцэнзія Некамерцыйная ліцэнзія Прапрыетарная ліцэнзія Камерцыйная таямніца
Апісанне Дае ўсе правы Дае правы на выкарыстанне, дае права на змену ліцэнзіі Дае правы на выкарыстанне, абмяжоўвае правы на распаўсюджванне Дае правы толькі на некамерцыйнае выкарыстанне Традыцыйнае выкарыстанне аўтарскага права; не прадастаўляе дадатковыя правы Інфармацыя не апублікаваная
Для праграмнага забеспячэння PD, CC0 MIT, Apache, MPL GPL, AGPL JRL, AFPL Прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне, без публічнай ліцэнзіі Прыватнае ўнутранае праграмнае забеспячэнне
Для іншых творчых работ PD, CC0 CC-BY CC-BY-SA CC-BY-NC Аўтарскае права, без публічнай ліцэнзіі Работа не апублікаваная


Ліцэнзіі на прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне правіць

Адметнай рысай ліцэнзій на прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне з’яўляецца тое, што выдавец праграмнага забеспячэння дае на выкарыстанне адну або некалькі копій праграмнага забеспячэння ў адпаведнасці з ліцэнзійным пагадненнем з канчатковым карыстальнікам (EULA), але права ўласнасці на гэтыя копіі застаецца за выдаўцом праграмнага забеспячэння. Гэтая асаблівасць ліцэнзій на прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне азначае, што пэўныя правы ў дачыненні да праграмнага забеспячэння захоўваюцца за выдаўцом праграмнага забеспячэння. Такім чынам, у EULA тыпова ўключаюць умовы, якія вызначаюць выкарыстанне праграмнага забеспячэння, напрыклад, колькасць дазволеных установак або ўмовы распаўсюджвання.

Найбольш значным эфектам гэтай формы ліцэнзавання з’яўляецца тое, што калі права ўласнасці на праграмнае забеспячэнне застаецца за выдаўцом праграмнага забеспячэння, то канчатковы карыстальнік павінен прыняць ліцэнзію на праграмнае забеспячэнне. Іншымі словамі, без прыняцця ліцэнзіі канчатковы карыстальнік не можа выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне наогул. Адным з прыкладаў такой ліцэнзіі з’яўляецца ліцэнзія Microsoft Windows. Яна змяшчае шырокі спіс забароненых дзеянняў, такіх як: адваротнае праектаванне (reverse engineering), адначасовае выкарыстанне праграмнага забеспячэння некалькімі карыстальнікамі, а таксама публікацыя эталонных тэстаў або тэстаў прадукцыйнасці.

Ліцэнзіі на свабоднае і адкрытае праграмнае забеспячэнне правіць

 
Схема праграмнага забеспячэння пад рознымі ліцэнзіямі ў адпаведнасці з Фондам свабоднага праграмнага забеспячэння і іх вызначэннем свабоднага праграмнага забеспячэння: злева «свабоднае праграмнае забеспячэнне», справа «прапрыетарнае праграмнае забеспячэнне».

Свабодныя ліцэнзіі і ліцэнзіі з адкрытым зыходным кодам звычайна падзяляюцца на дзве катэгорыі: ліцэнзіі з мінімальнымі патрабаваннямі адносна таго, як праграмнае забеспячэнне можа распаўсюджвацца (дазвольныя ліцэнзіі, permissive licenses), і ахоўныя ліцэнзіі сумеснага выкарыстання (капілефт-ліцэнзіі, copyleft licenses).

Прыкладам капілефт-ліцэнзіі з’яўляецца ліцэнзія GNU General Public License (GPL). Гэта ліцэнзія накіравана на прадастаўленне ўсім карыстальнікам неабмежаванай свабоды выкарыстання, вывучэння і змены праграмнага забеспячэння, а таксама, калі карыстальнік прытрымліваецца ўмоў GPL, свабоды распаўсюджвання праграмнага забеспячэння або любых яго мадыфікацый. Напрыклад, любыя мадыфікацыі, унесеныя канчатковым карыстальнікам, павінны ўключаць зыходны код для іх, а ліцэнзія любой вытворнай працы не павінна накладваць ніякіх дадатковых абмежаванняў, акрамя таго, што дазваляе GPL.[3]

Прыкладамі дазвольных ліцэнзій з’яўляюцца ліцэнзія BSD і ліцэнзія MIT, якія даюць неабмежаваны дазвол на выкарыстанне, вывучэнне і змяненне праграмнага забеспячэння, і пры гэтым уключаюць толькі мінімальныя патрабаванні да распаўсюджвання. Гэта дае карыстальніку дазвол браць код і выкарыстоўваць яго ва ўласных праграмах з закрытым зыходным кодам.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Hancock, Terry. What if copyright didn't apply to binary executables? (англ.). Free Software Magazine (29 жніўня 2008). Праверана 22 лютага 2023.
  2. Larry Troan. Open Source from a Proprietary Perspective (англ.)(недаступная спасылка). RedHat Summit 2006 Nashville 10. redhat.com (2005). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2014. Праверана 22 лютага 2023.
  3. The GNU General Public License v3.0 – GNU Project – Free Software Foundation (FSF) (англ.). fsf.org. Праверана 22 лютага 2023.

Спасылкі правіць