Аляксей Скобля

(Перанакіравана з «Аляксей «Тур» (Скобля)»)

Аляксей «Тур», сапр. Аляксей Скобля (14 сакавіка 1990, Менск — 13 сакавіка 2022, ускрайкі Кіева) — баец-добраахвотнік Беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які загінуў пры абароне Кіева ад войскаў Расеі. Першы загінулы ўдзельнік Беларускага батальёну[1]. Герой Украіны.

Аляксей Скобля
Дата нараджэньня 14 сакавіка 1990(1990-03-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 сакавіка 2022(2022-03-13) (31 год)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці загінуў у баях
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак вайсковец
Вядомы як баец-добраахвотнік Батальёна імя Кастуся Каліноўскага
Псэўданім Тур
Узнагароды
Мэдаль Ордэна Пагоні Герой Украіны Order for Bravery 2nd Class of Ukraine ордэн „За мужнасьць“ III ступені

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся ў Менску, мама — выхавацелька ў дзіцячым садку, бацька — кіроўца аўтобуса. Зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй, захапляўся рэканструкцыяй[2].

Па дзявятай клясе паступіў у аўтамэханічны каледж у Менску. Потым працаваў мэханікам, рамантаваў аўтамабілі. Пазьней паступіў у Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, каб атрымаць вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці «эксплуатацыя аўтамабіляў», але ўнівэрсытэту ня скончыў[3]. У 2011 годзе браў удзел у маўклівых акцыях у Менску супраць рэжыму Лукашэнкі, калі правёў у зьняволеньні двое содняў і атрымаў штраф[4].

Добраахвотнік ва Ўкраіне

У 2015 годзе паехаў добраахвотнікам на Ўкраіну, быў намесьнікам камандзіра групы і стаяў ля вытокаў арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Ўкраіну. Быў у складзе Тактычнай групы «Беларусь»[4]. У 2021—2022 гадох служыў у Сілах спэцыяльных апэрацыяў Украіны на падставе кантракту[3][5]. Працаваў інструктарам у тактыцы, мэдыцыне. Атрымаў украінскае грамадзянства, ажаніўся[4].

Па адкрытым нападзе Расеі на Ўкраіну стаў намесьнікам камандзіра групы Беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага[6][7][8]. Загінуў 13 сакавіка 2022 на ўскрайках Кіева, калі яго аддзел трапіў у расейскую засаду[9]. Паранены, прыкрываў адыход сваіх вайскоўцаў[5][1][10]. За апошні тыдзень перад гібельлю выратаваў дзесяцярых параненых аднапалчанаў, выцягнуўшы іх з дапамогай прафэсійных мэдычных навыкаў[3][11].

13 красавіка 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі пасьмяротна ўганараваў Аляксея Скоблю годнасьцю Героя Ўкраіны — «за асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, вернасьць вайсковай прысязе»[12].

28 красавіка 2022 году пастановай 16-й сэсіі мескай рады Хмяльніцкага ў гонар Аляксея Скоблі перайменавалі вуліцу Пушкіна[13].

Разьвітаньне

Цырымонія разьвітаньня адбылася 16 сакавіка ў Кіеўскім крэматорыі. На ёй быў прачытаны наступны верш[5]:


«Прайду няўхільна цяжкі шлях вайны бясконцай і крывавай.
На нашых волатных плячах уздымем сьцяг шляхетнай славы.
Як Каліноўскі наш Кастусь, мне прыклад, так і лёс Ліцьвіна.
Я вызваляю Беларусь праз вызваленьне Ўкраіны.
Як Тур, клянуся абараніць у пекле бітвы пабраціма.
Наш гонар вечна будзе жыць у памяці маёй Радзіме».

Выказваньні

  • «… і для Ўкраіны, і для Беларусі Расея — гэта агульны вораг. І трэба дапамагчы ўкраінцам справіцца з агульным ворагам»[14].
  • «Калі ня будзе перамогі [на Данбасе], то гэта заўсёды будзе такі палаючы кацёл, які некалі выбухне ўсё ж такі. А галоўнае, каб адбылася гэтая перамога, трэба, каб Расея ці распалася, ці ўрэшце хаця б супакоілася ў сваіх імпэрскіх амбіцыях»[14].

Памяць

24 лістапада 2022 году Аляксей «Тур» быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[15]

Глядзіце таксама

Крыніцы