Марат Маркаў

Мара́т Сярге́евіч Ма́ркаў (нар. 1969, Лунінец, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, мэдыя-мэнэджар і тэлевядоўца. Другі старшыня «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» (з 24 сакавіка 2017 году).

Марат Маркаў
Род дзейнасьці прапагандыст, мэдыя-мэнэджар
Дата нараджэньня 1969 (55 гадоў)
Месца нараджэньня Лунінец, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Менская вышэйшая інжынэрная зэнітна-ракетная вучэльня СПА (1991), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (асьпірантура)
Прафэсія вайсковец, юрыст і эканаміст
Месца працы «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне»
Вядомы як аўтар інтэрвію з палітвязьнем Раманам Пратасевічам (3 чэрвеня 2021 г.)
Пасада 2-і старшыня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»
Тэрмін з 24 сакавіка 2017 году
Папярэднік Рыгор Кісель
Бацька Сяргей Маркаў
Узнагароды Прэмія прэзыдэнта Беларусі «За духоўнае адраджэньне» (2020)

Біяграфія

Мае грузінскае паходжаньне і родзічаў у Грузіі. Маці — Лілія Канстанцінаўна Маркава — адпрацавала 25 гадоў загадніцай натарыяльнай канторы ў Лунінцы (Берасьцейская вобласьць)[1]. У школе № 2 Лунінца (Берасьцейская вобласьць), якую скончыў у 1986 годзе[2], быў акцябронкам, піянэрам і камсамольцам. Двойчы бываў у дзіцячых лягерах «Зубраня» (Зубранёўка, Мядзельскі раён) і «Артэк» (пасёлак Гурзуф, Ялта, Украінская ССР). Сьпяваў і граў на бас-гітары ў школьным рок-гурце. Пасьля 5 гадоў навучаньня граньню на скрыпцы перайшоў у футбольную сэкцыю. Займаўся таксама барацьбой дзю-до. Скончыў школу з залатым мэдалём. У 1986 годзе паступіў у Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню СПА, дзе атрымаў тэхнічную асьвету. У 19 гадоў пачаў займацца ў трэнажорнай зале з трэнэрам, зь якім працягнуў заняткі цягам больш як 30 гадоў. Праслужыў у беларускім войску 13 гадоў, дзе даслужыўся да намесьніка камандзіра ўзводу. Па сканчэньні юрыдычнага факультэту БДУ некалькі гадоў працаваў аўдытарам. Пазьней уладкаваўся на Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Адтуль атрымаў запрашэньне на пасаду галоўнага дарадцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, дзе дайшоў да пасады 1-га намесьніка начальніка галоўнай ідэалягічнай управы. У верасьні 2011 году паступіў у Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі на эканамічную спэцыяльнасьць. У сьнежні 2011 году быў прызначаны намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў інфармацыйнай галіне. У асьпірантуры пісаў працу па выбарчых тэхналёгіях і вывучаў тэорыю кіраваньня. У 2015 годзе набыў амэрыканскі матацыкл «Харлі-Дэвідсан» мадэлі «Электрычка», які стаў яго 2-м хобі пасьля трэнажоркі[1].

Быў аўтарам і вядоўцам перадачы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь 1». 24 сакавіка 2017 году прызначаны старшынёй управы ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», якому належыць «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» («АНТ»)[3]. Цягам 2017 году правёў першы зь 2006 году адбор вядоўцаў на тэлеканале «АНТ»[4]. У студзені 2018 году ютуб-канал «АНТ» 1-м сярод СМІ Беларусі набраў 100 млн праглядаў[5]. 10 красавіка 2018 году паведаміў, што 54 % этэру «АНТ» складаў расейскі зьмест, а рэшту — зьмест беларускай вытворчасьці[6]. Увосень 2018 году ў Сіяні (правінцыя Шэньсі) падпісаў шматбаковае пагадненьне з «Цэнтральным тэлебачаньнем Кітаю» аб стварэньні супольнага навіновага парталу. У лістападзе 2018 году перавёў «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» на высокае разрозьненьне[1]. У лістападзе 2018 годзе стаў весьці аўтарскую перадачу інтэрвію «Нічога асабістага» на канале «АНТ»[7]. 13 лістапада 2018 году ў рэзыдэнцыі Віскулі (Камянецкі раён) ў Белавескай пушчы ўдзельнічаў у заснаваньні Клюбу кіраўнікоў СМІ Беларусі і Расеі[8]. У 2018 годзе доля забаўляльнага зьместу зь «Першага каналу» Расеі на «АНТ» склала 44 %[5].

На ліпень 2020 году ютуб-канал «АНТ» меў звыш 360 000 падпісчыкаў і звыш 50 млн праглядаў ад пачатку году[9].

Прапаганда і ўдзел у рэпрэсіях

Выступаў у СМІ з апраўданьнем створанай рэжымам Лукашэнкі сыстэмы СМІ й дзяржаўнай цэнзуры[10].

У 2020 годзе, пасьля гвалтоўнага падаўленьня сілавымі структурамі хвалі масавых пратэстаў, выкліканых фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў, з ачоленага Маркавым АНТ у знак пратэсту супраць цэнзуры і прапаганды звольнілася больш супрацоўнікаў, чым зь іншых дзяржаўных тэлеканалаў: каля чвэрці ўсіх працаўнікоў[11]. Паводле сьведкаў, Маркаў пагражаў звальняючымся крымінальнымі справамі й гвалтоўнымі зьнікненьнямі(ru)[11].

Акрамя гэтага, Маркаў уваходзіў у склад так званай «камісіі па інфармацыйнай бясьпецы» пры Радзе бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якая ў канцы лета пазбавіла акрэдытацыі шматлікіх журналістаў замежных СМІ[12].

У канцы 2020 году Маркаў атрымаў ад А. Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэньне»[13].

3 чэрвеня 2021 г. на АНТ апублікаванае інтэрвію Марата Маркава з палітвязьнем Раманам Пратасевічам пасьля таго, як той быў зьняты з прымусова пасаджанага ў Менску самалёта Ryanair і, па распаўсюджаных падазрэньнях, быў катаваны сілавікамі Лукашэнкі[14][15][16][17].

Міжнародныя санкцыі

21 чэрвеня 2021 году Маркаў быў унесены ў санкцыйны сьпіс Вялікабрытаніі як кіраўнік «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня», «адказны за праграмныя й рэдактарскія рашэньні, у тым ліку за рашэньне пра запісу й трансьляцыю „інтэрвію“» з Раманам Пратасевічам з прыкметамі жорсткага абыходжаньня зь ім і якое, «паводле шырока распаўсюджаных меркаваньняў, здымаліся пад прымусам»[18].

2 сьнежня 2021 году Маркаў быў даданы ў чорны сьпіс Эўразьвязу[19]. 20 сьнежня Маркава ў свой санкцыйны сьпіс уключыла Швайцарыя[20]. 22 сьнежня да адпаведнага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя[21][22].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі