Беларуская літаратура канца XVIII — XIX стагоддзяў

Беларуская літаратура сярэдзіны XVIII—XIX ст. — якасна новы этап у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства.

Ф. Багушэвіч «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891)

Гістарычны кантэкст

Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з'яў і палітычных падзей на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі і інш.).

У той жа час развівалася асветніцка-філасофская думка (Б. Дабшэвіч, А. Доўгірд, М. Карповіч, К. Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.-Ж. Русо, абнаўлялася адукацыйная сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і народнага мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў беларускім грамадстве і захаванні беларускіх гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культурным жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за беларускай мовай статуса літаратурнай.

Далучэнне Беларусі да Расійскай Імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культурнага жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нацыянальна-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гістарычны і мясцовы патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства.

Палітычныя падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літаратурных праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння народнага жыцця і мастацкага адлюстравання з'яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясцовай гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў «Dziennik wileński» («Віленскі дзённік») у 1817-18 г. пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М. Чарноўскай, К. Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэтычнай спадчыны. Праца З. Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фальклорнай творчасці.

На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф. Багамолец, А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч), рускамоўнае (Г. Каніскі) і лацінамоўнае (М. Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф. Князьнін), асвоіла рамантызм (Т. Лада-Заблоцкі, А. Міцкевіч, А. Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А. Плуг, У. Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. XIX ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамантычнам светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі.

У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер мастацкай свядомасці спрыяла з'яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Беларускія літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў.

Праблема ўсебаковага літаратурнага выкарыстання беларускай мовы ў сярэдзіне XIX ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з'явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нацыянальнай мове паўнавартасных мастацкіх твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць.

Паўстанне 1863—1864 гадоў стала мяжою, якая падзяліла літаратурны працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна беларускай літаратуры і яе самаўсведамленне.

Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі беларускае друкаванае слова, што істотна прыпыніла літаратурны працэс. Арыгінальныя беларускія мастацкія творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зборнік Я. Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А. Ельскага, М. Косіч. Разам з гэтым разівалася грамадска-палітычная думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д. Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884).

У літаратуры распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В. Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе» К. Вераніцына) паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В. Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А. Рыпінскага), вершаванай драматургічнай сцэнкі («Яжовыя» Я. Чачота), лірычнага верша (П. Багрым, Ф. Багушэвіч, Я. Баршчэўскі, Я. Вуль, В. Каратынскі, Я. Лучына, У. Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на бытавым анекдоце (Ф. Багушэвіч, А. Плуг), мемуараў (А. Абуховіч). З'явіліся першыя спробы гістарычнага нарыса беларускай літаратуры (прадмова Р. Падбярэскага да зборніка Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).

Устойлівасць міфалагічнага светаўспрымання як прыкмета беларускага архетыпа была гарантыяй вяртання мастацкай творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нацыянальнае беларускамоўнае ўлонне. Беларуская літаратура XIX ст. — мастацкі феномен на гістарычна-культурным шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку XX ст.

Літаратура другой паловы XVIII стагоддзя

Першыя прыкметы новай беларускай літаратуры адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гісторыка-мемуарнай прозе эпохі барока. Літаратурныя творы паступова набывалі свецкі характар, а ідэі Асветніцтва займалі пануючае становішча.

Шматмоўнасць мастацкай творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараславянскай, старабеларускай, лацінскай моў і зварот да народна-гутарковых пластоў беларускай мовы. У беларускай літаратуры выявілася білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з'яўляюцца «Камедыя» К. Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм, макаранічныя вершы.

Калі ў даўняй літаратуры асноўнае месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі.

Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і народнай драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К. Марашэўскага. У ёй выявілася пазітыўнае, гуманістычнае стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да народнага жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця беларускага сялянства.

Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла беларускую ментальнасць і абазначыла традыцыі нацыянальнай драматургіі, развітыя пазней у творах В. Дуніна-Марцінкевіча.

Батлейкавы тэатр у XVIII ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэлігійным па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», народнай камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў XIX ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).

Беларуская паэзія 2-й пал. XVIII ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатырычных твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе беларускага пісьменства ад старабеларускай кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання беларускай мовы ў «высокіх» мастацкіх жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І. Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага).

У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф. Багамолец, К. Марашэўскі, М. Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф. Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю. Бака, К. Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А. Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентываныя на жывую народную гаворку (І. Храптовіч) і стылізаваныя пад творы старажытнай беларускай паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з'явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І. Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура.

Літаратура XIX стагоддзя

Да 1820-х г. літаратурнае жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары прытрымліваліся яго галоўнага кірунку — класіцызму. У 1-й пал. XIX ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і беларускай мовамі, часам рускай (П. Шпілеўскі, В. Равінскі і інш.). Эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой беларускай мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя).

Да сярэдзіны XIX ст. ў беларускай літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з'яўляюцца макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А. Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846), вершаваная сатырычная мініяцюра І. Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838).

У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатырычная паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы. У паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна XIX ст.) упершыню ў беларускай літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты народным гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літаратурны працэс, узмацнілі яго дэмакратычную плынь.

Перагляд застылых эстэтычных нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А. Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамантычны кірунак у польскамоўнай літаратуры. Беларуская народная паэзія ўвайшла ў творчасць А. Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамантычнае асваенне беларускамоўнай вусна-паэтычнай творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фальклорнага ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822).

З'яўленне А. Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамантычнага складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэтычнага набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на беларускім фальклорным матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т. Зан, А. Петрашкевіч, А. Ходзька, Я. Чачот), а пасля ў іншых паэтаў (А. Грот-Спасоўскі, Т. Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і народнай творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі.

Адной з цэнтральных постацей літаратурна-грамадскага руху быў Я. Чачот. Ён сабраў больш за тысячу беларускіх народных песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я. Чачота, стылізаваных пад беларускі фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэтычную творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача.

А. Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць беларускага народа па жанрах і тэматыцы. На стыку літаратурнай і вусна-паэтычнай традыцый напісана беларускамоўная рамантычная балада «Нячысцік» А. Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з'явай беларуска-польскага літаратурна-фальклорнага ўзаемадзеяння, даў пачатак беларускай баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамантычнай балады.

Баладная традыцыя ў мастацкім асэнсаванні беларускага фальклорнага матэрыялу праявілася ў творчасці Я. Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця беларускага народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхалагічнага складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу народнай фантастыкі.

Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію беларускага народа. У. Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго беларускую творчасць: у рэцэнзіях на п'есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нацыянальнай літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што беларуская мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне XIX ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф. Скібіцкім адносна выдання твораў В. Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У. Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да беларускай мовы. Сам У. Сыракомля далучыўся да беларускай літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-беларускай напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В. Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў беларускі матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей.

Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нацыянальнай літаратуры як самастойнай і адсутнасцю беларускай друкаванай трыбуны. Верш П. Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І. Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А. Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch muzyczny» («Музычны рух», 1859).

В. Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на беларускай мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гістарычнае мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывідуальных асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сацыяльным асяроддзем («Халімон на каранацыі»).

Паводле ўзору кніг В. Дуніна-Марцінкевіча В. Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і беларускай мовах свой першы паэтычны зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У. Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду беларускага друкаванага слова на самастойны шлях, схіліў яго адкласці беларукія вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб'ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны XIX ст. і пераклад В. Дуніна-Марцінкевіча на беларускую мову дзвюх песень паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з'яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64.

Найбольш распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862— 63). Публіцыстыка К. Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны палітычны запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нацыянальную літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К. Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на беларускай мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В. Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф. Багушэвіча.

У 1891 у Кракаве выйшаў зборнік Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял беларускай літаратуры, якая выйшла нарэшце на самастойны шлях. У 1892 Ф. Багушэвіч выпусціў там жа апавяданне «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зборнік «Смык беларускі» (1894).

У мясцовым перыядычным друку (газета «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я. Лучына. А. Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п'яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф. Багушэвіч, А. Ельскі, Я. Лучына, З. Манькоўская, В. Савіч-Заблоцкі.

Арыентаваныя на дэмакратычнага чытача Ф. Багушэвіч і Я. Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сацыяльныя пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я. Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутраныя перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А. Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф. Тапчэўскі). У творчасці Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план вькодзілі спробы аб'ектыўнага канкрэтна-рэалістычнага паказу жыцця ў тыповых абставінах.

Значную ўвагу паэты сталі аддаваць мастацкаму перакладу (А. Гурыновіч, А. Ельскі, М. Косіч, Я. Лучына, З. Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу першай кнігі «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча, здзейсненага А. Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В. Дуніна-Марцінкевіча).

У апошняй чвэрці XIX ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А. Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся копіі твораў «Адвячорак» Г. Марцінкевіча і «Два д'яўлы» К. Вераніцына.

У 1889 у газеце «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду беларускай сціпла-сялянскай літаратуры на новы ўзровень.

Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нацыянальнай ідэі з абвостранай увагай да сацыяльных праблем, перапляценнем у літаратуры сацыяльнай крыўды і нацыянальнага самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. XIX ст.) да класавага процістаяння як нацыянальнай дыферэнцыяцыі (у канцы XIX — пач. XX ст.). Беларуская літаратура новага часу адраджалася ў значнай меры як літаратура пра бяспраўнага мужыка і для таго ж мужыка, у якім бачыла асноўнага свайго і героя, і чытача. I тым не менш яна ахоплівала незвычайна шырокае кола з'яў сусветнай культуры. Тут і біблейская тэматыка, і матывы антычнай міфалогіі, суаднесенай з жыццём беларускага мужыка, з падзеямі расійскай гісторыі і культуры («Тарас на Парнасе»). Не абміналіся паўстанні 1830—31 («Віншаванне бондара Савасцея»), 1846—48 («Добрыя весці»), 1863—64 гадоў. Неаднаразова закраналася гісторыя, далёкая і блізкая, жыццё і побыт, норавы і ўяўленні розных слаёў грамадства.

На беларускай зямлі стваралася свая школа мастацкага перакладу з рускай, польскай, украінскай моў. Літаратура развівалася на стыку розных культур, убіраючы ў сябе чужыя, самыя разнастайныя і разнародныя традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясцовых рэалій, гістарычна-культурных умоў. Некаторыя працэсы і з'явы знаходзіліся ў зародкавым стане, але яны выяўляліся, нягледзячы на адсутнасць нацыянальнай перыёдыкі і магчымасці публікаваць на роднай мове не толькі кнігі, але і асобныя творы. Не было толькі «паэзіі чыстай красы», адарванай ад надзённых праблем жыцця.

Пасля выхаду ў свет кніг Ф. Багушэвіча, з'яўлення іншых публікацый беларуская літаратура на некалькі гадоў быццам застывае ў сваім развіцці. Паміраюць А. Гурыновіч, Я. Лучына, Ф. Багушэвіч, А. Абуховіч. На змену ім у пачатку ХХ ст. вырастала новае пакаленне пісьменнікаў.

Літаратура

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX ст. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. I. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 582 с. ISBN 978-985-08-1167-7.