Беларуская міфалогія

падраздзел славянскай міфалогіі, склаўшыся на тэрыторыі Беларусі

Беларуская міфалогія — сістэма міфаў і ўяўленняў пра навакольны свет. З’яўляецца адной са славянскіх міфалогій і — шырэй — адной з індаеўрапейскіх. Уключае:

Карціна беларускага мастака Рамана Плавінскага на тэму беларускай міфалогіі

З вывучэннем беларускай міфалогі звязаны шэраг праблем.

У апошні час беларуская міфалогія прыцягвае да сябе ўсё больш увагі — роўна як беларуская культура, беларуская гісторыя. З’яляюцца літаратурныя творы, натхнёныя народнымі павер’ямі («Жаўнер і вужалка» Алега Грушэцкага, «Я, Сямён і барабашка» і інш).

Крыніцы

Дзяўчына, якая была вымушана выйсці замуж за Вужынага Караля. Асколкі гэтага старажытнага міфа захаваліся ў беларускіх і літоўскіх народных казках. Карціна беларускага мастака.

Можна вылучыць наступныя крыніцы:

  • Пісьмовыя дакументы (летапісы, «словы», павучэнні супраць язычніцтва).
  • Вусныя народныя творы: песні, легенды, казкі, замовы, балады, загадкі.
  • Народныя павер’і аб духах, аб ўладкаванні сусвету.
  • Археалагічны матэрыял (ідалы, язычніцкія амулеты).
  • Народныя вышыўкі (стылізаваныя выявы Сусветнага Дрэва, жаночых фігур, старажытныя сімвалы жывёл, багацця, ураджаю).
  • Народная архітэктура. Выявы Сонца, змяі, вады, агню на ліштвах у старых сялянскіх хатах.
  • Прадметы сялянскага побыту. Выявы Сонца на драўляных коўшыках, прасніцах.

Пісьмовыя дакументы

Сярэднявечныя дакументы («Аповесць мінулых часоў», «Слова пра паход Ігаравы», «Радзівілаўскі летапіс», павучэнні супраць язычніцтва) напісаны хрысціянамі. Язычніцкую міфалогію яны апісваюць вельмі коратка і пераважна з негатыўнага боку. Ад саміх язычнікаў не дайшло ніякіх пісьмовых звестак, таму што славяне не мелі пісьмовасці да прыходу хрысціянства.

Вусная народная творчасць

Народныя легенды, песні, казкі ў Беларусі пачалі запісваць толькі ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Сярод найболей выбітных этнографаў і фалькларыстаў: У. Дабравольскі, А. Кіркор, П. Шпілеўскі, В. О. Невяровіч, А. К. Сержпутоўскі, Е. Раманаў, М. Я. Нікіфароўскі, П. Шэйн, П. Дземідовіч, К. П. Тышкевіч, Я. Баршчэўскі і інш.

Народныя павер’і

Народныя вераванні ў духаў (лясун, багнік, пушчавік, мара, балотнік, стрыга і інш) маюць язычніцкае паходжанне. Таксама паводзіны і функцыі многіх багоў перанялі на сябе хрысціянскія святыя: святы Юр’я — функцыі Ярылы, Параскева Пятніца — функцы Мокашы, святы Ілля — функцыі Пяруна, а святыя Мікола, Улас і Сцяпан — функцыі Вялеса.

Археалагічны матэрыял

Можна вылучыць:

Шклоўскі ідал
Буцькоўскі ідал (вёска Буцькі, Пружанскі раён). У хрысціянскі час на ім быў высечаны крыж
  • Язычніцкія ідалы (фігуркі багоў, духаў, свяшчэнных жывёл). Шэраг ідалаў адносіцца да Сярэднявечча (слонімскі ідал, шклоўскі, грабавецкі, даўгінаўскі) і мог належыць славянам ці балтам. Некаторыя каменныя крыжы сёння ўшаноўваюцца ў вёсках як хрысціянскія, але маюць чалавекападобную форму і раней былі язычніцкімі ідаламі. У Лельчыцкім раёне такія крыжы завуцца «каменныя дзевачкі» (адсюль здагадка, што калісьці яны былі звязаны з нейкім жаночым боствам).
  • Рэшткі язычніцкіх капішчаў (Мінскае капішча, капішча ў Верхаўлянах, Ходасавіцкае свяцілішча і інш).
  • Амулеты, якія насілі на шылі: фігуркі коней з салярнымі арнаментамі або фігуркі сякеры, якая была звязаны з культам Пяруна.
  • Прадметы побыту з язычніцкімі арнаментамі, пераважна салярнымі (грабенчыкі, кераміка).

Язычніцкія багі старажытных народаў Беларусі

У Старажытнасці і Раннім Сярэднявеччы амаль усю Беларусь (акрамя Палесся) насялялі балты. Назвы тапанімікі (Дзявочыя горы, Мар’іна Горка), назва «перкуна кулька», якую давалі першабытным каменным сякерам у некаторых мясцінах Беларусі, — сведчыць, што ў балцкі час тут шанаваліся багі Дзіевас, Маря, Пяркунас.

Увогуле сярод балцкіх багоў вядомыя Аўстра (багіня ранішняй зоркі), Лайма (багіня лёсу), Саўле (багіня сонца), Велс (бог хатняй жывёлы, багацця), Ашвьяняй (багі-блізняты, якія кіравалі калясніцай сонца), Вітаўтус (бог коней), Жаміта (багіня зямлі), Вакарэ (багіня вячэрняй зоркі) і інш. Усе яны маглі шанавацца старажытнымі балтамі Беларусі.

Са славянскімі багамі ўсё болей складана. Па крыніцах вядомы шэраг багоў усходніх славян (Вялес, Пярун, Мокаш, Стрыбог, Дажбог, Сварог, Ярыла, Пераплут і інш) і заходніх (Белбог, Чарнабог, Яравіт, Святавіт, Ругевіт, Трыглаў, Провэ і інш). Але невядома дакладна, якіх багоў канкрэтна шанавалі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле Зміцера Скварчэўскага, у Беларусі засталіся сляды (тапаніміка, паданні, назвах святаў) толькі двух славянскіх багоў — Вялеса і Пяруна, а яшчэ, магчыма, Ярылы. Назвы Мокашава балота, Мокіш могуць быць слядамі культа багіні Мокаш. Акрамя таго, у замовах, прыказках, легендах, павер’ях засталося шмат персанажаў, якім маглі адпавядаць язычніцкія багі: Зара-Зараніца, Маці-Зямля, увасабленні Сонца, Месяца, багіня Доля (або Тры Долі). Але невядома, як звалі гэтых персанажаў у язычніцкі час, як выглядаў іх культ.

Вялес

Бог хатняй жывёлы, палявання, багацця. Таксама бог смерці, замагільнай краіны, бог зімы. Пасля прыходу хрысціянства яго функцыі перанялі: святы Мікола (як верылі ў народзе, ён даглядае коней), святы Юр’я (які ахоўвае кароў), святы Сцяпан, святы Улас і іншыя. У Беларусі Вялес быў звязаны з культам камянёў. Ёсць меркаванне, што яму даўней былі прысвечаны камяні, сёння вядомыя пад назвамі Вол, Валы, Быкі, шматлікія Чортавы камяні, Сцёп-камень, магчыма, Камень-кравец і інш[1].

Пярун

Бог маланак і грому, ахоўнік князя і дружыны. Роднасці такім індаеўрапейскім багам, як індыйскі Парджанья, хецкі Пірва. У Пракопія Кесарыйскага (6 ст.) згадваецца як вярхоўны бог славян[2]. Узначальвае Кіеўскі пантэон, які князь Уладзімір пабудаваў у 980 годзе. Пасля прыходу хрысціянства яго рысы і функцыі пераняў святы Ілля-прарок. Як верылі ў народзе, ён рухаўся па небе на калясніцы і кідаў стрэлы-маланкі, каб біць імі чарцей[3]. Слова «пярун» досей існуе ў беларускай мове як сінонім маланкі. Знаходзячы каменныя сякеры, зробленыя першабытнымі людзьмі, сяляне лічылі іх стрэламі Пяруна, якія той кідае на зямлю ў выглядзе маланак. Іх выкарыстоўвалі ў народнай магіі.

Як багі-грамабоі іншых індаеўрапейскіх народаў, Пярун выступае як змагар са змеем. У паданні пра Змееў камень ён забівае цмока, пасля чаго пачынаюцца жудасныя дажджы, якія пагражаюць затапіць увесь свет. Гэта пераклікаецца з індыйскім міфам пра бога-грамабоя Інду і яго ворага — змею Врытру, які трымае ў палоне воды, выклікаючы засуху. Калі ж Індра забівае яго, воды вызваляюцца, і пачынаюцца дажджы.

Мокаш

Багіня, вобраз якой навукоўцы звязваюць з ткацтвам, жаночымі рамёствамі ў цэлым, а таксама з ураджаем. Невядома, ці ўшаноўвалася яна на тэрыторыі Беларусі. Адзінкавыя прыклады тапанімікі (Мокашава балота, Мокіш) Зміцер Скварчэўскі лічыць недастатковай аргументацыяй[4]. В. В. Іванаў і У. Н. Тапароў лічылі, што Макош была жонкай бога Пяруна, якую той ратаваў ад Змея[5]. Пасля прыходу хрысціянства функцыі Мокашы пераняла святая Параскева Пятніца, якая таксама ахоўвала жанчын, што займаюцца прадзеннем і ткацтвам[6].

Доля (тры Долі)

Багіня Доля не згадваецца ў пісьмовых крыніцах, але сляды яе культа шырока прадстаўлены ў вуснай творчасці, перадусім у замовах. Часта выступае не як адзіная асоба, а ў выглядзе трыяды жаночых персанажаў («тры дзявіцы», «тры панны», «тры Дзевы Марыі»).

  • «На сінім моры дуб зялёны, сядзіць тры дзявіцы. Адна віна варыць, другая ўрок знімая, a трэцяя на сіня мора адпраўляя…».
  • « На моры, на акіяне стаіць дуб, пад тым дубам тры дзявіцы. То ж не дзявіцы — родныя сястрыцы…»
  • «…пайду на сіняе мора. На сустрэчу мне тры родных сястрыцы: першая Мар’я, другая Дар’я, трэцяя Варвара».
  • «…пайду я ў чыстае поле. Там сустрэну тры дзевіцы-красавіцы. Яны ідуць, залатыя замкі нясуць, — сярэбраныя ключы нясуць…»[7].

Як заўважае Зміцер Скварчэўскі, яны аналагічныя такім багіням, як скандынаўскія норны (якія таксама сядзяць пад дрэвам і ткуць — у дадзеным выпадку нітку жыцця кожнага чалавека), грэчаскія мойры, рымскія паркі, літоўскай багіні Даля.

Магчыма, у кожнай з трох Доляў было сваё імя. Імаверныя функцыі багінь: вызначэнне лёсу чалавека, лекаванне ад хваробаў[8].

Маці-Зямля

Персаніфікацыі Сонца, Месяца, Зорак

  • Сонца. У Кіеве ў 980 г. стаяў ідал Дажбога — як мяркуецца, бога Сонца. Але ў Беларусі не знойдзена ніводнай згадкі пра гэтага бога. Таму невядома, якое боства адказвала за Сонца ў беларускіх славян. Балтам жа была характэрна Саўле — сонечная багіня. У беларускіх калядных песнях Сонца — жанчына і з’яўляецца жонкай Месяца, а зоркі — іх дзеці. У казках Сонца — мужчынскі вобраз. У казках «Залатое пяро», «Тром-Сын Бязыменны» герой прыходзіць у палац, дзе жыве само Сонца, і тое адкрывае яму таемныя веды. Там жа высвятляецца, што Сонца кахае марскую дзяўчыну (у розных казках яе завуць Настасея-Прыгажуня, Дзеўка-Паланянка), якая плавае на лодцы па моры.
  • Месяц. У калядных песнях Месяц апісваецца як муж Сонца, «бацька» нябеснай сям’і.
Яснае сонца — то жонка яго,
Ясны месяц — то сам гаспадар,
Што дробныя звёзды — то дзеткі яго,
Што цёмная хмарка — то жыта яго…

[9].

Літоўцам характэрны міф, дзе Месяц (Mėnuo) і Сонца (Saulė) — муж і жонка. Але аднойчы Месяц закахаўся ў ранішнюю зорку (Aušrinė), за што бог Пяркунас пакараў яго: з таго часу Месяц расце і змяньшаецца. У старажытных беларусаў, відаць, быў падобны міф. Яго рэха ёсць у народных песнях:

Ходзіць, паходзіць месяц па небу,
Кліча ж, пакліча зару з сабою:
– Хадзем жа, зара, гдзе ж госпад жыве…

[10].

Гэты міф, магчыма, народжаны рэальнай астранамічнай з’явай: раніцай ці вечарам, калі Сонца або яшчэ не ўзыйшло, або заходзіць, адбываецца збліжэнне на небе Месяца і ранішняй (ці вячэрняй) зары.Месяц мог быць адным з найболей старажытных багоў. У адной замове сказана, нібы ён існаваў у самым пачатку свету: «…як начынаўся свет, было на свеці тры царыкі: первы царык — зялёны дуб у полі, другі царык — белы камень на моры, трэці царык — шырокі месяц на небі»[7].

  • Зара-Зараніца. Згадваецца ў народных замовах, дзе лекуе ад хвароб, ратуе ад злых чараўнікоў: «Зара-зараніца, божжа памашніца, і Прачыстая маці, памажы памагаці…» (пачатак замовы ад зубнога болю)[7]. Магчыма, да прыходу хрысціянства была багіняй.

Спрэчныя багі

  • Ярыла. Гэты персанаж не згадваецца ні ў якіх сярэднявечных крыніцах, але шырока фігуруе ў народных песнях і веснавых святах 18-19 стагоддзяў. У. Тапароў і Вяч. Іванаў лічылі, што гэты персанаж — рэха старажытнага бога вясны, прыроды і ўрадлівасці. З іншага боку ёсць думка, што гэта проста позні фальклорны вобраз. У Беларусі часта змешваўся з вобразам святога Юр’я, які, як і Ярыла, адказваў за вясну, цеплыню, а таксама даглядаў кароў і кіраваў ваўкамі. У народных песнях згадваецца як Юр’я, Юрыла…
Падай, Юрыла, ключы і замкі
Адамкнуці красну вясну,
Красну вясну, цёпла лецейка,
Цёпла лецейка, спела жыцейка!

[11].

  • Спарыш — персанаж, звязаны з добрым ураджаем. Павел Шэйн лічыў яго язычніцкім богам, аналагічным балцкаму Юмісу, аднак Д. Краўчанка з гэтым не згодны. «Спарышам» у Беларусі звалі падвоены каласок ці падвоенае зерне. Нейкі персанаж з імем Спарыш згадваецца ў народных песнях:
Прыспары мне, Спарыш,
І ў доме, і ў полі,
І ў гумне, і ў двары,
І ў клеці, і ў печы,
І ў клеці карабом,
І ў печы шрагом...

[12]

  • Яшчар. Персанаж з гэтым імем згадваецца ў беларускай народнай гульні. Ён сядзіць на залатым крэсле і абірае сабе нявесту.
Сядзі, сядзі Яшчар,
Гэй нам гэй!
У залатым крэсле,
У ляскавым кусце.
Гарэшкі тлушча.
Бяры сабе жонку.
Каторую хочаш...

[13].

Археолаг Барыс Рыбакоў меркаваў, што Яшчар — старажытны язычніцкі бог, а выбар нявесты ў гульні — гэта рэха выбару дзяўчыны дзеля прынясення ў ахвяру дадзенаму богу. Але многія даследчыкі лічаць гіпотэзу слабай. Былі спробы разглядваць персанажа народнай гульні як духа-продка, прашчура.

Кабінетныя багі

Скульптура Жэўжыка, створаная беларускім скульптарам Антонам Шыпіцай паводле ілюстрацый сучаснага беларускага графіка Валерыя Славука.

Кабінетныя боствы — персанажы, якіх, хутчэй за ўсё, ніколі не было ў рэальнай старажытнай міфалогіі. Даследчыкі або выдумалі іх, або памылкова рэканструявалі, няправільна зразумеўшы фальклорныя запісы[14].

  • Жытняя баба — быццам бы багіня ўрадлівасці. Прапанавана П. Шпілеўскім. Няма падстаў меркаваць, што такі персанаж існаваў. «Бабай» у народзе звалі апошні зжаты сноп, які апраналі ў жаночую кашулю і хустку.
  • Жыцень — прапанаваны П. Шпілеўскім як бог восені, ураджаю. Хутчэй за ўсё гэта памылкова зразумелы вобраз палевіка — духа палёў.
  • Жэўжык — прапанаваны П. Шпілеўскім апякун рэк.
  • Талака — гэтак звалася дабраахвотная калектыўная праца сялян. П. Шпілеўскі вырашыў, што гэтае імя насіла багіня.
  • Лазавік — такі персанаж існаваў, але гэта быў дух, што жыў у лазе ля балота. П. Шпілеўскі памылкова апісаў яго як бога.
  • Пасвіст — прапанаваны П. Шпілеўскім бажок. Магчыма, выклікаў дрэннае надвор’е.
  • Дзявоя — прапанаваная П. Шпілеўскім багіня дзявоцтва, апякнука незамужніх дзяўчын.
  • Зюзя — прапанаваны П. Шпілеўскім бог зімы. Барадаты, з булавой, б’ючы якой па пнях выклікаў мароз. Магчыма, існаваў не бог, а дух з падобнымі функцыямі.
  • Жыжаль — прапанаваны П. Шпілеўскім бог агню, які быццам бы жыў пад зямлёю. На самой справе «жыжам» матулі звалі агонь у размове з маленькімі дзецьмі.
  • Паляндра — прапанаваная П. Шпілеўскім багіня смерці.
  • Любмел — прапанаваны П. Шпілеўскім бог шлюбу.
  • Знічка — паводле П. Шпілеўскага, ахоўніца магільнікаў, гаспадыня магільных духаў. Уяўлялася як хударлявая, тонкая бледная дзяўчына.
  • Цёця — прапанаваная П. Шпілеўскім багіня ўраджаю і шлюбу.
  • Лёля — спрэчная багіня веснавога абуджэння і кахання. Сцвярджалася, што ўяўлялі яе прыгожай, высокай і маладой дзяўчынай, апранутай у белую сукенку з вянком палявых кветак на галаве, яна быццам была вельмі шчодрая, кожнай вясною давала дзяўчатам вянкі, якія тыя захоўвалі да наступнай вясны.
  • Бялун — прапанаваны А. Кіркорам вярхоўны бог, стваральнік свету, тоесны Белбогу. Пра слабасць гэтай гіпотэзы піша Максім Знак. Найхутчэй Бялун — змешванне рысаў двух духаў — палевіка і ахоўніка кладаў.
  • Шчадрэц — прапанаваны П. Шпілеўскім бог балявання, бяседы.
  • Лада — быццам бы багіня вясны, шлюбу і кахання. Сёння большасць даследчыкаў сумняецца ў існаванні такой багіні ў славянскіх міфалогіях.
  • Купала — персаніфікацыя свята Купалле; некаторыя даследчыкі лічылі его богам.
  • Каляда — персаніфікацыя свята Каляды.

Стварэнне свету (касмагонія)

Паколькі аб беларускай міфалогіі вельмі мала звестак, міф аб стварэнні свету не захаваўся. Яго фрагменты засталіся ў паданнях, песнях і казках, якія пачалі запісваць усяго 160—100 гадоў назад.

Агульныя індаеўрапейскія матывы ў народных песнях і паданнях

У адным паданні (Віцебшчына) спачатку не было зямлі, паўсюль стаяла «мёртвая вада», а пасярод яе — камень. Пярун пачаў кідаць маланкі па гэтым камні. Адскочылі тры «яскаркі» — жоўтая, белая і чырвоная. Яны трапілі ў першароднае мора. Тое ўскаламуцілася, зямля аддзялілася ад вады, утварылася суша, на якой завялося ўсё жывое, у тым ліку першы чалавек — Бай.

Матыў, калі агонь (ці іскры) падаюць на першародную ваду, і народжваецца зямля, характэрны індаеўрапейскім міфалогіям. У індыйскім міфе Агні (бог агню) пралівае сваю полымя на воды, ад чаго народжваюцца зямля і неба. У іншым міфе Індыі сонечны бог Вішну пралівае на ваду сваё семя; у вадзе народжваецца яйка, з якога вылупляецца бог Брахма. Верхняя палова яйка робіцца небам, ніжняя — зямлёй. У скандынаўскім міфе вогненая іскра сагравае каменную глыбу, і з яе вылупляецца вялікан Імір. Пазней багі забіваюць яго, з цела гіганта яны будуюць зямлю, з крыві — рэкі і мора, з чэрапа — нябесны купал.

Гэты матыў сустракаецца і ў беларускіх калядных песнях.

Ліпка ў чыстым полі стаяла
І свечка гарэла,
Іскра пала і мястэчка стала.

[9].

У адных індаеўрапейскіх міфах зямля і неба адразу народжваюцца ў першародных водах, у іншых там народжваецца персанаж (магутны бог, вялікан, першачалавек), які пазней гіне, і з яго цела ўтвараюцца зямля, рэкі, камні… Старажытным беларусам мог быць уласцівы другі варыянт. Так ці інакш, у песнях захавалася шмат матываў, дзе гіне нейкі персанаж, і ўсё наваколле ўтвараецца з яго цела, крыві, рук, ног, вачэй. У адной баладзе дзяўчына ўтапілася ў рацэ, і яе цела як бы «ператварылася» ў навакольны краявід:

…Ты не еш, брацец, рыбы-бялугі,
Рыба-бялуга – да то цела маѐ.
Не пей, брацец, з мора вады,
А ў моры вада – да то кроў мая.
Ты не еш брацец, ты малініцы,
А малініца – да то губы мае.
Ты не еш брацец, ты смародзіны,
А смародзіна – да то глазы мае.
Не збівай, брацец, зямчужнай расы,
Зямчужная раса – да то слѐзы мае.
Не тапчы брацец, шалковай травы,
Шалкова трава – то каса мая.

[15].

Яшчэ ёсць баладны сюжэт, дзе малады хлопец ператвараецца ў явар (ці ў гару), яго валасы — у траву, пояс — у сцежку, хустка — у рэчку і г.д. Падобны матыў мы бачым:

  • у індыйскім міфе, дзе вялікан Пуруша быў прынесены ў ахвяру; з яго ног атрымалася зямля, з галавы — неба, з вока — сонца[16];
  • у літоўскім паданні, дзе Бог адсек галаву анёлу; з галавы атрымаўся Месяц, з цела — высокі прыгорак, з крыві — рэкі і азёры, з касцей — камні.

Сюжэт «нырэц за зямлёй» ў беларускіх легендах

Апісаныя вышэй матывы характэрныя індаеўрапейскім народам. Матыў «нырэц за зямлёй» характэрны, у прыватнасці, фінавуграм[17].

У Беларусі сустракаюцца паданні, паводле якіх спачатку быў акіян, без сушы. Чорт нырнуў углыб і прынес з дна пяску, каб Бог пабудаваў сушу.

У адным паданні Бог ішоў па вадзе. Бачыць: плыве пузыр. Бог пытае: «Хто ты?». «Бог», — адказвае нехта з пузыра. — «Хто ж тады я?» — «А ты — над багамі Бог». Бог разарваў пузыр, адтуль вылез Чорт. Па загадзе Бога ён нырнуў у першародны акіян і прынес пяску. Бог пабудаваў сушу. Але частку пяску Чорт схаваў за шчаку. Не вытрымаўшы, ён у рэшце рэшт пачаў плявацца тым пяском, утвараючы на маладой сушы горы і балоты[18].

Хрысціянскія імёны з’явіліся ў персанажаў даволі позна. Сам сюжэт язычніцкі. Ён характэрны многім народам Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. У мардоўскім міфе за зямлёй нырае шайтан, а сушу з пяску будуе сонечны бог Чам-паз. У ненцаў гэта птушка люры і бог Нум адпаведна, у мансі — падземны бог Куль-Атыр і нябесны бог Нум-Торум… У міфе індзейцаў сіў (ЗША, Дакота) за пяском нырае андатра, а сушу будуе павук Іктомі. Як лічыць Юрый Бярозкін, «міф пра нырца» узнік у Каменным веку, у Паўднёвай Азіі. І адтуль разам з першабытнымі міграцыямі быў разнесены па Еўразіі і трапіў у Паўночную Амерыку[19].

Асілкі

У міфах многіх індаеўрапейскіх народаў да людзей Зямлю насялялі вяліканы, часты варожыя багам (грэчаскія тытаны, скандынаўскія хрымтурсы, індыйскія асуры). У Беларусі асколкі падобнага міфа захаваліся ў народных паданнях. Яны сцвярджаюць, што раней на зямлі жылі вяліканы («асілкі»), якія ростам былі як дрэвы ў лесе. Яны пракапалі азёры і рэкі, насыпалі горы, раскідалі валуны па зямлі. Лютыя і дзікія, яны крыўдзілі жывёл, валілі дрэвы, кідалі камні ў неба, за што і былі знішчаны.

М. Федароўскі прыводзіць паданне, быццам нейкі час па зямлі хадзіў апошні асілак. Вялікан быў стары і сляпы, і таму насіў на плячах простага чалавека: той казаў яму, куды ісці. Але аднойчы асілак зачапіўся за прыгорак, упаў і разбіўся на кавалкі.

Паводле аднаго з паданняў, цяпершанія людзі былі б тым асілкам ростам па калена. А пазней будуць жыць зусім дробныя людзі, якія будуць ужо па калена цяперашнім[20].

Стварэнне людзей

Кветка Мар’яннік, таксама вядомая ў народзе як «браткі», «брат-сястрыца».

Язычніцкі міф пра стварэнне чалавека не захаваўся, але захаваліся яго магчымыя сляды ў фальклоры.

У беларускіх баладах і купальскіх песнях папулярны сюжэт: дзяўчына і хлопец закахаліся і ажаніліся; а потым, зразумеўшы, што яны — родныя сястра і брат, вырашаюць з гора ператварыцца ў кветку мар’яннік. З брата атрымаліся жоўтыя пялёсткі, з сястры — сінія.

Пойдзем, братка, гарою,
Рассеемся травою.
На браточку — сіні цвет,
На сястрыцы жоўценькі.
Будуць дзеці цвяты рваць,
Будуць нас успамінаць…

[21]

У гэтых песнях можа быць схаваны старажытны міфалагічны сюжэт. Брат («жоўты цвет») можа сімвалізаваць агонь і жыццё, а сястра («сіні цвет») — ваду і смерць[22].

Магчыма, гэты сюжэт — рэшта старажытнага індаеўрапейскага міфа. Яго рэха захавалася, напрыклад, у іранскім міфе. Бог Ахура Мазда стварыў першага чалавека, якога звалі Гаямард. Калі ён памёр, на тым месцы вырасла расліна рэвень. Праз 40 гадоў рэвень раздзяліўся, і з яго ўватыраліся два блізняты: брат Маш’я і сястра Маш’яна. У 15 гадоў яны ажаніліся, і ад іх дзяцей пайшоў увесь род чалавечы[23].

Сустракаюцца іншыя паданні, дзе Бог лепіць чалавека з гліны. У адным з іх Адам і Ева былі злеплены і пакладзены сушыцца. А каб да іх не дабраўся Чорт, Бог паставіў стварыў сабаку. Сабака ў той час быў зусім голы, без поўсці. Хітры Чорт напусціў холад, каб сабака задрыжэў, а потым пакрыў яго футрам. Сабака падабрэў і пусціў Чорта да людзей, які іх адразу апаганіў. З таго часу людзі грэшныя.

Падобныя паданні сустракаюцца ў большасці славянскіх народаў. Як мяркуе Ю. Е. Бярозкін, у гэтым міфе хрысціянскія толькі імёны, а сюжэт узыходзіць да старажытнага індаеўрапейскага міфа, які ўзнік яшчэ ў Бронзавым Веку. Выглядаў ён меркавана так. Спачатку нябесны бог зляпіў людзей з гліны і паклаў сушыцца. Але конь разбіў гліняныя фігуркі, разумеючы, што аднойчы людзі запрагуць яго ў воз. Тады нябесны бог зляпіў людзей нанова і гэтым разам паставіў вартаваць сабаку[24].

Уладкаванне свету (касмалогія)

Як старажытныя народы Беларусі апісвалі сусвет, невядома. Рэшткі міфічнай касмалогіі захаваліся ў позніх павер’ях, паданнях, песнях, казках і замовах. Яны малююць наступную карціну.

  • Зямля плоская і стаіць на рыбе, якая плавае ў сусветным акіяне. У некаторых павер’ях зямлю трымаюць два, тры ці чатыры кіты. Калі яны паварушацца, зямля патоне ці згарыць у агні, бо ў сярэдзіне яе зіхаціць полымя[25].
  • У цэнтры плоскай зямлі стаіць чароўная гара.
  • На гары расце Сусветнае дрэва. З-пад каранёў яго выцякаюць магічныя рэкі, а ў галінах жывуць чароўныя птушкі.
  • Усяго існуе сем нябёс, мы бачым толькі ніжняе. На верхнім жыве Бог[25].
  • Вясёлка высмоктвае ваду з зямлі і дастаўляе на неба, адкуль тая зноў праліваецца дожджом. Вясёлка можа зацягнуць у сябе чалавека, які блізка да яе падбярэцца. Таму, пабачыўшы вясёлку, сяляне часта заганялі ў хату дзяцей[25].
  • Вецер — вялізны тоўсты чалавек з гусінай дзюбай замест ірта, з якой ён моцна дзьмухае[26].
  • Пад зямлёй таксама жывуць людзі, але слабыя і кволыя, бо там няма сонца. Яшчэ там шмат рэк і азёр, вада якіх магла б затапіць зямлю[25].

Сусветная гара

Сусветная гара знаходзіцца ў цэнтры плоскай Зямлі; яе вяршыню насяляюць багі, духі, звышнатуральныя істоты. Падобныя вобразы ёсць у многіх індаеўрапейскіх міфалогіях (гара Алімп у грэкаў, гара Меру у індыйцаў і інш). Якой сусветная гара паўставала ў беларускай язычніцкай міфалогіі, невядома. Але пазнейшыя замовы, казкі, песні надзяляюць яе рознымі рысамі:

  • У казках і замовах яна завецца па-рознаму: Вогненая, Кіпучая, Багарнейская, Крышталёвая, Сіяньская, Падвоблачная, Залатая…
  • З яе вяршыні сцякаюць рэкі. У калядных песнях Бог (або салавей, сокал) раняе слязу на вяршыню гары, і ад яе цячэ рака.
  • У казках з гары сцякаюць чароўныя крыніцы жывучай і гаючай вады. Ад першай мёртвы ажывае, ад другой зарастаюць любыя раны. У замовах з-пад гары цякуць магічныя рэкі (малочная, крывяная і вадзяная) або лекавыя крыніцы («…стаіць гара высокая, там растуць дубы вячыстыя… там бяжыць вада цудоўная.»).
  • Простаму смяротнаму не пад сілу дабрацца да чароўнай гары. У казках па жывую ваду пасылаюць крумкача ці воўка.
  • Гару часта атачае вогненая рака («Ехаў Cyc Хрыстос з Сіяньскія гары на сівом кані, чараз агнянную раку…»[7])
  • На вяршыні гары стаіць прастол ці багаты ложак, на якім сядзіць то арханёл Міхаіл, то Хрыстос, то Дзева Марыя, то святы Юр’я. Магчыма, у язычніцкай міфалогіі вяршыня гары было жытлом багоў. У адной замове «жыхар» вяршыні мае таямнічыя, не хрысціянскія рысы: на Сіяньскай гары стаіць хатка, у якой жыве «дзедзька-лябедзька» імем Аўдзейка, з жалезнай пугай; ён лекуе хваробы. У іншай замове на гары жыве маленькі старэнькі дзядок. Гэта пераклікаецца з міфамі грэкаў, дзе багі жылі на гары Алімп.
  • У некаторых паданнях Пекла з грэшнікамі знаходзіцца ўнутры гары. Магчыма, менавіта ў гары месцілася язычніцкая краіна мёртвых.
  • У калядных песнях на вяршыні гары жывуць Сонца, Месяц і зоркі.
Залата гара,
А на той гарэ
Церамок стаіць,
А ў тым церамку
Тры ваконечкі.
Адно ваконца —
Яснае сонца,
Другое ваконца —
Дробныя звёзды,
Трэцяе ваконца —
Ясны месяц.

[27].

Сусветнае дрэва

Сусветнае дрэва, імаверна, знаходзіцца на вяршыні сусветнай гары. У казках яно фігуруе як дуб, у замовах — як «явар зялёны», «дуб-старадуб», «іва зялёная», «ліпа Матруна», «ліпавы куст», «вярба» ці ўвогуле «два дубочкі», «дванаццаць дубоў».

У розных замовах згадваюцца розныя рысы і дэталі, звязаныя з сусветным дрэвам:

  • У дуба то сем, то дванаццаць вялізных галін («какатоў»). Часам ён увогуле без карэння, без галля ці карэннем уверх, галінамі ўніз.
  • Ля дуба жывуць «тры дзявіцы», якія шыюць, ткуць, прадуць і лекуюць розныя хваробы. У іншых замовах замест іх — «баба без зуба», «старая бабка», якая забірае хваробы. У адной замове з явара выходзяць «сем дзевак».
  • Ля дрэва стаіць прастол, а на ім сядзіць Гасподзь Бог (або Іісус Хрыстос).
  • На дрэве жыве «сізы арол» з залатой дзюбай, срэбранымі кіпцюрамі. Дзюбай ён вымае з цела людзей хваробы і нясе ў дальнія горы, у балоты…
  • У галінах жыве арол (ці сарокі, вароны, крумкачы) без крылаў, без ног, без пер’я.
  • Некаторыя замовы просяць святога Абрама і святога Адама узяць у чалавека хваробу і занесці «у сухі дуб», «дзе вецер не вее, дзе сонца не грэе».
  • На галінах сядзіць шмат птушак, галоўная з іх — крумкач з меднымі крыламі, жалезнымі кіпцюрамі, стальной дзюбай.
  • Ля дуба стаіць прыгожы багаты ложак, на ім ляжыць «магучы багатыр сівы воўк», уладар над усімі ваўкамі.
  • Пад камнем ля дуба жыве Змяя-Шкурапея, над усімі змеямі гаспадыня. У адной замове на вярбе стаіць ложак, у тым ложку — «красная дзявіца Васіліса», якую слухаюцца ўсе змеі.

Сусветнае дрэва сустракаецца ў многіх міфалогіях. Скандынавы верылі ў ясень Ігдрасіль, у галінах якога знаходзяцца Сонца, Месяц і зоркі, а карані сыходзяць у падземную краіну мёртвых. Падобныя дрэвы характэрны традыцыям многіх шаманскіх народаў. Сусветнае дрэва — касмічная вось, якая пранізвае і злучае 3 ярусы: неба, свет людзей і падзямелле. Магчыма, героі старажытных беларускіх міфаў узбіраліся па ім на неба, да багоў. Блізкія матывы захаваліся ў шаманізме сібірскіх народаў. У беларускай казцы дзед узбіраецца на неба па гарохавым дрэве, якое вырасла да самых аблокаў. Ён знаходзіць там хатку, якая ўся зроблена з ежы: печ з творагу, сцены блінамі абклеены і г.д. У хаце жывуць тры казы: аднавокая, двухвокая і трохвокая. Часам на вяршыні сусветнага дрэва героя чакае магутны вораг. У беларускай казцы «Таратурка» герой узлазіць на вялізную сасну, на якой жыве «дзядок з нагаток — барада з лакаток», які забівае людзей з «пушкі-пасвістушкі».

Вырай

Вырай — чароўная краіна на поўдні, ля самага сонца. Там вечны дзень і вечнае лета. У Вырай адлятаюць птушкі на зіму. Дарогу туды ім паказвае Млечны Шлях, які беларусы ў даўніну звалі «Гусіная Дарога». Яшчэ ў Вырай адлятаюць душы памерлых людзей.

Духі, дэманы, пачвары

Духі лесу

Лясун, дух лесу, ва ўяўленні беларускага мастака Рамана Плавінскага.
  • Лясун — старац з бледным тварам. Кіруе ваўкамі, нібы пастух[28]. З завостранай галавой, «як усе нячысцікі», часта з адным вокам.
  • Пушчавік — найболей злосны лясны дух. Вялікан, вышэйшы за дрэвы ў лесе[29].
  • Гаёвы Дзед (Гаюн) — гаспадар гаёў. Галава чалавечая, а цела — мядзвежае, пакрытае поўсцю. Строгі, назірае за лесам[30].
  • Гаёўкі — прыгожыя дзяўчыны, але на зіму ўсё іх цела, акрамя галавы, зарастае звярынай поўсцю. Добрыя істоты, іх любіць усё жывое[31].
  • Зазоўка — прыгожая дзяўчына, не носіць адзення, заманьвае людзей у лясны гушчар[32].
  • Вужалкі — дочкі Вужынага Цара. Дзяўчыны са змяінымі хвастамі замест ног. Іх заўсёды ахоўвала шмат змей — слуг Вужынага Цара[33].

Духі балота

  • Балотнік — тоўсты, без вачэй, брудны. Заманьвае да сябе людзей. У адрозненні ад іншых дэманаў, нават не баіцца маланак[34].
  • Багнік — жыве ў багнах, ніколі не выходзіць на паверхню. Яшчэ бруднейшы, чым Балотнік. Баіцца асушэння балот, або калі гараць тарфянікі[35].
  • Аржавень — тоўсты, брудна-руды, з тонкімі нагамі. Жыве ў балотах з іржавымі плямамі з-за растворанай у вадзе жалезнай руды[36].
  • Лознік (Лазавік) — маленькі дзядок з адным вокам на ілбе, пасярэдзіне. Жыве ў хатцы ў лазе ля балот. Калі чалавек тоне ў балоце, то ратуецца, хапаючыся за лазу. Лічыцца, што гэта яму дапамог Лознік[37].

Духі рэк, азёр

Казімір Альхімовіч. Свіцязянка, 1898—1900
  • Вадзяніцы (русалкі) — прыгожыя дзяўчыны, якія жылі ў рэказ і азёрах, заманьвалі туды людзей і тапілі. На Русальны тыдзень выходзілі з вады, сяліліся ў палях, сярод жыта. Лічылася, нібы зямля, дзе русалкі бегалі, набывае вялікую ўрадлівасць, дае добрыя ўраджаі (што звязвае іх з культам старажытных багінь урадлівасці). У канцы Русальнага тыдня трэба было правесці русалак назад у рэкі і азёры, выгнаць з палёў. Людзі ішлі працэсіяй і спявалі адмысловыя песні.
Правяду русалачку да бору,
А сама вярнуся дадому,
Штоб русалачка па жыту не хадзіла
Да нашага жыцечка не ламіла…

[38]

  • Вадзянік — уладар рэк і азёр. Выглядаў то як стары дзед з доўгай барадой, то як гарбаты дзед з нагамі каровы і хвастом[39].
  • Азярніцы — жывуць у возеры Чорнае, ля в. Брусы. Жанчыны з цёмнай скурай і зялёнымі валасамі. Замест крыві ў іх вада. Зацягвалі людзей у возера.
  • Баламуцень — вадзяны дух. Галава як жбан, вялізны жывот, тонкія рукі і ногі. Любіць жанчын, крадзе іх і забірае да сябе ў ваду.

Духі хаты, поля, урадлівасці

  • Хатнік — увасабленне памерлых продкаў.
  • Хлеўнік — дух, які жыве ў хляве. Даглядае коней і кароў (лашчыць, чысціць, корміць). Калі жывёла яму не падабаецца, можа крыўдзіць яе, выдзіраць валасы, кудлаціць грыву. Любіць кароў і коней, менш — авечак і зусім не церпіць свіняў і коз[40].
  • Пуннік — жыве ў пуні (будынку, дзе захоўвалі сена). Маленькі чалавечак, калматы, больш падобны на бярэмак сена. Пужае дзяцей[41].
  • Хут — дух; атрымаўся з душы маленькага дзіцяці, якога калісьці забіла маці. Вясёлы, любіць шкодзіць. На Купалле, на вяселле, на Троіцу яму ставілі яечню, кажучы: «Хут, хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку!». Калі яго карміць, Хут будзе прыносіць шчасце і дабрабыт, цягаць у дом грошы са схаваных кладаў[42].
  • Сёрбай
  • Ёўнік — дух, жыве ў ёўні, у печы ці на печы. Увесь чорны ад дыму, з пылаючымі, нібы вуголлі, вачыма. Даглядае печ, але, раззлаваўшыся, можа спаліць хату[43].
  • Раёк (Рай) — відаць, прыносіў багацце, дабрабыт. Згадваецца ў песнях («Ішоў Раёк, // Ішоў у наш дварок…»). У абрадах і песнях людзі запрашалі яго ў свой двор[44].
  • Пячурнік
  • Лазнік

Духі хваробы, смерці, бедстваў

  • Белая Баба — смерць. Маладая жанчына ў белым адзенні. Адкідвае вэлюм, паказваючы свой мёртвы твар з заплюшчанымі вачыма, што прадказвае чалавеку хуткую смерць[45].
  • Чорная Баба — увасабленне смерці. «Мятла» (магчыма, віхор) з’яўляецца ў небе і ператвараецца ў Чорную Бабу. Калі яна намалюе крыжык на дзвярах — у той хаце ўсе памруць.
  • Кадук
  • Мара — паводле розных павер’яў, то страшная жанчына, то злы калматы карлік, які душыць людзей у сне. Калі прачнуцца — Мара знікне.
  • Начніцы — жанчыны, якія пужалі дзяцей і давалі ім выпіць малака са сваіх грудзей (але то было не малако, а атрута). Ноччу лазалі па дрэвах і высмоктвалі птушыныя яйкі[46].
  • Апівень — маленькі нячысцік, хаваецца на застоллях і прымушае людзей выпіць паболей. Убачыць яго можна толькі ў добрым падпітку.
  • Паморак — меў выгляд то старой бабы, то калматага дзеда з адным вокам, то маладой жанчыны, то сабакі ці ката. Прасіў селяніна правезці яго на возе да вёскі ці пераправіць праз раку. А калі сяліўся ў вёсцы, там пачыналі паміраць людзі і жывёлы.
  • Змора
  • Падвей — чароўны віхор (вецер), які можа скруціць чалавеку галаву, руку ці нагу. Звычайны падвей выклікалі чараўнікі[47].
  • Касны

Духі, небяспечныя для дзяцей

  • Жалезная баба — жанчына нізенькага росту, з вялізнымі жалезнымі грудзямі. Дзяцей, якія ходзяць у поле, хапае жалезным круком і таўчэ ў жалезнай ступе.
  • Жалезны чалавек — жалезны асілак, жыве ў лесе ці на балоце, ахоўвае свае ўладанні.
  • Хапун — дзядок, які лётаў і краў дзяцей. Ніхто не мог ўцячы, ніхто не ведаў дарогі да Хапунова жытла. А калі скрадзеныя дзеці вырасталі, яны самі рабіліся хапунамі, у іх вырастала барада па калена.
  • Стрыга — высокая страшная жанчына. Крадзе чужое дзіця а замест яго пакідае маленькага плаксівага нячысціка.
  • Цыгра

«Каралі» жывёл

  • Змяя-Шурапея — уладарка ўсіх змей. Калі кагосьці кусала змяя, яе прасілі ў замовах вылекаваць хворага. Паводле замоў, жыла ля Сусветнага дрэва, у цэнтры свету.
  • Вужыны Цар (Вужыны Кароль) — вялізная змяя з залатой каронай. Восенню вядзе ўсіх вужоў у змяіны Вырай.
  • Варгін
  • Рыбін Цар — уладар усіх рыб, які пераганяе касякі з аднаго возера ў другое. Ніхто яго не бачыў і не ведае, як ён выглядае.

Нячысцікі

  • Пякельнікі — чэрці, маюць выгляд напалову казіны, напалову сабачы. Палілі грэшнікаў у Пекле гарачай смалой і серай, якая лілася з іх ноздраў. Камні, якія яны глыталі, адразу расплаўляліся.
  • Хіхітун хаваецца ў чалавека за спіной. Калі з ім павінна здарыцца бяда, хіхітут тоненька смяецца: «Хі-хі, хі-хі…». Калі ў гэты момант рэзка абярнуцца, яго можна ўбачыць.
  • Шэшачкі — маленькія гарэзлівыя чорцікі, не злыя, але часта робяць дробную шкоду.
  • Прахі
  • Паветрыкі — нячысцікі, якія лётаюць роем і дзеля забавы забіваюць людзей або жывёл. Паводле розных аповедаў, жывуць ці то ў паветранай вышыні, ці то ў багнах, ці то ў балотах[48].
  • Кладнік
  • Шатаны — хмурыя, гультаяватыя чэрці. Рэдка шкодзяць, любяць адзіноту, бесталкова швэндаюцца па свеце[49].

Ведзьмы і чараўнікі

Ведзьмы, чараўніцы

Ведзьма ва ўяўленні беларускага мастака Рамана Плавінскага.
Чараўнік ва ўяўленні беларускага мастака Рамана Плавінскага.

Лічылася, што жаночая магія слабейшая за мужчынскую.

  • Ведзьмы выглядалі або як вельмі прыгожыя дзяўчыны, або як жудасныя старыя бабы, з лішнім радам зубоў, з лішнімі пальцамі на руках ці нават з хвастом. Некаторыя ведзьмы захоўвалі вечную маладосць з дапамогай адвару з сэрца лісы і печані коткі.
  • Ведзьма магла ператварыцца ў жабу (каб высмоктваць малако ў чужых кароў), у чорную котку, ласку, кабылу ці ў вогненае кола (якое само кацілася па зямлі).
  • Магла ператварыць іншага чалавека ў воўка, крумкача, сабаку, вераб’я.
  • Магла лётаць па небена лаўцы, на веніку або на казле, на ваўку, на мядзведзі. Ведзьмы з ваколіц Мсціслава ператвараліся ў крылатых жывёл і ляцелі на Лысую гару, што знаходзіцца паблізу.
  • У Рэчыцы верылі: засуху наганяюць ведзьмы. Яны зачыняюць дождж у гаршках і не пушчаюць яго да людзей [50].
  • На Купалле ведзьмы ўвогуле рабіліся асабліва магутнымі: знішчалі ўраджаі, псавалі кароў. Таму ў купальскім агні часта спальвалі саламяную фігуру ў выглядзе «ведзьмы», каб пазбавіць сапраўдных ведзьмаў магічнай сілы. Гэта адлюстравана ў купальскіх песнях.
Кладзіце агні вялікія,
Божа наш!
Паліце ведзьму лятучую,
Каб яна па полі не лятала,
Каб яна заломаў не ламала,
Каб яна па хлявах не хадзіла...

[51]

Чараўнікі, калдуны

Чараўнікі і калдуны, у адрозненні ад ведзьмаў, кіравалі сіламі прыроды: выклікалі ваўкоў, змей, пчол, разганялі хмары, насылалі град. Паводле легенды, чарадзей Рымар, калі яго дзеці патапіліся ў возеры, з гора накрыў крыніцу патэльняй, а сам ператварыўся ў валун, які яе прыдавіў. Крыніца перасохла, а разам з ёю і возера.

Як паведамляе фалькларыст А. Шлюбскі, чараўнікі звычайна высокія, маўклівыя людзі, фізічна дужыя, з вялікай сям’ёй, паважаныя ў народзе [52].

Ваўкалакі

Іншыя міфічныя вобразы

Зачараваныя князёўны

Дзяўчыны, часта каралеўскага, княжацкага ці панскага роду, чый палац быў паглынуты зямлёю ці затоплены возерам шмат стагоддзяў назад. Сама яна з таго часу блукае па месцы трагедыі, нібы прывіды.

Папараць-кветка

Папараць-кветка на памятнай манеце Нацыянальнага банка Беларусі

Чароўная кветка, якая быццам бы з’яўляецца на папараці ў Купальскую ноч. Хто знойдзе яе, пачне разумець мову жывёл і раслін, бачыць у зямлі схаваныя клады. Папараць-кветку ахоўвала нячыстая сіла[53].

Цмок

Цмок на памятнай манеце «Пакацігарошак» Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Цмок (смок) — вялізны змей, часта шматгаловы.

  • У народных баладах і некаторых казках («Медзяны воўк») людзі плоцяць цмоку «даніну» — аддаюць дзяўчын, якіх той з’ядае. У баладах цмока забівае святы Юр’я. У казцы «Медзяны воўк» «смок» частуе хлопца Іваньку вадой, якая змяньшае сілу, а сам збіраецца піць тую, якая сілу павялічвае. Але дзяўчына, якую «смок» думае з’есці, мяняе бочкі месцамі. І ў выніку памацнелы Іванька збівае аслабеламу «смоку» ўсе 12 галоў.
  • У іншай групе казак цмок (ці «смок») жыве за вогненай ракой, праз якую пераязджае па мосце. Герой пачаргова перамагае трох цмокаў, у якіх па 6, 9 і 12 галоў.
  • Паводле фалькларыста М. Федароўскага, цмок — найстарэйшы звер у свеце. Жыве ці то ў лесе, ці то ў небе на аблоках. Кіпцюры ў яго нібы сярпы, і ён можа каго заўгодна пасекчы імі, як мячом[54].
  • Часта цмок апісваецца як маленькая шкодная змяя. У Рэчыцкім раёне верылі, што цмок — «вужака», які прабіраецца ноччу да каровы ў хлеў і п’е яе малако. Трэба злавіць цмока ноччу і пасекчы лапатай, як звычайную змяю.
  • Яшчэ верылі, нібы, калі знайсці яйка, якое знёс чорны певень, і вынасіць яго пад пахай, з яйка вылупіцца цмок. Ён будзе шукаць клады і насіць золата свайму гаспадару.

Багатыркі, асілкі

Скарбы і іх ахоўнікі

Культ жывёл і раслін

Птушкі

  • Бусел. Калі побач жыве бусел, то ў хаце будуць багацце, радасць і шчасце. Паводле паданняў, бусел — былы чалавек, таму ў яго ёсць хрысціянская душа. Аднойчы Бог сабраў у мех усіх жаб, змей і іншую брыдоту і загадаў чалавеку утапіць іх у рацэ. Але чалавек не вытрымаў і развязаў мех. Гады распаўзліся па зямлі. За тое Бог ператварыў чалавека ў бусла: будзеш птушкай, пакуль усіх змей ды жаб зноў не паловіш. Бусел звязаны і са смерцю, з краінай мёртвых. У казках ён адносіць чалавека-калеку да мора (па сутнасці, у зону мёртвых); вада таго мора лечыць любыя раны, але чалавеку вельмі цяжка вярнуцца адтуль назад.
  • Лебедзь у міфалогіі і фальклоры — сімвал прыгажосці, хараства, але разам з тым жалобы, трагедыі, смерці.
  • Певень — светлая птушка, увасабленне жыцця, сонца, шчасця і дабрабыту.
  • Ластаўка — як і бусел, «святая», «чыстая» птушка. У народзе лічылі, быццам ластаўкі не адлятаюць на зіму ў Вырай, а зімуюць у мёрзлай вадзе, а вясною зноў адтайваюць.
  • Зязюля. Лічылі, нібы зязюля ў дзень Пятра (12 ліпеня) ператвараецца ў каршуна. У народзе казалі: «Да Пятра куе, а пасля Пятра курэй дзярэ».
Жаўрук палявы
  • Жаўрук (жаўранак). Лічылася, што ён прылятае з Вырая першым, што ён прыносіць вясну. У адной з песень ён кажа, што прагоніць зіму:
— А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,
А я тыя марозы нагамі растапчу».

[55]

Звяры

  • Воўк звязаны замагіллем. У казках ён можа бегаць туды, куды зачынены ход смяротным — напрыклад, на край свету, дзе цячэ крыніца жывой вады. У чарадзейных казках воўк — хітры і мудры, у казках пра жывёл — дурны: яго падманваюць то ліса, то вол. У народзе воўка часта звалі «люты». У яго гонар месяц люты атрымаў сваю назву[крыніца?].
  • Заяц
  • Каза — сімвал багацця і добрага ўраджаю. Таму на Каляды нехта апранаўся казой і танцаваў. Паводле каляднай песні,
Дзе каза ходзіць — там жыта родзіць.
Дзе каза нагой — там жыта капой.
Дзе каза хвастом — там жыта кустом.

[56]

Але ў казках каза ці казёл — часта злы і хітры персанаж. У казцы «Козы» казёл-барада адбірае ў лісы яе хату, усіх пужае і нікога не пушчае. Урэшце пеўнік праганяе казла жалезнай касой.

Насякомыя, паўзуны і іншыя

  • Пчала. Паводле падання, пчолы ўтварыліся са слёз дзяўчыны, якая плакала, седзячы на камні сярод сіняга мора. Пчала лічыцца свяшчэннай, «божай» істотай. У казцы «Каваль» пчолка прыводзіць героя на чароўную гару, з вяршыні якой л’ецца жывая вада. У народных песнях яе заклікалі ўзяць залатыя ключы і адамкнуць лета, каб яно прыйшло на зямлю.
Ты пчолка ярая,
Ты вылецець за мора…
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя…
Адамкні лецейка,
Лета цёплае…

[11]

  • Вуж. У некаторых павер’ях вужы — добрыя істоты, яны быццам прыносяць поспех і багацце.
  • Жаба. Лічылася, нібы «жабін яд» мацнейшы за змяіны, але жабы ніколі не кусаюць чалавека. А калі якая ўкусіць, то іншыя жабы яе разарвуць. Яшчэ лічылася, што ў жаб ператвараюцца ведзьмы.

Дрэвы

Дрэвы ў беларускай культуры дзяліліся на «жаночыя» (ліпа, бяроза, каліна, вярба) і «мужчынскія» (дуб, явар), а таксама на «нячыстыя», звязаныя са злымі духамі і няшчасцямі (альха, вярба, елка) і «чыстыя», якія прыносілі здароўе, шчасце (сасна).

  • Дуб. Свяшчэннае дрэва, звязанае з богам Пярунам. Многія дубы ў Беларусі лічыліся святымі (ці магічнымі) і мелі імёны: Асілак, Святы дуб, Добра дуб, Стары дуб, Перкуноў дуб, Вітаўтаў дуб[57].
  • Елка (яліна) — нячыстае, негатыўнае дрэва, якое расце ў сырых, цёмных мясцінах[58].
  • Хвоя (сасна) — шчаслівае, святое дрэва. Згадваецца ў замовах: «Стаіць у бару сасна, усяму бору прыкрасна. Пад тою сасной залаты тын, пад тым тынам залатое крэсла. А ў тым крэслі сам Гасподзь Сус Хрыстос сядзіць…»[59].
  • Явар. Згадваецца ў народных замовах як магічнае дрэва. У баладах хлопец-герой, якога пракляла маці, ператвараецца ў явар. У легендах і казках явар вырастае на магіле забітага героя. У казцы «Блізняткі» злая ведзьма забіла двух маленькіх хлопчыкаў. Але на іх магілах выраслі два явары. Ведзьма зрубіла і спаліла іх. Але авечка злізала попел і нарадзіла двух хлопчыкаў — тых самых блізнят[60].
  • Яблыня. Фігуруе ў замовах як магічнае дрэва. У казках на яблынях растуць чароўныя залатыя яблыкі, што лечаць хваробы, вяртаюць маладосць[61].
  • Арэх (ляшчына) — святое дрэва, у якое, паводле павер’яў, ніколі не б’е маланка. Беларусы лічылі, быццам арэх таксама цвіце, але ніхто не бачыў яго кветак, бо з’яўляюцца яны толькі ноччу ў Чысты Чацвер. Хто сарве такую кветку — знойдзе клад.

Кветкі, травы

Кветка Першацвет веснавы
  • Першацвет веснавы. Кветка, вядомая ў народзе яшчэ як «залатыя ключыкі». У юраўскіх песнях сустракаліся такімі заклікі:
Юр’я, вазьмі ключыкі,
Юр’я, ідзі ў поле,
Юр’я, адамкі зямліцу,
Юр’я, выпусці расіцу…

[11]

Кветка першацвет як раз і лічылася тымі «залатымі ключыкамі», якімі святы Юр’я (хрысціянскі заменнік бога Ярылы) «адмыкае» зямлю, каб прыйшла вясна. Відаць, павер’е ўзнікла з-за таго, што першацвет вясною цвіце раней за іншыя кветкі.

Чароўныя горы, крыніцы, камні

Лысыя горы

Свая Лысая гара ёсць амаль у кожнай акрузе Беларусі[62]. Акрамя іх ёсць назвы Лысуха, Лыска, Лыскагор.

  • Паводле павер’яў, ведзьмы і ведзьмары збіраюцца ноччу на Лысай гары ў Старым Капылі на «шабаш» — вядзьмарскі пір.
  • У Петрыкаве верылі, нібы ведзьмы ладзяць шабаш на Купалле на Лысай гары ля Прыпяці.
  • У наваколлі Мсціслава сяляне лічылі, што ведзьмы робяцца крылатымі пачварамі і ляцяць на Лысую гару ля вёскі Кокатава (за 14 вёрст ад Мсціслава)
  • У Мінскім раёне ёсць гара без назвы, але імя «Лысая Гара» носіць бліжняя вёска. Калісьці даўно на гары рос ясень. Побач з ім гулялі хлопец Янка і яго дзяўчына Марыйка. Раптам з галін высунулася белая рука: «Ідзі, ідзі, Марыйка, да нас у карагод». І сілай паднялі дзяўчыну на дрэва. Тады раззлаваны Янка адным рыўком сцягнуў уніз цэлую зграю ведзьмаў і ведзьмароў.
  • На некаторых Лысых гарах у купальскую ноч танцуюць вакол агня не ведзьмы, а чэрці (прычым ляцяць туды на качэргах, лапатах, веніках ці ступах).
  • Унутры некаторых гор быццам былі схаваны заклятыя клады, залатыя карэты, на некаторых нібы калісьці стаяў храм, які аднойчы праваліўся пад зямлю.

Дзявочыя і Бабіны горы

У Беларусі шмат узгоркаў з назвамі Дзявочая гара, Дзявіч-гара, Дзеўчына-гара, Паненская гара, Бабіна гара, Баб’я горка… З імі часта звязаны паданні.

  • У Дзявочай гары (ля в. Дуброва, Маладзечанскі раён) жыўцом закапалі дзяўчыну, па віне якой забілі адзін аднаго два хлопцы. Абодвух пахавалі побач. На магіле дзяўчыны вырасла бярозка, на магілах хлопцаў дубы.
  • Дзеўчына гара ля в. Малыя Гарадзяцічы (Любанскі раён). Казалі, нібы аднойчы ў вёску прыйшлі старцы, а разам з імі падарожнічала невядомая дзяўчына. Раптам яна памерла, і яе пахавалі на гары. Яшчэ, паводле ўспамінаў сялян, раней на вяршыні гары пакідалі кавалкі хлеба.
  • Паненская гара на ўскраіне Лагойска. Паданне кажа, нібы магутны князь загадаў дзяўчыне выйсці за яго замуж. Калі яна адмовілася, яе скінулі з гары, якую з таго часу і сталі зваць Паненскай.

Крыніцы

Крыніца Сіні Калодзеж

Многія крыніцы лічыліся ў народзе лекавымі. Большасць з іх імела ў народзе свае назвы: Святая, Царкавішча, Тройцына, Кіпяток, Дзявічы Калодзеж, Равучы калодзеж, Мядзвежая крыніца, Студзянец, Княжы Калодзеж, Езус[62]. Яшчэ крыніца — як бы «дзверы» у іншасвет, у замагілле: у казцы «Аб ведзьме, якая сына жаніла» чэрці вылазяць з крыніцы. Многія крыніцы звязаны з жаночымі персанажамі.

  • Крыніца Сіні Калодзеж, паводле падання, утварылася так. Жыла дзяўчына Кацярына, і за яе паспрачаліся два хлопцы: Сцяпан і Марка. Марка выйграў спрэчку: кінуў вялізны камень далей, чым Сцяпан. Але Кацярына, якая ненавідзела Марка, ударылася аб зямлю і ператварылася ў крыніцу[63][64].
  • Паводле іншага падання пра Сіні Калодзеж, аднойчы ляснік Шэпіт пабачыў ля крыніцы русалку. Ён захацеў схаваць яе адзенне, а саму яе схапіць. Але русалка сказала: «А, Шэпіт, будзе ў твой род патопа». І знікла. А менш чым праз год дачка лясніка ўтапілася ў рацэ Сож.
  • Яшчэ ў адным паданні дачка князя закахалася ў хлопца з вёскі. Князь зрабіў так, каб хлопец знік без следу: ніхто яго больш не бачыў. Тады дзяўчына сышла з палаца і знікла, а праз час у ваколіцах знайшлі чароўную крыніцу, якая лекавала хваробы.
  • Крыніца ля в. Санюкі (Ельскі раён) утварылася са слёз дзяўчыны, якая заблукала ў лесе.

Некаторая крыніцы вядомыя як Пятнічныя, што адсылае да імя святой Параскевы Пятніцы, а праз яе — да язычніцкай багіні Мокашы.

Валуны

Культ свяшчэнных валуноў з’явіўся яшчэ ў Каменным Веку і дайшоў да нашых дзён. Усяго ў Беларусі каля 300 сакральных валуноў[65].

Чортаў камень. Паводле легенды, калі чалавек прыносіў да яго манету (пятак), то чорт, які жыў пад камнем, за адну ноч шыў чалавеку адзенне[66].
  • Камні-краўцы. У даўніну быццам бы маглі шыць адзенне: чалавек клаў на яго манету, а раніцай забіраў гатовую вопратку. Часам адзенне шыў змей (цмок) ці чорт, які жыў унутры камня. Але аднойчы да такога камня прыходзіў ліхі чалавек і жартоўна казаў: «Пашый мне ні тое, ні сёе». Раніцай на камні ляжала невядомая вопратка, дзе і рукавы, і іншыя дэталі былі пераблытаны. І пасля гэтага камень страчваў чароўную якасць[67].
  • Камяні-следавікі. У Беларусі іх каля сотні. Невялічкія ямачкі на адных зрабіла прырода, на іншых — старажытныя людзі яшчэ ў Каменным і Бронзавым веку (хутчэй за ўсё каб збіраць дажджавую ваду, якая лічылася свяшчэннай). Славяне, якія прыйлі ў Беларусь, сталі лічыць гэтыя камяні святымі. Паводле паданняў, на адных сляды зрабілі дзяўчыны-багатыркі, а ямачкі на іншых камянях вядомыя як Божы След, След Дзевы Марыі, След Іісуса Хрыста, След Святога Мікалая, а часам — Чортаў След, Чортава Ступень[62].
  • Чортавы камяні. У Беларусі іх каля 30. Ляжаць або ў балотах і глухіх месцах, або пры дарогах. Сустракаюцца паданні, нібы Чорт хацеў заваліць дзвевы царквы камнем, але, спужаўшыся крыку пеўня, кінуў валун у яго цяперашнім месцы. На многіх з камянёў ёсць сляды. У паданні (в. Вялец, Глыбоцкі раён) чорт нібы танцаваў на камні, і там засталіся сляды.
  • Божыя (святыя) камяні. Іх каля 10.
  • Акамянелыя людзі (каля 20). Камень у Лельчыцкім раёне — дзяўчына, што скамянела, калі яе пракляла маці. Князь-камень каля Бярозаўшчыны — скамянелы злы князь, якога пракляў народ. Шматлікія валуны лічацца сялянамі, якія аралі зямлю на валах у Вялікдзень, за што разам з валамі і ператварыліся ў камні.
  • Акамянелыя жывёлы (каля 10).
  • Валуны-гойбіты, якія лекавалі хваробы (каля 20).

І іншыя.

Гл. таксама

Заўвагі

Літаратура

  • Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 592 с.: іл. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0473-2.
    • Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, І. Клімковіч. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
    • Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
  • Веснавыя песні / Уклад. Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей, В. І. Ялатаў. Мн., 1979.
  • Васілевіч У. Зямная дарога ў Вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер’і. — Мінск : Беларусь, 2010.- 717 с. : іл.
  • Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў : навучальна-метадычны дапаможнік / І. Р. Вуглік. — Мінск : Сучасныя веды, 2005. — 151 с.
  • Иванов В. В., Топоров В. Н. К реконструкции Мокоши как женского персонажа в славянской версии основного мифа(руск.) // Балто-славянские исследования. 1982. — М.: Индрик, 1983. — С. 175—187. Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2013.
  • Казакова, І. В. Беларускі фальклор: вучэбны дапаможнік/ І. В. Казакова. — Мінск: выдав. Цэнтр БДУ, 2007. — С.10-25
  • Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва, вышыука / пер. з рус. мовы, літ. апрац. і навук. рэд. Я. М. Сахута. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 223 с.: іл.
  • Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. Мінск : Беларусь, 2011. — 430 с: іл.
  • Малашук І. М. Сонца ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці / І. М. Малашук // Гістарычны альманах. — 2002. — № 8
  • Малашук, І. М. Архетып сонца ў беларускім фальклоры / І. М. Малашук — Мінск: Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, 2003, — С.10-14
  • Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне / Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5.
  • Новак В. С. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / пад рэдакцыяй В. С. Новак — Мн.: «Право и экономика», 2010
  • Пашкоў, Г. П. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. Т. 2 /Г. П. Пашкоў. — Мінск: БелЭн, 2006. — 832 с
  • Стаіць зямля пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн.1. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 1996.

Спасылкі