Дзеепрыслоўе

Дзеепрыслоўе — неспрагальная форма дзеяслова, якая абазначае дзеянне як прыкмету прыметы, г. зн. мае ўласцівасці дзеяслова і прыслоўя. Дзеепрыслоўе выражае значэнне дзеяння, дадатковага (пабочнага) у адносінах да дзеяслова-выказніка («Ганна, апрануўшыся, выйшла з хаты» П. Пестрак), або выконвае функцыю акалічнасці спосабу дзеяння («Хлопчык ішоў кульгаючы»). У ролі выказніка дзеепрыслоўе ўжываецца толькі ў асобных паўночна-заходніх і паўночна-ўсходніх гаворках: «Ён быў устаўшы; Ён руку зламаўшы».

Паводле нормаў сучаснай мовы, дзеепрыслоўе ў сказе павінна адносіцца да той самай асобы ці прадмета, г. зн. да таго суб'екта, што і дзеяслоў-выказнік: «Ціха скрыгануўшы коламі, сталі вагоны» (М. Лынькоў). У сказе паведамляецца, што вагоны сталі і што пры гэтым яны скрыганулі коламі. Калі ж суб'ект дзеепрыслоўя не супадае з суб'ектам выказніка, тады такое ўжыванне расцэньваецца як парушэнне нормы: «Прыйшоўшы дамоў, у мяне згубіліся ключы». Атрымліваецца, што прыйшоў не той, хто сказаў гэта, а прыйшлі самі ключы. З гэтай прычыны не варта ўжываць дзеепрыслоўе і пры выказніках у безасабовых сказах. Напрыклад, сказ «І, лежачы ў параходнай кабінцы, усё думалася аб незлічоных шляхах…» (М. Лынькоў) не адпавядае норме.

Дзеепрыслоўе называе ў сказе дзеянне, якое адбываецца адначасова з асноўным («На вуліцы крычалі дзеці, бегучы ў школу»), раней за яго («Выслухаўшы разведчыкаў, капітан падняўся з зямлі») або пасля яго («Расшпіліў каўнер, адкрываючы грудзі ветру»). Аднак марфалагічнае значэнне часу ў дзеепрыслоўях не выражана: яно перадаецца толькі сэнсам саміх дзеясловаў і дзеепрыслоўя. Так, у сказах: «Спявалі жнеі ідучы» (П. Трус); «Чалавек стаяў не рухаючыся; Ён падымае такі камень жартуючы» — адзіночныя дзеепрыслоўі ў пазіцыі пасля выказніка фактычна ўжо сталі прыслоўямі, некаторыя з іх нават страцілі значэнне дзеянне («жартуючы» — значыць лёгка, без напружання).

Адрозніваюцца дзеепрыслоўі незакончанага і закончанага трывання. Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца ад асноў цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў -учы- (-ючы-), -ачы- (-ячы-): несучы, чытаючы, лежачы, гледзячы. Пры гэтым з суфіксам -учы- (-ючы-) утвараюцца дзеепрыслоўі нават ад тых дзеясловаў, аснова цяперашняга часу якіх канчаецца на -а- (-я-): крычучы (ад крычаць), дрыжучы (ад дрыжаць), сплючы (ад спаць), баючыся (ад баяцца).

Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асноў прошлага часу дзеясловаў закончанага трывання з дапамогай суфіксаў -ўшы- (-шы-). Калі ўтваральная аснова канчаецца галосным гукам — ужываецца суфікс -ўшы- (зрабіўшы, прачытаўшы), калі зычным — суфікс -шы- (высахшы, прывыкшы). Дзеепрыслоўі з гэтымі суфіксамі зрэдку могуць утварацца і ад асноў незакончанага трывання: гуляўшы, нёсшы. Такія дзеепрыслоўі не прызнаюцца нормай, але зрэдку ўжываюцца ў мове мастацкай літаратуры: «А я сам, даўно не быўшы дома, стаў… такім жа дзіваком» (П. Глебка).

Дзеепрыслоўі маюць незваротную і зваротную формы. У сучаснай мове ўжываюцца дзеепрыслоўі толькі незваротныя (бегучы, ідучы), толькі зваротныя (смеючыся, баючыся), незваротныя і зваротныя з розным і тым жа лексічным значэннем (робячы і робячыся) або фактычна з адным і тым жа лексічным значэннем, адрозніваючыся толькі стылістычна (стукаючы — стукаючыся, бялеючы — бялеючыся).

Разам з паясняльнымі словамі дзеепрыслоўе ўтварае ў сказе спалучэнне, якое выконвае ролю акалічнасці і звычайна адасабляецца інтанацыйна, а на пісьме вылучаецца коскамі. Выключэнне складаюць канструкцыі тыпу: «Пісаў ён звычайна нахіліўшы галаву; Сказаць не падумаўшы» і г.д. У гаворках можна сустрэць дзеепрыслоўе ў ролі часткі выказніка: «Ён прыйшоў паснедаўшы; Ён ка мне прывыкшы».

Дзеепрыслоўе як граматычная форма дзеясловаў склалася даволі позна. Беларускае дзеепрыслоўе — гэта амярцвела кароткая форма назоўнага склону адзіночнага ліку дзеепрыметнікаў цяперашняга або прошлага часу жаночага роду (идучи>ідучы, принесъши>прынёсшы). Гэтыя формы рана пачалі страчваць сувязь з назоўнікамі, станавіцца нязменнымі і набылі ролю акалічнасці. Ужо ў пачатку XVI ст. такія былыя дзеепрыметнікі атрымалі ўстойлівае значэнне дзеепрыслоўяў.

Літаратура

  • Беларуская граматыка / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Рэд. М. В. Бірыла, П. П. Шуба. Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. — Мн.: Навука і тэхніка, 1985. — С. 192 — 193
  • Граматыка беларускай мовы: [У 2 т.] / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Рэд.: К. К. Атраховіч (Крапіва), М. Г. Булахаў. Т. 1. Марфалогія. — Мн.: Выд-ва Акадэміі навук БССР, 1962. — 540 с.
  • Кечык, С. Я. Дзеепрыслоўе ў сучаснай беларускай мове: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў Беларусі / С. Я. Кечык. — Мн.: Вышэйшая школа, 1985. — 86, [2] c.
  • Шуба, П. П. Дзеепрыслоўе / П. П. Шуба // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Пад рэд. А. Я. Міхневіча; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. — С. 179. — ISBN 5-85700-126-9.
  • Шуба, П. П. Сучасная беларуская мова: марфаналогія. Марфалогія: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў універсітэтаў / П. П. Шуба. — Мн.: Універсітэцкае, 1987. — 333, [1] с. — С. 220 — 224.