Куфар

шматфункцыянальны выраб корпуснай мэблі з векам (накрыўкай)

Куфар (фр.: coffre) — выраб корпуснай мэблі з адкідным або здымным векам (накрыўкай).

Агоўскі куфар у экспазіцыі Музея старажытнабеларускай культуры

Этымалогія

Паходзіць ад лац.: corphinus, утворанага ад грэч. κόφινος — карзіна, кош.

Гісторыя

Вядомы ў розных культурах з найстаражытнейшых часоў. У раннім сярэднявеччы часта быў асноўным і ўніверсальным прадметам мэблі — мог ужывацца як стол, крэсла, ложак і як непасрэдна ёмістасці для захоўвання адзення, прадметаў побыту, каштоўнасцей. Папярэднік і правобраз шафы, пастаўлены вертыкальна займеў дадатковыя дзверцы і шуфляды.

Праз кансерватыўнасць і практычнасць народнай культуры, да цяперашняга часу захаваліся тыпы куфраў старажытных архаічных канструкцый.

Прызначэнне

Ужываюць для захоўвання адзення, іншых прадметаў ужытку, а таксама прадуктаў харчавання (зерня, сала і іншага).

У беларускай традыцыі

Гісторыя

Да канца ХІХ ст. у беларускіх вёсках замест куфра ўжывалі кубел — драўляны выраб цыліндрычнай формы. Людзі, якія везлі нявесцін куфар падчас вяселля, нават у пазнейшыя часы зваліся «кубельнікамі».

У пачатку ХХ ст. сяляне сталі вырабляць куфры з прыгожай размалёўкай расліннага характару (кветкі, лісткі). У Заходнім Палессі (Драгічынскі, Іванаўскі раёны) былі пашыраны сакавітыя малюнкі гірляндаў кветак, букетаў. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. На захадзе Віцебшчыны і на Гродзеншчыне было распаўсюджана «цакаванне» — нанясенне ўзораў на афарбаваны куфар з дапамогай штампаў вырабленых з рэпы і бульбы. Самі куфры найчасцей рабілі з сасновых ці яловых дошак, ставілі на фігурныя ножкі.

Куфар у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі

Найбольшай аздобленасцю вызначаліся Агоўскія куфры, вырабленыя народнымі майстрамі з Агова. Шырока вядомыя былі Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры.

У сучаснай беларускай вёсцы куфар страціў сваё прызначэнне. З 1950-х гадоў выраб куфраў практычна спыніўся.

Павер’і, традыцыі

У беларускай народнай культуры куфар быў практычна культавым, магічным аб’ектам. Кожная нявеста захоўвала ў ім свой пасаг і іншыя каштоўнасці. Кубельнікі (сват ці брат нявесты) везлі куфар на вясельным возе, і ім загадвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярыні, ні маладой гаспадыні». Жаніх павінны быў «выкупіць» куфар («Скрыня сакоча. // Чаго яна хоча? // Паўтара залатога // ад князя маладога»). Часам трэба было выкупляць куфар некалькі разоў: калі яго выносілі з каморы, калі неслі ў хату жаніха, калі здымалі з воза. Куфар таксама задзейнічаны ў вясельных абрадах засмольвання касы.

Калі ў жанчыны былі цяжкія роды, сваякі адчынялі ўсе куфры ў хаце — лічылася, што гэта аблегчыць роды.

Куфар часта сустракаецца ў казках і паданнях:

  • у падзямеллі (ці ў лесе) прыгожая дзяўчына сядзіць на куфры і расчэсвае валасы;
  • сабакі ахоўваюць куфар на ланцугах;
  • паводле падання, у святым гаі паблізу Цераховіч з’яўляецца куфар з грашыма, які сцерагуць сабакі;
  • паводле паданняў, на некаторых курганах апоўначы з’яўляецца вялікі куфар з багаццем;
  • ёсць шмат паданняў пра куфры з золатам у кургане, у гарадзішчы, затопленыя ў возеры.

Спасылкі