Тэльман (Брагінскі раён)

пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Тэ́льман[1] (трансліт.: Teĺman, руск.: Тельман) — пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Брагінцы. Уваходзіць у склад Малейкаўскага сельсавета.

Пасёлак
Тэльман
Парк графаў Ракіцкіх
Парк графаў Ракіцкіх
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
другая палова XVIII стагоддзя
Ранейшыя назвы
Двор-Гарадзішча
Насельніцтва
107 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2344
Паштовыя індэксы
247637
Аўтамабільны код
3
Тэльман на карце Беларусі ±
Тэльман (Брагінскі раён) (Беларусь)
Тэльман (Брагінскі раён)
Тэльман (Брагінскі раён) (Гомельская вобласць)
Тэльман (Брагінскі раён)

Размешчаны за 4 км на паўночны ўсход ад Брагіна, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на лініі Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 126 км ад Гомеля.

Гісторыя

Згадка пра фальварак Гарадзішча і грунт Гарадзішчаўскі. Фрагмент эксплікацыі да карты Брагінскага графства 1783 г.
Фальварак і слабада Гарадзішча на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Фальварак Гарадзішча і грунт яго згаданыя ў эксплікацыі да карты Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года. У метрычным запісе Астраглядаўскага касцёла за 31 ліпеня 1787 года аб шлюбе Яна Шандэра (Сандэра) з Барбарай Бялінскай месцам пражывання названа менавіта Гарадзішча, хоць і без указання статуса паселішча[A][2]. Паводле рэвізіі 1795 года, у паселішчах, прыналежных да фальварка Гарадзішча, налічвалася 2 848 душ прыгонных мужчынскага полу[3]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах той жа рэвізіі, вядома, што вёскі Гарадзішча (верагодна, і фальварак), Углы, Каманоў, Сялец, хутар Малейкі, саўладальнікамі якіх былі Людвік і Рафал Алаізі Ракіцкія, у «оренду поступлено капитану Сандеру»[4][B]. Будучы Двор-Гарадзішча пазначаны побач з аднаіменнай слабадой як фальварак таксама на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года.

Недзе ў пачатку XIX стагоддзя тут, на правым беразе ракі Брагінкі, паўстала рэзідэнцыя графа Людвіка Ракіцкага[D] з радыяльна-рэгулярным у плане паркам. Аляксандр Ельскі пісаў пра «wspaniały pałac murowany», у якім гаспадар, маршалак Рэчыцкага павета, а пазней маршалак Мінскай губерні, шыкоўна і з густам бавіў свайго жыцця гады [6]. Людвік Ракіцкі, сам музыкант і вялікі знаўца музыкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, займеў выдатны аркестр з сарака музыкантаў; захоўваліся ў тым палацы і колькі твораў мастацтва. У шляхецкай рэвізіі 1811 года ў фальварку Гарадзішча засведчана пражыванне 37-гадовага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[E], Міхала (16 г.), сына яго брата Рафала[F], Уладзіслава Аскеркі (17 г.), сына яго сястры Ізабэлы[G]. Там жа сярод «шляхетства беспоместного», акрамя дварэцкага, эканома, штальмейстара і іншых службоўцаў, названыя «директор музыки» Антоні Скібінскі (43 г.)[H], «мэтр музыки» Ян Пецэльд (37 г.), «при музыке» Казімір Казлоўскі (57 г.)[I] і яго сын Антоні (22 г.)[7][K].

Пад кіраўніцтвам запрошанага ў двор Гарадзішча ў 1814 годзе таленавітага музыканта, кампазітара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага[L] згаданы аматарскі аркестр дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія з'язджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[9].

20 жніўня 1818 года «jedyne dziecię i jedyna pociecha ojca» Л. Ракіцкага дачка Тэкля і сын Караля Прозара Уладзіслаў узялі шлюб[10], таму рэзідэнцыя з прыналежнымі да яе паселішчамі і ўгоддзямі з цягам часу дасталася роду Прозараў. У снежні 1831 года пан падкаморы рэчыцкі Уладзіслаў Прозар заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[11], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камерцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 20 асоб мужчынскага і 19 жаночага полу з ліку жыхароў фальварка Гарадзішча належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[12].

Маёнтак Гарадзішча ўладальніка Патона. Згадка 1887 г.

У парэформенны перыяд паселішча належала да Брагінскай воласці. У 1876 годзе сын і дочкі Мечыслава Прозара Канстанцін, Марыя, Зофія, Станіслава мелі ў дварах Гарадзішча, Астраглядавічы і Савічы разам 31 581 дзесяціну ўгоддзяў; яшчэ ў Гарадзішчы — 2 вадзяныя з гадавым прыбыткам у 1260 рублёў, 1 конны млын (50 р.), 1 вятрак (100 р.), сукнавальню (60 р.), завод па вытворчасці жалеза (70 р.)[13]. У 1886 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын[14]. Паводле спісу землеўладальнікаў Мінскай губерні на 1889 год, уласнікам маёнтка Гарадзішча ў 3730 дзесяцін угоддзяў быў сапраўдны стацкі саветнік Уладзімір Мацвееў Ергольскі[15]. Але ў дадатку «Апісанне сумежных земляў» да плану надзела брагінскіх сялянак Аляксандры і Ганны Сідаравых Лаўрусенкаў, выкананым у 1887 годзе землямерам Вырвічам, засведчана, што маёнтак Гарадзішча належаў Патону[16]. У кнізе "Памяць. Брагінскі раён" без спасылкі на крыніцу сказана, што ў 1890 годзе двор Гарадзішча набыў расійскі аташэ ў Швейцарыі Аскар Пятровіч Патон[M]. На 1903/1904 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы уладальнік маёнтку Гарадзішча, што ў Брагінскай воласці, спадчынны дваранін Пётр Аскаравіч Патон[17]. У 1913 годзе маёнтак Гарадзішча П. А. Патона складаў 2183 дзесяціны ўгоддзяў[18].

Валун «Камень кахання» ў парку двара Гарадзішча паноў Ракіцкіх і Прозараў, господ Патонов.[N]
Марына Мнішак і Дзмітры Самазванец у замкавым саду ў Самбары. Гравюра С. Ф. Галакціёнава, пач. XIX ст.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Двор Гарадзішча, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтка, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[19].

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Брагінская воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня яна разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.

8 снежня 1926 года Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласць вярнулі БССР. Тады ж утвораны Брагінскі раён. Найболей інтэнсіўна пасёлак Двор-Гарадзішча развіваўся ў 1920-я гады. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Паводле Я. Н. Рапановіча, імя Э. Тэльмана паселішчу нададзена 25 кастрычніка 1934 года[20].

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты забілі 13 жыхароў. Падчас баёў за вызваленне пасёлка ў кастрычніку 1943 года загінулі 6 савецкіх салдатаў, якія пахаваны ў брацкай магіле на могілках. На 2004 год, пасёлак знаходзіўся ў складзе калгаса імя Э. Тэльмана (цэнтр — вёска Сялец); працавалі клуб, крама.

Насельніцтва

  • XX стагоддзе: 1909 год — у фальварку Гарадышча (Городыще) 1 двор, 17 жыхароў[21].
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 57 гаспадарак, 177 жыхароў; 2006 год — 55 гаспадарак, 169 чалавек, з якіх 50 ва ўзросце да 16 гадоў, 75 — у працаздольным і 44 — старэйшым за працаздольны; 2009 год — 133 жыхары[22]; 2021 год — 107 жыхароў[23].

Забудова

Сцяна ў двары Гарадзішча, пач. XX ст. Здымак з сямейнага архіва Афонскіх.
Рэшткі сцяны ў парку Ракіцкіх.

Планіроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Хойнікі.

Славутасці

У канцы XVIII стагоддзя тут быў закладзены парк, які меў характэрныя прыметы барочнага паркабудавання. У планіровачную структуру парка арганічна ўключана рака, па беразе якой праходзіць алея. Растуць ліпа, клён, граб, дуб, вяз, вярба.

Вядомыя асобы

Заўвагі

Зноскі

Літаратура

Спасылкі