Алджэрнан Сўінбэрн

Алджэрнан Ча́рлз Сўíнбэрн (па-ангельску: Algernon Charles Swinburne; 5 красавіка 1837, Лёндан — 10 красавіка 1909, Лёндан, Вялікабрытанія) — ангельскі паэт, драматург, празаік і крытык.

Aлджэрнан Чарлз Сўінбэрн
анг. Algernon Charles Swinburne
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 красавіка 1837(1837-04-05)[1][2][3][…]
Памёр 10 красавіка 1909(1909-04-10)[1][2][3][…] (72 гады)
Пахаваны
Бацькі Charles Henry Swinburne[d][5]
Jane Ashburnham[d][2][5]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік, літаратурны крытык
Кірунак Дэкадэнства, сымбалізм
Мова ангельская мова[6]
Дэбют 1860
Значныя творы Poems and Ballads 1866
Подпіс Выява аўтографу

Жыцьцяпіс

Aлджэрнан Сўінбэрн нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і, сын адмірала.

Правёў большую частку свайго дзяцінства на высьпе Ўайт, дзе ягоныя бабуля і дзядуля, і бацькі валодалі сядзібай. Ягоны дзед па матчынай лініі быў трэцім графам Эшбэрнэмам, у той час як ягоны дзед па лініі бацькі нарадзіўся і вырас у Францыі і працягваў апранацца і думаць як французскі арыстакрат Старога рэжыму. Дзякуючы сваякам і маці Алджэрнан вывучыў францускую і італійскую мовы. Выхаваны ў англіканскай рэлігіі, ён атрымаў вельмі салідную рэлігійную адукацыю[7].

Сўінбэрн вучыўся ў Ітанскім каледжы (1849-53), дзе пачаў пісаць вершы. У Ітане ён атрымаў першыя прызы па францускай і італійскіх мовах. Ён вучыўся ў Balliol College, Оксфард (1856-60) з кароткім перапынкам, калі ён быў выключаны з унівэрсытэту ў 1859 годзе за публічную падтрымку спробы забойства Напалеона III Фелічэ Арсіні. Ён вярнуўся ў Оксфард ў траўні 1860 г., хоць так і не атрымаў ступені[8].

Пасьля Оксфарду ў 1860 годзе, ён стаў блізкім сябрам сям’і Расэці, і пасьля сьмерці мадам Расэці ў 1862 годзе ён і мастак пераехалі ў Тудор Гаўс, Чэлсі[9].

Сўінбэрн, нізкарослы і дрэнна складзены, уяўляў сабой дзіўнае спалучэньне слабага здароўя і фізічнай сілы, але ён быў выдатным плыўцом[10].

Не хаваў сваёй гомасэксуальнасьці, якая лёгка чытался ў творах і ў ладзе жыцьця паэта[11].

Сўінбэрн пакутаваў на алькагалізм і алгалягнію, таксама ў яго быў вельмі лёгкаўзбудлівы характар. У выніку ў 1879 ва ўзросьце 42 гадоў у Сўінбэрна адбылося фізічнае і псыхічнае пагаршэньне здароўя. Пасьля гэтага яго ўзяў пад сваю апеку сябар Тэадор Уотс, які даглядаў яго да канца жыцьця ў прадмесьці Лёндану — Патні. Пазьней у яго зьнік юнацкі дух бунтарства, і ён ператварыўся ў рэспэктабельную асобу[12].

Сўінбэрн памёр на паўднёвым захадзе Лёндану ад грыпу 10 красавіка 1909 году ва ўзросьце 72 гадоў і быў пахаваны ў царкве сьвятога Баніфацыя ў Банчорчы на ​​высьпе Ўайт, дзе прайшло ягонае дзяцінства[13].

Творчасьць

Сўінбэрн лічыцца дэкадэнтам і быў зьвязаны з прэрафаэлітызмам. Сваёй формай або спасылкамі многія зь ягоных вершаў выклікаюць віктарыянскае захапленне Сярэднявеччам: «The Leper», «Laus Veneris», «St Dorothy». У ягоных вершах шмат агульных матываў, такіх як акіян, час і сьмерць. Некалькі гістарычных людзей фігуруюць у ягоных паэмах, такіх як Сапфо, Анакторыя і Катул[14].

Ягоны слоўнікавы запас і прасодыя робяць яго адным з найлепшых ангельскіх паэтаў, але яго паэзію крытыкавалі як занадта квяцістую і часта бессэнсоўную[15].

Партрэт маладога А. Сўінбэрна ў выкананьні Дантэ Габрыэла Расэці

Паэзія Сўінбэрна выклікала скандал у віктарыянскую эпоху з-за пэрыядычных спасылак на сада-мазахізм, лесьбіянізм, самагубства і антырэлігійныя настроі, якія яна перадавала. Гэта прывяла да таго, што ён стаў пэрсонай нон грата ў вышэйшым грамадзтве. Чуткі аб ягоных вычварэнствах часта цыркулявалі ў прэсе, і ён, па іроніі лёсу, падыгрываў, прызнаваўся ў тым, што быў, паводле тагачаснага азначэньня, «педэрастам» і займаўся сэксам з малпамі[16].

Ён вынайшаў на аснове ронда форму рандэль і ўнёс свой уклад у выданьне Брытанскай энцыкляпэдыі. Ён быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры кожны год з 1903 па 1907 год і ў 1909 годзе[17].

У Францыі Сўінбэрн атрымаў высокую ацэнку Стэфана Малярмэ і быў запрошаны ўнесьці свой уклад у кнігу ў гонар паэта Тэафіля Гат’е «Le tombeau de Théophile Gautier»: ён адказаў шасьцю вершамі на францускай, ангельскай, лацінскай і грэцкай мовах[18].

Г. П. Лаўкрафт лічыў Сўінбэрна «адзіным сапраўдным паэтам у Ангельшчыне і Амэрыцы пасьля сьмерці містэра Эдгара Алана По»[19].

Рэнэ Віўен, ангельская і француская паэтка, была моцна ўражаная Сўінбэрнам і часта ўключала ягоныя цытаты ў свае творы[20].

Творы

Вершаваная драма

• The Queen Mother (1860)

• Rosamond (1860)

• Chastelard (1865)

• Bothwell (1874)

• Mary Stuart (1881)

• Marino Faliero (1885)

• Locrine (1887)

• The Sisters (1892)

• Rosamund, Queen of the Lombards (1899).

Паэзія

• Atalanta in Calydon (1865)

• Poems and Ballads (1866)

• Songs Before Sunrise (1871)

• Songs of Two Nations (1875)

• Erechtheus (1876)

• Poems and Ballads, Second Series (1878)

• Songs of the Springtides (1880)

• Studies in Song (1880)

• The Heptalogia, or the Seven against Sense. A Cap with Seven Bells (1880)

• Tristram of Lyonesse (1882)

• A Century of Roundels (1883)

• A Midsummer Holiday and Other Poems (1884)

• Poems and Ballads, Third Series (1889)

• Astrophel and Other Poems (1894)

• The Tale of Balen (1896)

• A Channel Passage and Other Poems (1904).

Крыніцы