Беларусы ў Аргентыне

дыяспара

Беларусы ў Аргенты́не — заўважная частка беларускай дыяспары, якая сфармавалася пераважна ў XX стагодзьдзі.

Беларусы ў Аргентыне

Да Першай сусьветнай вайны

Эміграцыя зь Беларусі ў Аргентыну да Першай сусьветнай вайны застаецца збольшага ня вывучанаю і не задакумэнтаванаю.

Ёсьць меркаваньні, што першыя імігранты зь Беларусі трапілі ў Аргентыну пасьля 1812 году — гэта былі жаўнеры Літоўскага легіёну генэралаў Кнішэвіча і Рынкевіча, які ваяваў на баку Напалеона і пасьля вайны ў значнай сваёй частцы эміграваў у Францыю, адкуль потым невядомая колькасьць трапіла ў Аргентыну[1].

Прыводзіцца лічба ў 5621 эмігрантаў зь Меншчыны, якія прыбылі ў Аргентыну ў 1907 г., але дакладныя першакрыніцы гэтай інфармацыі невядомыя[1].

Міжваенны пэрыяд

Музычны ансамбль з рабочых-беларусаў, Аргентына, 1930-я гады

Лепей задакумэнтаваная іміграцыя ў Аргентыну з Заходняй Беларусі ў міжваенныя часы. Пераважна іміграцыя складалася з мужчынаў, якія прыяжджалі на заробкі. Дакладная колькасьць імігрантаў зь Беларусі невядомая, паводле экспэртных ацэнак, лік ідзе на дзясяткі тысячаў[2]

У 1920-я гады ствараецца Аргентынскі саюз беларускіх і ўкраінскіх рабочых арганізацыяў, якімі ў 1925 г. было падпісанае пагадненьне аб супрацы беларускай і ўкраінскай дыяспары Аргентыны, якое дзейнічае дагэтуль[3].

У 1934 годзе ў Буэнас-Айрэсе стварылася першая арганізацыя беларускай дыяспары — Беларускае культурна-прасьветнае таварыства. У 1937 годзе ўтварылася таварыства «Культура», у 1938 годзе — Беларускае культурнае таварыства «Белавеж». У траўні 1939 году гэтыя таварыствы сфармавалі Фэдэрацыю беларускіх таварыстваў у Аргентыне[1].

У 30-я — 40-я гады існавала Бібліятэка імя Івана Луцкевіча, тэатральны гурток, выдаваліся беларускія календары, насьценныя газэты на беларускай і расейскай мовах[1].

Пасьля Другой сусьветнай вайны

Пасьля вайны шэрагі беларускай дыяспары ў Аргентыне папоўніліся за кошт новых уцекачоў зь Беларусі. У 1948 паўстала Згуртаваньне беларусаў у Аргентыне (гішп. Asociacion Bielorrusa еn la Arguentina).

У пачатку 50-х у Аргентыне існавала арганізацыя беларускіх вэтэранаў Другой сусьветнай вайны — Згуртаваньне беларускіх камбатантаў у Аргентыне. Старшынём арганізацыі ў 1951 г. быў Уладзімер Другавец[4].

Рэпатрыяцыя

У другой палове 50-х гадоў і ў 60-х гг. назіралася хваля вяртаньня беларусаў у БССР пад уплывам агітацыі з боку савецкай амбасады. Дыяспара з 40-х гадоў знаходзілася пад моцным расейска-савецкім уплывам і таму была ўспрымальная да агітацыі на карысьць вяртаньня ў Беларусь.

Шмат беларускіх арганізацый у гэты час занепадаюць. Зьнікла таксама і бібліятэка імя Луцкевіча.

Сучаснасьць

Беларусы ў Аргентыне

У 2010 годзе ў горадзе Ляваёль адкрыўся Цэнтар беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага[5]. У асноўным беларуская дыяспара актыўна гуртуецца ў рамках агульных расейска-беларуска-ўкраінскіх аб’яднаньняў[6].

На 2021 год у Аргентыне налічвалася 9 беларускіх клюбаў. У горадзе Берысо (правінцыя Буэнас-Айрэс), што месцьцца на паўднёвы ўсход ад Буэнас-Айрэсу, працаваў беларускі клюб «Усход», заснаваны ў 1941 годзе. 24 верасьня 2021 году на прапанову прадстаўнікоў клюбу «Ўсход» у Берысе зьявілася вуліца Рэспублікі Беларусь[7].

Крыніцы