Верталёт

аэрадынамічны лятальны апарат

Верталёт (таксама гэлікоптэр, ад анг. helicopter) — аэрадынамічны лятальны апарат, тып вінтакрыла, у якім пад’ёмная сіла і цяга забясьпечваюцца нясучым вінтом. Гэта дае верталётам прынцыповую для лятальных апаратаў магчымасьць узьнімацца ў паветра і прызямляцца вэртыкальна, а таксама рухацца як уперад, гэтак і ўбок, і ўзад. За кошт гэтага верталёт зьяўляецца вельмі каштоўным перасоўным сродкам у ізаляваных і цяжкадаступных мясцовасьцях, бо там не хапае месца для ўзьлёту і пасадкі самалётаў. Магчымасьць лунаць на адной вышыні дазваляе верталёту выконваць тыя клясы задачаў, якія не пад сілу як апаратам зь нерухомым крылом, гэтак і іншым тыпам самалётаў вэртыкальнага ўзьлёту і пасадкі.

Верталёт 1922
Верталёт Aerospatiale SA360.
Boeing CH-47 Chinook — грузавы двухвінтавы верталёт уздоўжнай схемы ваеннага прызначэньня.

Тэрмін верталёт зьяўляецца пазычаньнем з расейскай мовы,[1] у якой было прыдумана Мікалаем Камавым, савецкім авіяканструктарам.[2] Сынонім жа гэлікоптэр паходзіць ад франц. hélicoptère, утворанага з грэцкіх словаў ἕλικος (сьпіраль) і πτερόν (крыло).

Хоць пра магчымасьць лятаць марылі нават у далёкім мінулым, а першыя ідэі вінтакрылых апаратаў з вэртыкальным рухам паходзяць яшчэ са старажытнага Кітаю,[3][4] але сур’ёзна распрацоўкай верталётаў пачалі займацца ўжо толькі ў эру палётаў. Першым пабудаваным дзейным верталётам стаў Focke-Wulf Fw 61, які ўзьняўся ў паветра ў 1936 годзе. Першыя мадэлі верталётаў ня мелі вялікага посьпеху, але гэты стан рэчаў зьмяніў Ігар Сікорскі, які ў 1942 годзе наладзіў поўнамаштабны выпуск верталётаў,[5] у працэсе якога была пабудаваная 131 машына.[6] Некаторыя раньнія праекты верталётаў уключалі ў сябе схему зь некалькіх нясучых вінтоў, але цяпер найзвычайнай зьяўляецца кампаноўка з аднаго нясучага вінта, рэактыўны круцільны момант якога кампэнсуе стырнавы вінт. Шырока распаўсюджаныя таксама двухвінтавыя верталёты (уздоўжнай і папярочнай схемы кампаноўкі нясучых вінтоў): яны маюць большую грузападымальнасьць. Для адмысловых мэтаў ствараюць таксама квадра- і мультыкоптэры.

Сфэры ўжываньня

Дзякуючы сваім здольнасьцям вэртыкальнага ўзьлёту і пасадкі, магчымасьці надоўга завіснуць у паветры, а таксама выдатным манэўровым характарыстыкам на невялікай хуткасьці, верталёты ў першую чаргу прызначаюцца для выкананьня заданьняў, недаступных для іншых лятальных апаратаў. Сёньня верталёты ўжываюцца для транспартыроўкі людзей і грузаў, вогнетушэньня, выкананьня пошукава-ратавальных заданьняў, у турызьме, для тэрміновай мэдычнай эвакуацыі і транспартыроўкі, для ацэнкі стану глебаў і ў мностве іншых галін дзейнасьці. Пачынаючы з Карэйскай вайны, верталёты масава выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях[7].

Найбольш маштабным выпадкам небаявога ўжываньня верталётаў сталася ліквідацыя наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Верталёты былі выкарыстаныя для закрыцьця аварыйнага рэактара з паветра. Хіба што ня кожны пілёт выконвае па некалькі вылетаў у дзень[8].

Крыніцы

Літаратура

  • Munson, Kenneth Helicopters and other Rotorcraft since 1907. — London: Blandford Publishing, 1968. — ISBN 978-0-7137-0493-8

Вонкавыя спасылкі

Верталётсховішча мультымэдыйных матэрыялаў