Вуліца Бакшта

Ву́ліца Ба́кшта[1] (лет. Bokšto gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Зьвязвае вуліцы Замкавую і Субач.

Бакшта
лац. Bakšta
вуліца
Агульная інфармацыя
Гістарычны раён Старое Места
Былыя назвы Другая Савіч
Даўжыня 700 м
Паштовыя індэксы LT-01126, LT-01301
На мапе
Google
Вуліца Бакшта ў Вікісховішчы

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Пятніцкая царква, палац Хадкевічаў, шпіталь Савіч з капліцай і барбакан з гарадзкім мурам, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася брама Субач, зруйнаваная расейскімі ўладамі.

Гісторыя

З даўніх часоў вуліца мела назву Савіч або Другая Савіч. У міжваенны пэрыяд вуліца атрымала назву Бакшта.

Назва Савіч тлумачыцца тым, што вялікай камяніцай на гэтай вуліцы валодаў нейкі Сава. Назва замацавалася дзякуючы шпіталю Савіч, заснаванаму ў 1744 годзе біскупам смаленскім Багуславам Корвін-Гасеўскім.

Цяперашняя назва мае зьвязкі з гарой Бакштай. Існуе меркаваньне, што на ёй ўзвышалася вежа (бакшта), ад якой утварылася назва мясцовасьці і вуліцы.

Агульныя зьвесткі

Шпіталь Савіч, 1834 г.

Даўжыня вуліцы каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку. Рух транспарту ад вуліцы Субач да Спаскай аднабаковы ў бок цэнтру места. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Замкавай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.

Зь левага боку адыходзіць вуліцы Савіч і Сьвятога Казімера, з правага — Латочак, Спаская і Оны Шымайце.

Будынкі

Вуліца Бакшта 7

Няцотны бок

  • № 5 — 2-павярховы дом, які займае адміністрацыя Летувіскага мастацкага музэю.
  • № 7 — 3-павярховы дом
  • № 15 — будынак колішняга манастыра, дзе ў другой палове XIX ст. месьцілася духоўная сэмінарыя Маскоўскага патрыярхату
  • № 17 — 3-павярховы дом з рэстаранам
  • № 19 (таксама вуліца Сьвятога Казімера, 9) — 2-павярховы дом з барам і боўлінгам
  • № 21 — 2-павярховы дом Сулістроўскіх. У 1921—1922 гадох тут жыў Браніслаў Тарашкевіч[2].

Цотны бок

Барбакан
  • № 2 — гатэль Нішкоўскага. Будынак з другой паловы XVІІІ ст. належаў сям’і прафэсара хірургіі Віленскага ўнівэрсытэту Яна Нішкоўскага. У сярэдзіне ХІХ ст. гатэлем валодаў Аляксандар Шульц, але ён захаваў ранейшую назву. У гатэлі Нішкоўскага, які лічыўся адным з найлепшых у месьце, незадоўга да пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (сакавік 1863 году) спыняўся адзін зь яго лідэраў капітан Генэральнага штабу Расейскай імпэрыі Зыгмунт Серакоўскі, які прыехаў у Вільню зь Пецярбургу. Тут адбылося таемнае паседжаньне вайсковай рады паўстаньня[3].
  • № 4 — кутні 3-павярховы дом, у якім з 1990-х гадоў месьціцца Расейскі культурны цэнтар і ягоная галерэя
  • № 6 — шпіталь Савіч. У XVI ст. на тут стаяла гатычная камяніца. У XVIII ст. яна перайшла да роду Савічаў, якія перадалі яго сёстрам міласэрнасьці. У 1831—1832 гадох у будынку дзейнічала клініка Віленскага ўнівэрсытэту.
  • № 8 — 4-павярховы дом Падбіпенты. У гэтым доме прайшлі раньнія гады Юзэфа Пілсудзкага.
  • № 10 — «буда Ромэрава». Збудаваная ў XVI ст. камяніца, з XVIII ст. належала роду Ромэраў. У XVIII ст. тут месьцілася масонская ложа «Руплівы Літвін». У XIX ст. у доме жыў мастак Альфрэд Ромэр, тут дзейнічала мастацкая майстэрня («Акадэмія Ромэраў»)[3], у якой працавалі мастакі Канут Русецкі і ягоны сын Баляслаў, Ян Зянковіч, Эдвард Мацей Ромэр. У гэтым доме жыў стваральнік Віленскага альбома Ян Казімер Вільчынскі і выступаў з канцэртамі Станіслаў Манюшка.
  • № 20 — барбакан з рэштай гарадзкога мура. Барбакан збудавалі паводле праекту архітэктара Фрыдэрыка Гетканта каля 1640 году. У наш час у будынку месьціцца філія Нацыянальнага музэю Летувы.

Крыніцы

Літаратура

  • Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.