Міцкевіч на скале Аю-Даг

«Міцкевіч на скале Аю-Даг» — карціна Валенція Ваньковіча, напісаная і ўпершыню выстаўленая ў 1828 годзе на выставе ў Імпэратарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.

Міцкевіч на скале Аю-Даг
МастакВаленці Ваньковіч
Год1828
Тыппалатно, алей
Памеры148 × 123
МесцазнаходжаньнеНацыянальны музэй у Варшаве, Варшава

Нагодай для стварэньня карціны паслужыў вершаваны цыкль Адама Міцкевіча «Крымскія санэты» (1826) і асабліва васямнаццаты санэт «Аюдаг», які пачынаецца радкамі:

Люблю, зачараваны, Аюдаг, табою
Зь вяршыні пазіраць, як чорнымі радамі
Ідуць валы, як потым срэбнымі сьнягамі
Яны ў мільённых пырсках зьзяюць над вадою...

—Пераклад Ірыны Багдановіч

Апісаньне

Карціна намаляваная свабодным і лёгкім мазком, у адзінай плыні формы. Колеры някідкія і злучаюцца ў далікатныя гамы шматслойнага пісьма[1].

Фігура Адама Міцкевіча адлюстраваная ў профіль. Ён абапёрся локцем на выступ скалы і прытуліў руку да шчакі. Твар паэта падкрэсьлены густой фрызурай з завіткамі бакенбардаў. Партрэт пабудаваны на спалучэньні мяккіх, чулых і адначасна рашучых і мужных пачаткаў[2]. Мяккі выгіб шыі пераходзіць у форму жывога падбародка. Вусны шчыльна сьцятыя.

Адзеньне паэта складае элегантная сьветлая кашуля, пад каўняром якой і на грудзёх павязаны шырокі шаўковы шаль, на плечы накінута каўкаская бурка.

На выступе скалы за плячыма паэта паказваецца ліра, што, на думку Яўгена Шунейка, пераўтварае скалу Аю-Даг у міталягічны Алімп і сымбалізуе талент Адама Міцкевіча[2].

Крыніцы