Судзімонт Доргевіч

чашнік вялікі літоўскі, староста крэўскі

Судзімонт Доргевіч (1390-я[1] — па 15 жніўня 1434) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, чашнік вялікі літоўскі (1409), староста крэўскі (1433—1434).

Судзімонт Доргевіч
лац. Sudzimont Dorgievič / Dorhievič
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1390
Памёр 1440
Род Судзімонты
Бацькі Дорг
Дзеці Алехна, Мікалай Кміта, Іван (Івашка)

Валодаў маёнткамі каля Крэва (Хожава, Талятава, Палачаны, Лучаны).

Імя

Асноўныя артыкулы: Судзімонт (імя) і Дорг (імя)

Суда (Sudo) і Мунд або Монт (Мунд, Mont) — імёны германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова суд- (сут-) (імёны ліцьвінаў Судзіла, Судар, Сутарт; германскія імёны Sudila, Suderus, Sutardus) паходзіць ад гоцкага sauþa 'вобраз'[4], а аснова -мунд- (-мунт-, -монт-) (імёны ліцьвінаў Монтгерд, Валімонт, Жыгімонт; германскія імёны Mundgerd, Walmont, Sigimunt) — ад германскага *mundô 'рука, абарона, крэўнасьць'[5] або гоцкага munds 'моц розуму, імкненьне', mundrs 'гарлівы, палкі'[6]. Такім парадкам, імя Судзімонт азначае «вобраз гарлівасьці»[7]. Адзначалася старажытнае германскае імя Sodilmunt[8].

Варыянты імя ў гістарычных крыніцах: Sudimunth nostre curie pincerna (23 траўня 1409 году)[9]; Sudymunth (29 красавіка 1431 году)[10]; Sudimundi Dorgyeowicz[11], Sudimundi Dorgeowycz[12] (Sudimund Dorgewicz[13]; 1 верасьня 1431 году); Segmund Dorgewicz (15 траўня 1432 году)[14]; Sudimundi Creviensis [tenutariorum] [sigilla] (20 студзеня 1433 году)[15]; Sugimund Crewensis [capitanei] (27 лютага 1434 году)[16]; пану Судимонъту Доркгевичу (Судимонът Доркгевич[13], 1440—1492 гады)[17].

Біяграфія

Зь літоўскага баярскага роду, сын Дорга.

У 1431 годзе быў паслом вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы да караля польскага Ягайлы. Браў удзел у складаньні 1 верасьня 1431 году замірэньня ў Чартарыйску, якім завяршылася Луцкая вайна 1431 году. Таксама браў удзел у складаньні Хрыстмэмэльскай умовы 1432 году зь Лівонскім ордэнам.

Па прыходзе да ўлады вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча (1432 год) стаў на яго бок. Як староста крэўскі браў удзел у складаньні Троцкай уніі 1433 году і Гарадзенскай умовы 1434 году[18]. Упамінаецца ў кнізе «данін» Казімера[19].

Меў сыноў Алехну, Мікалая Кміту і Івана (Івашку).

Мова і культура

Асноўныя артыкулы: Ліцьвіны і Русіны

Да акту Гарадзенскай умовы (1434 год)[20] прывесіў пячаць з рускім надпісам[21]:

ПЕЧ(А)ТЬ П(А)НА С(У)Д(ЫМОНТА)

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі