Ульляна Краўчанка

Ульляна Краўчанка (па-ўкраінску: Уляна Кравченко, імя пры нараджэньні: Юлія Шнайдар; 18 красавіка 1860, Мікалаеў, Каралеўства Галіцыі і Ладамэрыі, Аўстрыйская імпэрыя — 31 сакавіка 1947, Пшэмысьль, Польшча) — украінская паэтка, пісьменьніца нямецкага паходжаньня. Актывістка ўкраінскага жаночага руху, настаўніца.

Ульляна Краўчанка
Уляна Кравченко
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Юлія Шнайдер
Псэўданімы У. К.; Ю. М. Ш.; Кравч.; Уляна; У. Кр.; Ул. Кр.; Кравченко, У.; Уляна К.; Кравченко, Уляна; Уляна Кр.; Юлія Ш.; Юлія Ш. М.
Нарадзілася 18 красавіка 1860(1860-04-18)
Памерла 31 сакавіка 1947(1947-03-31) (86 гадоў)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, пісьменьніца, дзіцячая пісьменьніца
Гады творчасьці 1881—1947
Жанр Паэзія, проза
Мова нямецкая, украінская мова і польская мова
Дэбют 1881
Значныя творы Prima vera (1885), На новий шлях (1891), Для неї — все! (1931)

Жыцьцяпіс

Нарадзілася 18 красавіка 1860 году ў Мікалаеве, цяпер Львоўская вобласьць Украіны (раней Аўстрыйская імпэрыя) у сям’і павятовага чыноўніка нямецкага паходжаньня[1].

Ейны бацька Юліюс Шнайдар служыў павятовым пісарам у Мікалаеўскім павеце. Бацька памер, калі Юлі было 10 гадоў. Маці Ульляны — Юлія Лапушанская, дачка сьвятара грэка-каталіцкага вызнаньня. Выхоўвалася ў сям’і дзядзькі, судовага дарадцы А. Лапушанскага[2].

Пачатковую адукацыю будучая пісьменьніца атрымала дома (настаўніца-немка часта «пасьля лекцыяў» размаўляла з вучаніцай пра літаратуру). Потым Юлія Шнайдар вучылася ў Львоўскай настаўніцкай сэмінарыі (1877—1881). Пасьля заканчэньня настаўнічала ў школах Львоўшчыны[3].

Пад уплывам вершаў І. Франка пачала самастойна пісаць і вывучаць украінскую мову. У доме дзядзькі-прыхільніка старарусінаў А. Лапушанскага, як і ў многіх іншых тагачасных украінскіх сем’ях Львова, размаўлялі пераважна па-польску і на «языччы»)[4].

У Львове на працы яе «абвінавацілі» ў прыхільнасьці да фанэтычнага правапісу (у адрозьненьне ад афіцыйнага этымалягічнага) і папулярызацыі ідэяў Івана Франка, што прывяло да ейнага звальненьня. Пэўны час Ульляна Краўчанка працавала настаўніцай у сям’і памешчыка ў вёсцы Рудэнка пад Львовам, потым два гады ў вёсцы Долішні Лужок на Драгобыччыне, дзе выйшла замуж за настаўніка мясцовай школы, нарадзіла дачку і сына[5].

З 1920 года жыла і працавала ў Пшэмысьлі, дзе і памерла 31 сакавіка 1947 году і была пахаваная.

Творчасьць

Пасьля выхаду ў сьвет у 1885 годзе першага зборніку паэзіі «Prima vera», які падпісала сапраўдным імем і быў выразна пазначаны ўплывам паэзіі Івана Франка, маладая паэтка набыла значную папулярнасьць у чытацтва[6].

У 1891 годзе пад псэўданімам Ульляна Краўчанка выйшаў зборнік вершаў «На новий шлях», у якім былі зьмешчаныя вершы, напоўненыя грамадзка-палітычнымі і патрыятычнымі матывамі, заклікі да тагачасных жанчынаў да актыўнага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва[7].

У далейшым ейныя вершы друкуюцца ў розных часопісах, альманахах і анталёгіях: «Зоря», «Літературно-науковий вістник», «Дзвінок», «Житє і слово», «Руслан» і іншых[8].

Акрамя таго выдала зборнікі паэзіі ў прозе «Замість автобіографії» (1934) і «Мої цвіти» (1933), шматлікія артыкулы, аўтабіяграфічныя нарысы, апавяданьні, успаміны. Паэтка зрабіла шматлікія пераклады эўрапейскіх паэтаў (М. Ленаў, А. Немаеўскага, С. Пшэсьмііцкага, А. Урбанскага, Я. Каспровіча)[9].

Друкавалася пад псэўданімамі і крыптонімамі: У. К.; Ю. М. Ш.; Кравч.; Уляна; У. Кр.; Ул. Кр.; Кравченко, У.; Уляна К.; Кравченко, Уляна; Уляна Кр.; Юлія Ш.; Юлія Ш. М[10].

Творы

Паэзія

  • Prima vera (1885)
  • На новий шлях (1891)
  • В дорогу (1912)
  • Проліски (1921)
  • Лебедина пісня (1924)
  • В житті є щось (1929)
  • Шелести нам, барвіночку! (1932)
  • Вибрані поезії (1941).

Проза

  • Перший рік практики (1887)
  • Із записок учительки (1887).

Крыніцы