Фэлісэт

першая котка ў космасе

Фэлісэ́т (па-француску: Félicette) — бадзяжная парыская котка, першая і адзіная, якая пабывала ў космасе. Палёт адбыўся 18 кастрычніка 1963 ў межах францускай касьмічнай праграмы. Перад палётам ёй у чэрап умацавалі электроды дзеля назіраньня за актыўнасьцю мозгу ў часе палёту. Пасьля 13 хвілінаў палёту капсуля з коткай вярнулася на Зямлю. Фэлісэт перажыла палёт, але праз два месяцы яе ўсыпілі, каб вывучыць мозаг.

Фэлісэт
Плоць саміца
Дата нараджэньня каля 1960
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1963
Род дзейнасьці жывёлы ў космасе
Колер белы колер, чырвоны колер і ружовы колер[d]

Афіцыйна ў праекце котка мела пазначэньне С 341. Пасьля палёту мэдыя далі ёй імя Фэлікс паводле аднайменнага пэрсанажа. Навучальна-дасьледны цэнтар авіяцыйнай мэдыцыны Францыі (па-француску: Centre d'Enseignement et de Recherches de Médecine Aéronautique, CERMA) зьмяніў форму на жаночую Фэлісэт. Памяць коткі ўшанаваная на паштовых марках і статуяй у Міжнародным касьмічным унівэрсытэце.

Перадумовы

Асноўны артыкул: Жывёлы ў космасе

14 чэрвеня 1949 ЗША ўпершыню адправілі ў космас зьвера: макаку рэзус на ймя Альбэрт II. 3 лістапада 1957 Савецкі Саюз запусьціў у космас сабаку Лайку, якая ўпершыню дасягнула зямной арбіты, аднак загінула ў космасе[1]. 31 студзеня 1961 ЗША адправілі ў субарбітальны палёт першага чалавекападобнага — шымпанзэ Гэма[2], а 29 лістапада 1961 — другога шымпанзэ, Энаса, які трапіў на зямную арбіту трэцім пасьля савецкіх касманаўтаў Юрыя Гагарына і Германа Цітова[3].

Француская касьмічная праграма стартавала ў 1961 року[4]. 22 лютага 1961 з базы ў Сахары запусьцілі пацука Эктора, стаўшы трэцяй краінай у сьвеце, што выправіла ў космас жывёлу[5][6]. Пасьля яшчэ двойчы, 15 і 18 кастрычніка, французы запусьцілі ў космас пацукоў[7]. Усім ім ужыўлялі электроды дзеля аналізу мазгавой дзейнасьці, аднак францускія навукоўцы хацелі атрымаць больш інфармацыі, выправіўшы ў космас большых сысуноў, для чаго абралі катоў[7][8].

Місія

У 1963 року Навучальна-дасьледны цэнтар авіяцыйнай мэдыцыны Францыі набыў дзеля экспэрымэнтаў 14 котак, бо яны паводзяцца цішэй ад катоў. Каб навукоўцы не аддалі перавагу якой-кольвек зь іх, мянушкі ім не прыдумлялі. Усім коткам хірургічна ўсадзілі ў мозаг электроды дзеля назіраньня за нэрвовай дзейнасьцю. Цягам двух месяцаў іх трэнавалі да палётаў у трэнажэрах, падобных да чалавечых.

8 кастрычніка 1963 року пачалася падрыхтоўка на ўзьлётнай пляцоўцы. 17 кастрычніка былі адабраныя 6 котак, і першай кандыдаткай на палёт адразу была названая котка пад нумарам С 341. Ёй прымацавалі яшчэ два электроды да пярэдніх лапаў, каб пры патрэбе стымуляваць у часе палёту.

18 кастрычніка а 8:09 ранку котку С 341 запусьцілі з касмадрому ля Хамагіру (Альжыр)[9][10]. Палёт быў субарбітальным і цягнуўся 13 хвілінаў; за гэты час котка перажыла перагрузку 9,5 g[10] ды пяць хвілінаў бязважкасьці, а пасьля пасьпяхова прызямлілася ў спускавым модулі з парашутам[11][12].

Пасьля палёту ў мэдыях котку С 341 празвалі «Фэліксам» ад пэрсанажа коміксаў. CERMA зьмяніла мянушку на жаночую форму Фэлісэт[13]. Праз два месяцы пасьля палёту котку ўсыпілі, каб даць магчымасьць навукоўцам дасьледаваць ейны мозаг[14].

24 кастрычніка Францыя запусьціла ў космас другую котку. Пры пуску не спрацаваў разрыўны болт, і ракета запусьцілася пад няправільным кутом. Да таго ж адмовіў радыёмячок, і ракету знайшлі не адразу. Празь дзень верталёт даляцеў да месца прызямленьня, але котка загінула пры падзеньні[15][16]. У яшчэ адной коткі праз электроды сапсавалася здароўе, і навукоўцы вымушаныя былі іх дастаць. Дзевяцёх котак па сканчэньні праграмы ўсыпілі[13].

У сакавіку Францыя двойчы запусьціла ў космас малпаў, якія пасьпяхова вярнуліся на Зямлю.

Памяць

Колішнія францускія калёніі выпусьцілі ў памяць пра палёт Фэлісэт паштовыя маркі: Каморскія астравы (1992), Чад (1997), Нігер (1999).

У сьнежні 2019 року ў Міжнародным касьмічным унівэрсытэце (Францыя) адкрытая статуя Фэлісэт[17].

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

  • Colin Burgess, Chris Dubbs. Animals in Space: From Research Rockets to the Space Shuttle. — Springer Praxis, 2007. — ISBN 978-0-387-36053-9
  • K. Dougherty, P. Jung, Jean-Jacques Serra. Félicette, the only space cat. — International Astronautical Congress, 2018.
  •  Reuter, Claus The V2 and the German, Russian and American Rocket Program. — German Canadian Museum, 2000. — С. 87. — ISBN 978-1-894643-05-4