Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу
Царква | |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу Church of St Cyril of Turau and All the Patron Saints of the Belarusian People | |
Царква пасьля заканчэньня будаўнічых працаў, 24 лістапада 2016 г. | |
Краіна | Вялікабрытанія |
Месцазнаходжаньне | Лёндан |
Адрас | Holden Ave, London N12 8HY |
Канфэсія | Грэка-каталіцкая царква |
Эпархія | Лёнданская япархія Сьвятой Сям’і[d] |
Аўтар праекту | Цзыўай Со |
Дата заснаваньня | 2016 |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу на Вікісховішчы |
Царква́ Сьвято́га Кіры́лы Ту́раўскага і ўсіх сьвяты́х засту́пнікаў белару́скага наро́да — беларускі грэка-каталіцкі храм, што знаходзіцца ў раёне Паўночны Фінчлі ў Лёндане.
Царква была пабудаваная пры беларускім рэлігійным і культурным цэнтры ў паўночным Лёндане, які таксама ўключае Бібліятэку й музэй імя Ф. Скарыны і грамадзкі цэнтар Marian House. Царква стала першым драўляным царкоўным будынкам у Лёндане пасьля Вялікага пажару 1666 г., а таксама першым у Лёндане каталіцкім храмам бізантыйскага абраду, першым у Заходняй Эўропе мэмарыялам ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і першай беларускаю грэка-каталіцкай царквой, пабудаванай па-за межамі краіны[1].
Будаўніцтва пачалося ў лістападзе 2015 г., закладка фундамэнта была завершаная ў студзені 2016 г. Кутні камень для царквы з рэліквіямі сьвятога апостала Барталамея быў прывезены з Друі, з касьцёла Сьвятой Тройцы былога кляштара айцоў Марыянаў,[2] і быў закладзены 7 лютага 2016 г. Царква была ўрачыста асьвячаная 17 сьнежня 2016 г. з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Вялікай Брытаніі арцыбіскупа Антоніё Мэніні, біскупа украінскай каталіцкай эпархіі Сьвятой Сям’і ў Лёндане Глеба Ланчыны, дапаможнага біскупа Рыма-Каталіцкай дыяцэзіі Ўэстмінстара Джона Шэрынгтана, а таксама Апостальскага візытатара для грэка-каталікоў у Беларусі Сяргея Гаека.[3]
Ініцыятар пабудовы — айцец Сяргей Стасевіч, сьвятар Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Аўтар праекту царквы — брытанскі архітэктар і вернік Беларускай місіі Цзыўай Со. Праект царквы грунтуецца на традыцыі драўляных цэркваў Беларусі і беларускага барока.[4]
Праект царквы атрымаў шэраг архітэктурных прэмій і адзначаны станоўчымі водгукамі аўтарытэтных брытанскіх архітэктурных крытыкаў і журналістаў[5][6].
Падчас будаўніцтва ў царкве быў пахаваны прах, а 13 траўня 2017 над месцам пахаваньня асьвячаная мэмарыяльная бажніца сьвятога Юрыя Пераможцы ў гонар паэткі і перакладчыцы Веры Рыч[7].