Цю Цзынь

Цю Цзынь (кіт. 秋瑾; 8 лістапада 1875, Сямэнь, правінцыя Фуцзянь, Імпэрыя Цын ― 15 ліпеня 1907, Шаасін, правінцыя Чжэцзян, Імпэрыя Цын) ― кітайская паэтка, настаўніца, фэміністка, рэвалюцыянэрка, журналістка дынастыі Цын.

Цю Цзынь
кіт. 秋瑾
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Цю Цзынь
Псэўданімы Варагіня мужчынаў
Нарадзілася 8 лістапада 1875
Сямэнь, правінцыя Фуцзянь, Імпэрыя Цын
Памерла 15 ліпеня 1907
Шаасін, правінцыя Чжэцзян, Імпэрыя Цын
Пахаваная Шаасін, правінцыя Чжэцзян, Імпэрыя Цын
Сужэнец Wang Tingjun[d][1]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Паэтка, пісьменьніца, настаўніца, журналістка, фэміністка, рэвалюцыянэрка
Мова Кітайская
Значныя творы Камень Цзіньвэй

Жыцьцяпіс

Нарадзілася 8 лістапада 1875 году ў месьце Сямэнь (правінцыя Фуцзянь). Бацька Цю Сінхоў, мясцовы судзьдзя, заахвочваў дзяўчынку да вучобы, у прыватнасьці да вывучэння клясычнай кітайскай літаратуры. Адначасова яна знаёмілася з заходняй культурай. Рана пачала насіць мужчынскае адзеньне, авалодала баявым майстэрствам. У 1886 годзе сям'я пераехала ў Тайбэй (Тайвань)[2].

У 1896 годзе выйшла замуж і пераехала з мужам у места Сянтан (правінцыя Хунань)[3].

У 1902 годзе пераехалі ў Пэкін, дзе муж атрымаў дзяржаўную пасаду[4].

У 1904 годзе Цю Цзынь адправілася вучыцца ў Японію. Там яна зьбліжаецца з рэвалюцыйнымі групамі сярод кітайскіх студэнтаў. Акрамя таго, наладжвае сяброўскія адносіны з Сунь Ятсэнам. Цю Цзынь вырашае ўступіць у барацьбу за зьвяржэнне дынастыі Цын[5].

Пасьля вяртаньня ў Кітай у 1905 годзе Цю Цзынь пасялілася ў Шанхаі. Заснавала школу Датун для дзяўчынак. Адначасова вядзе антыманьчжурскую прапаганду[6].

6 ліпеня 1907 году ейны стрыечны брат Сюй Сілінь забіў губэрнатара правінцыі Аньхой. Праз некалькі дзён Цю была арыштаваная, абвінавачаная ва ўдзеле ў падрыхтоўцы антыўрадавага паўстаньня і публічна абезгалоўленая ў цэнтры Шаасін. Пасьля сьмерці яна стала адным з сымбаляў рэспубліканскага руху[7].

Пахаваная ля возера Сіху ў Ханчжоў[8].

Дзейнасьць

Яна стварала вершы рознага характару: ад тонкіх твораў на традыцыйныя матывы да простых, якія заклікаюць да барацьбы і дзеяньня. Яна рэдагавала «Часопіс кітайскіх жанчынаў» (中國 女 報, Zhongguo Nübao), першае кітайскае пэрыядычнае выданьне фэмінісцкага характару[9].

Выступала супраць бінтаваньня ног і раньніх дамоўных шлюбаў для жанчынаў. Падчас навучаньня ў Японіі ўзяла сабе мянушку «варагіня мужчынаў». Яна была вядомая як красамоўная прамоўца, якая выступала за правы жанчынаў (свабода ўступленьня ў шлюб, свабода адукацыі і адмена ганебнай практыкі бінтаваньня ног)[10].

Паколькі Цю Цзынь у асноўным памятаюць на Захадзе як рэвалюцыянэрку і фэміністку, ейныя вершы і эсэ часта забываюць (хоць з-за ейнай раньняй сьмерці іх мала). Ейныя творы адлюстроўваюць выключную адукацыю ў галіне клясычнай літаратуры, і яна піша традыцыйную паэзію (шы і цы). Цю піша вершы з шырокім спэктрам метафараў і алюзіяў, якія зьмешваюць клясычную міталёгію з рэвалюцыйнай рыторыкай[11].

Пры жыцьці друкаваўся ейны раман «Камень Цзінвэй», асновай якога стала кітайская легенда пра Нюй-ва, дачку імпэратара Янь-дзі[12].

Памяць

Цю была пасьмяротна ўвекавечаная ў народнай сьвядомасці і літаратуры Кітайскай Рэспублікі. У Шаасіне, дзе яны жыла і былая экзэкутаваная, знаходзіцца Музэй Цю Цзынь (紹興秋瑾故居)[13].

Кітаязнаўца Ху Ін, прафэсар катэдры ўсходнеазіяцкіх моваў і літаратуры Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Ірвіне, апублікаваў у 2016 годзе манаграфію пра Цю Цзынь «Пахаваньне восені», у якой дасьледуецца сяброўства Цю Цзынь зь ейнымі сёстрамі па прысязе Ў Чжыін і Сюй Цзыхуа і, у якой зьмешчаная ейная творчасьць у больш шырокім грамадзка-палітычным і літаратурным кантэксьце таго часу[14].

Помнік пакутніцы Цю Цзынь, Ханчжоў

У 2011 годзе быў зьняты фільм, які распавядае пра ейнае жыцьцё ― «Рыцарка Люстранага возера» (The Woman Knight of Mirror Lake), 2011[15].

Крыніцы