Перст (адзінка даўжыні)

Перст — састарэлая адзінка вымярэння даўжыні, якая разам з цаля рэдка ўжываліся ў помніках старабеларускага пісьменства. Выяўлены толькі адзін прыклад з дакумента, у якім яны ўжываюцца як сінонімы: «а сесь аршинъ великихъ перстовъ или цалей сто, си есть лактей четыри въ собҍ обрҍтаетъ...»[1].

Слова перстъ са значэннем палец рукі стараславянскае[2]. Як і іншыя адзінкі вымярэння антрапаметрычнага паходжання, слова набыло метрычнае значэнне бо палец рукі (перст) ужываўся для вымярэнняў невялікай даўжыні (перстъ -- каля 2,7 см). Магчыма, была не адна, а як меней дзве метрычныя адзінкі, пра што сведчыць ужыванне ў цытаваным прыкладзе складанай назвы («великихъ прерстовъ»). Але пацвярджэння такой думкі ў помніках старабеларускага пісьменства не выяўлена.

Слова перст у сучаснай беларускай мове ў актыўным ужыванні не выяўлена. У старабеларускай мове з метрычным значэннем магло ўжывацца слова «палецъ», пра што сведчыць такі прыклад: «И теперь суть границы и копцы цҍлы и не тыле на пядь, але на полпальца земли вашое милости никому не поступилъ и пильне того стерегу»[3]. Тут словазлучэнне «не тыле на пядь, але на полпальца» мае значэнне «ніколькі, ні кавалка», а слова «полпальца» ўваходзіць у гэта словазлучэнне са значэннем меры. Таму магчыма, што адзінка, якая называлася «палецъ», ужывалася ў старажытнасці таксама, як і цяпер: сала на тры пальцы, на пяць пальцаў.

Зноскі

Літаратура

  • Скурат, К. У. Даўнія беларускія меры: (лексічны аналіз) / К. У. Скурат; [рэд.: М. А. Жыдовіч, А. І. Жураўскі]; АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Навука і тэхніка, 1974. — 190, [1] с. — С. 15—17.