Старабеларуская мова

афіцыйная, літаратурная і размоўная мова Вялікага княства Літоўскага, Малдаўскага княства і ўсходнеславянскіх ваяводстваў Рэчы Паспаліт

Старабеларуская мова (англ.: Ruthenian language, ням.: Ruthenische Sprache, фр.: ruthène) — усходнеславянская мова, якая была шырока распаўсюджана на славянскіх землях Вялікага Княства Літоўскага да канца XVII ст., а захоўвалася ва ўжытку да пачатку XIX ст.[10] Магчыма, што ў XV—XVI стст. ужывалася і на некаторых землях Вялікага Княства Маскоўскага[11].

Старабеларуская мова
Саманазваруский языкъ[1][2][3][4][5], русский языкъ[6][7][8], простая мова[9]
КраіныВялікае Княства Літоўскае, Галічына (Польшча), Малдавія, Гетманшчына
Афіцыйны статусВялікае Княства Літоўскае
Вымерла
  • З 1696 года афіцыйна страціла статус мовы справаводства.
Класіфікацыя
КатэгорыяМовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская група
Усходнеславянская падгрупа
Старажытнаруская мова
Пісьменнасцькірыліца
LINGUIST Listorv-olr
Фраза «рꙋскиⸯ єзыкь» са Статута ВКЛ 1588 года.

Склалася на аснове ўзаемадзеяння тагачаснай царкоўнаславянскай літаратурнай мовы і народных усходнеславянскіх дыялектаў Вялікага Княства Літоўскага. Пачаткам яе адметнага існавання лічыцца XIV ст.

Тэрмін

Гістарычна ёсць шматлікія назвы і азначэнні для гэтай мовы:

Арыгінальныя назвы у пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага

Экзалінгвонімы мінулага

  • беларуская мова (руск.: белорусский язык, белорусское письмо) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[13]; таксама ў Юрыя Крыжаніча. Азначэнне белорусский язык (белорусское письмо) у дачыненні як мовы ХІХ ст., так і мовы Сярэднявечча, ужывалася ў працах расійскіх даследчыкаў ХІХ ст. Буслаева, Аганоўскага, Жыцецкага, Сабалеўскага, Недзешава, Уладзімірава, і паслужыла як аснова для азначэння Яўхіма Карскага.
  • літоўская мова (руск.: литовский язык) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[14]
  • заходнеруская мова (руск.: западнорусский язык) — з XIX ст. найбольш пашыраная назва ў Расіі;
  • літоўска-руская мова (руск.: литовско-руская (руск.: литовско-русский) — расійскія даследчыкі 19 ст. Кепен, архіпіскап Філарэт, Сахараў, Каратаеў.
  • літоўска-славянская мова (руск.: литово-славянский язык) — расійскі даследчык ХІХ ст. Бараноўскі.[15]
  • руска-польская мова і нават польскі дыялект[крыніца?] — Штрытэр, польскія даследчык Самуіл Багуміл Ліндэ, пісьменнік Вішнеўскі. Азначэнне выкарыстана і пры азначэнні мовы перакладу Бібліі Скарынам.
  • (Старая) заходнеруская (мова або гаворка) (руск.: (древний) западнорусский язык (наречие)) -- сустракаецца пераважна ў тых даследчыкаў, якія падтрымлівалі канцэпцыю протарускай стадыі развіцця, асабліва з канца ХІХ ст. — Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў.

Сучасная назва

Азначэнне «старабеларуская» было ўведзена Яўхімам Карскім (1893) на грунце яе роднаснай блізкасці з народнымі беларускімі гаворкамі XIX ст.

Заходнееўрапейская філалагічная наменклатура і гістарыяграфія, асабліва польская і літоўская, звычайна вызначаюць літаратурную «рус(ь)ку мову» Вялікага Княства Літоўскага агульным тэрмінам «русінская мова» (Ruthenian, Old Ruthenian).

Аднак пытанне дэнамінацыі дзяржаўнай, афіцыйнай і дзелавой мовы ВКЛ застаецца неразвязаным мовазнаўцамі і ў 2000-х гг. Ёсць такія намінацыі, як:

  • «канцылярская мова ВКЛ» (паводле Станга), што абмежавана канцылярскімі і афіцыйнымі дакументамі, якія складаліся ў ВКЛ, і не датычыць усёй старабеларускай пісьменнасці; Даследаванні славіста Хрысціяна Станга (1935) выявілі некалькі тыпаў мовы афіцыйнай пісьменнасці ў ВКЛ[16]:
    • У XIV — пачатку XV ст. — паўднёва-валынскі, паўночна-валынскі, полацка-віцебска-смаленскі тыпы.
    • На сярэдзіну XV ст. («перыяд караля Казіміра» [sic]) — паўднёва-беларускі і паўночна-валынскі тыпы, з перавагай беларускага тыпу, і таксама з маргінальнай наяўнасцю паўднёва-валынскага тыпу.
    • На пачатку XVI ст. афіцыйная мова (як і наогул літаратурная мова) дасягае сваёй больш устойлівай, унармаванай формы і на сярэдзіну XVI ст. афіцыйная мова ўжо тоесна літаратурнай старабеларускай, і блізкароднасна беларускім дыялектам тагачаснага віленскага рэгіёна; полацкі тып, на той час, зліваецца з асноўнай нормай, паўднёвыя тыпы знікаюць цалкам.[17]
  • «простая мова» (паводле Барыса Успенскага), што можа адносіцца і да мясцовых дыялектаў некаторых паўночна-заходніх беларускіх гаворак;
  • «руська мова», што вельмі недакладна, асабліва з-за таго, што ў пераважнай большасці беларускіх помнікаў лексема «рускій» пішацца без мяккага знака, адлюстроўваючы фанетычны працэс, скончаны за XII—XIII ст. Апроч таго, тэрмін «рускі» вельмі неадназначны ў яго выкарыстанні ў помніках, і можа таксама адносіцца да такога тэксту, які «наогул усходнеславянскі» або «праваслаўнага толку» або «пісаны кірыліцай» або, нарэшце, старабеларускі. Неадназначнасць выкарыстання тэрміну ўскосна пацвярджаецца існаваннем тэрміна «простая руская мова» (напрыклад, у «Духоўных гаворках святога айца Макарыя», Вільна, 1627, стар. 9.);
  • «старабеларуская літаратурная мова», што на 2000-я гг. агульнапрынята, але і актыўна аспрэчваецца некаторымі небеларускімі мовазнаўчымі школамі.[18]

Гэтыя неадназначнасці ў помніках пісьменнасці далі падставы для працяглых спрэчак адносна беларуска-ўкраінскага размежавання літаратурных помнікаў таго перыяду, якія азначаныя як пісаныя «простай мовай». Адным з шырокавядомых[19] прыкладаў такой палемікі з’яўляецца праца ўкраінскага даследчыка Івана Агіенкі[uk] (1935).

Узнікненне

Пасля распаду протаславянскай мовы каля сярэдзіны 1 тысячагоддзя і ўзнікнення ўсходнеславянскіх племянных дыялектаў асноўнай падзеяй у іх развіцці пасля X ст. стала хрышчэнне і ўстанаўленне царкоўнаславянскай мовы як мовы афіцыйнай, духоўнай і літаратурнай.

У далейшым на землях усходнеславянскага засялення адбываліся два галоўныя працэсы. Першым было развіццё духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску, другім было развіццё свецкай пісьменнасці на кірыліцы (разам з афіцыйнай і дзелавой — Гл. таксама: канцэпцыя агульнай усходнеславянскай мовы і яе крытыка).

Развіццё

Узнікненне старабеларускай літаратурнай мовы як асобнага ідыёму і пачатак яе дакументаванага развіцця ў такой якасці адносяцца, звычайна, да 14 ст. Далейшае развіццё адбывалася ў 15 ст. і вяршыня развіцця была дасягнутая ў 16 ст.[20] У 2-й палове 16 — 1-й палове 17 ст. былі зроблены спробы кадыфікацыі, з якіх найбольш значнымі прызнаюцца[21] граматыка і буквар Івана Фёдарава (1574, 1578), граматыка Лаўрэнція Зізанія (1596) і граматыка Івана Ужэвіча (1645); прыналежнасць да старабеларускай ці стараўкраінскай мовы аспрэчваецца адпаведнымі нацыянальнымі навуковымі школамі).

Характэрна беларускія фанетычныя ўплывы адзначаюцца ў мясцовых царкоўнаславянскіх помніках яшчэ ў сяр. 11 ст.[22], а самым раннім помнікам пісьменнасці, дзе выразна відаць рысы старабеларускай мовы, лічацца «Смаленскія граматы» (1229)[23].

Складанне старабеларускай мовы адбывалася пад моцным уплывам старой царкоўнаславянскай літаратурнай традыцыі і асноўвалася на мясцовых усходнеславянскіх дыялектах[24], з асноўным уплывам, пачаткова, з боку гаворак полацка-смаленскага рэгіёна, пазней — сярэднебеларускіх гаворак, потым — гаворак віленскага рэгіёна[25]

Адначасова з тым, што мова літаратурная паступова зрабілася, да пэўнай ступені, штучнай, мова гутарковая захоўвала адносную чысціню, і літаратурная мова няспынна чэрпала моўныя рэсурсы з гутарковай[26]

Моцным фактарам у развіцці старабеларускай мовы пасля канца 14 ст. стала паланізацыя верхніх, потым і сярэдніх класаў на землях ВКЛ, якая дасягнула значнай ступені ўжо ў сяр. 15 ст.[27] У слоўніку літаратурнай мовы былі прыкметнымі лацінскі і германскі ўплывы. У 1-й пал. 17 ст., пасля поспехаў паланізацыі на беларускіх землях і перамяшчэння цэнтра праваслаўнага друку ў Кіеў, адзначаецца пэўны ўкраінскі ўплыў.

Фанетыка і марфалогія старабеларускай мовы стабілізаваліся ў 16 ст., разам з характэрна-беларускімі фанетычнымі рысамі, што не існавалі раней, найбольш прыкметныя сярод якіх: «аканне» (развілося каля 14 ст.), «нескладовае у» (каля пач. 13 ст.). Асобныя старабеларускія адметнасці ў марфалогіі развіліся ўжо ў 14—15 ст.[28]

Сінтаксіс і лексіка працягвалі мяняцца, у тым ліку і пасля 16 ст., прычым літаратурная мова была пад моцным уплывам польскай мовы, асабліва ў 16—17 ст. Лічыцца, што гутарковая мова была адноснай свабоднай ад такога ўплыву, і пачала адрознівацца ў сінтаксісе і асабліва ў лексіцы.[28]

Уздым і заняпад

У 14 ст. старабеларуская мова ўжо была шырока распаўсюджанай мовай у ВКЛ, на якой размаўлялі і пісалі ўсе пласты грамадства, у тым ліку неславянская частка арыстакратыі, на якой складаліся ўсе віды свецкіх і дзяржаўных дакументаў[29].

У 15—16 ст., часткова ў 17 ст., старабеларуская мова ў ВКЛ была пераважнай мовай дзяржаўных, дыпламатычных, дзелавых і прыватных дакументаў, дакументаў гарадскога, земскага, замкавага справаводства, дакументацыі магдэбургій, магістратаў, попісаў (інвентароў) і рэвізій маёмасці, спісаў войска і г.д., нават на этнічна літоўскіх землях ВКЛ[23]. Па-старабеларуску была складзена большая частка дакументаў 15—16 ст. Літоўскай метрыкі (Гл. таксама: Дэнамінацыя афіцыйнай мовы); на гэтай мове складаліся афіцыйныя лісты каралеўскіх канцылярый у Кракаве і Варшаве, накіраваныя ў ВКЛ[23], статуты ВКЛ. На старабеларускай мове выйшла першая газета ВКЛ — «Навіны грозные а жалостлівые...» Старабеларуская мова высока ацэньвалася і за мяжой[23].

Старабеларуская мова стала 3-й славянскай, пасля чэшскай і польскай, на якой пачалося кнігадрукаванне. Першая кніга па-старабеларуску была надрукавана Скарынам у Празе (1517). Пазней у 16 ст. фактычны цэнтр старабеларускага кнігадрукавання змяшчаўся ў Вільні.

Старабеларуская мова была мовай белетрыстыкі, публіцыстыкі, мемуараў, рэлігійнай палемікі, гамілетыкі, агіяграфіі і г.д., на яе перакладаліся заходнееўрапейскія рыцарскія раманы, гістарычныя хронікі і апокрыфы.[23]

Пасля палітычных змен, што адбываліся ў ВКЛ з канца 14 ст. і на працягу 15 ст., назначылася тэндэнцыя да заняпаду старабеларускай культуры на карысць польскай, і такі заняпад мацнеў на працягу 16—17 ст. Асабліва неспрыяльным становішча стала ў апошняй чвэрці 16 ст., калі ў Рэчы Паспалітай набрала сілу контррэфармацыя, бо пратэстанты і праваслаўныя складалі на той час асноўную частку беларускамоўнага насельніцтва. Між іншым, інквізіцыя Рэчы Паспалітай уключыла шмат выданняў на старабеларускай мове ў свой «Кодэкс забароненых кніг» (вып. з 1603)[30].

Паланізацыя выклікала адпор буйных беларускіх дзяржаўных (Леў Сапега) і некаторых рэлігійных (Васіль Цяпінскі) дзеячаў. Пачынаючыся з публіцыстыкі (напрыклад, у прадмове Цяпінскага (1570)), абарона правоў беларускай мовы пераходзіла ў практыку дзяржаўнага будавання (спрэчкі аб мове Статуту 1588 г., вынік якіх агучаны ў славутай Сапегавай прадмове да Статута 1588 г.) і зафіксаваны ў выбары мовы Статутаў. Значнай перамогай гэтай палітычнай лініі было замацаванне ў адмысловым артыкуле Статута старабеларускай мовы як адзінай дазволенай мовы афіцыйных дакументаў, што быў унесены ў Статут 1566 года, і паўтораны ў Статуце 1588 года, і нават у польскім перавыданні Статута (1614)[31]. Гл. таксама: Залаты век беларускай гісторыі.

З цягам часу, калі ўсё большая колькасць вышэйшага, а потым і сярэдняга класа пераходзіла ў польскую культуру, і на польскую мову, выкарыстанне старабеларускай мовы скарачалася. Пад сяр. 17 ст. адзіным значным выдаўцом па-старабеларуску заставалася праваслаўная царква. Аднак, у той час нават мова тэкстаў, пісаных у праваслаўным асяроддзі, стала, у спробе прыцягнуць увагу чытача, моцна паланізаванай, і пачала моцна адрознівацца не толькі ад гутарковай мовы, але і ад ранейшай старабеларускай літаратурнай традыцыі. Прыкметна, што ад 1626 ўся праваслаўная анты-уніяцкая палеміка друкавалася па-польску.

К 2-й чвэрці 17 ст., старабеларуская літаратурная мова ўвабрала вялікую колькасць польскіх моўных элементаў, адарвалася ад сваёй народнай асновы, і стала моцна штучнай і нават не цалкам прыдатнай да жыццёвага выкарыстання. Літаратурная мова перыяду, асабліва пасля пераносу цэнтра праваслаўнага кнігадрукавання ў Кіеў (1610-я гг.), ужо не можа лічыцца сапраўды старабеларускай.[28]

У 1696 годзе, Генеральная канфедэрацыя саслоўяў забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых[32] афіцыйных дакументах, замяняючы яе ў гэтай ролі польскай мовай.

Сучасная беларуская літаратурная мова і ўкраінская літаратурная мова былі створаны ў XIX ст. на аснове гутарковай мовы сялянства, якія існавалі на этнічных беларускіх і ўкраінскіх землях у форме розных дыялектаў.

Духоўная літаратура

З’яўленне старабеларускіх адметнасцей у духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску адносіцца да 15 ст., а некаторыя аўтары заўважаюць беларускія фанетычныя адметнасці ў тэкстах 11 ст.[33]. Значнейшымі прыкладамі такой літаратуры былі «Чэцця» (перапісаная «паповічам Бярозкам з Навагрудка», 1489), збор старазапаветных кніг, перакладзены на старабеларускую са старажытнаяўрэйскай мовы ў канцы XV ст., псалтыр у XVI ст. і інш.[34]. Скарына, захоўваючы царкоўнаславянскую аснову ў сваіх кнігах, увёў так шмат старабеларускай лексікі, што мова яго кніг пачала значна адрознівацца ад царкоўнаславянскай[35].

Далейшыя спробы скарачэння разрыву між мовай духоўнай літаратуры і гутарковай былі зроблены Будным і Цяпінскім. Выданне Запаветаў у перакладзе Цяпінскага азначыла фактычную замену царкоўнаславянскай мовы на старабеларускую ў ролі мовы духоўнай літаратуры.[28]

Афіцыйная мова

Праблема класіфікацыі афіцыйнай, канцылярскай мовы і яе адмен у ВКЛ з’яўляецца спецыфічнай. Наогул, між мовазнаўцамі, што вывучаюць сярэдневяковую ўсходнеславянскую пісьменнасць, існуе фундаментальная нязгода наконт таго, ці лічыць тагачасную афіцыйную пісьменнасць праявай адпаведнай літаратурнай мовы. У выпадку старабеларускай мовы, Карскі ў 1900-х гг. (пазней, Ф. П. Філін у 1970-х гг., Л. М. Шакун у 1960-х гг.) давялі дастатковую ступень тоеснасці між старабеларускай літаратурнай мовай і мовай афіцыйных дакументаў ВКЛ. Але іншыя даследчыкі (С. Кутшэба (1914), Й. Якубоўскі (1912), А. Мартэль (1938), І. І. Лапо (1936)) аспрэчылі думку Карскага — або падкрэсліваючы значнасць царкоўнаславянскага кампанента ў мове афіцыйнай пісьменнасці ВКЛ, або выстаўляючы тэзіс пра тое, што такая мова была проста царкоўнаславянскай.[17]

Распаўсюджанне такіх поглядаў звычайна прыпісваецца недастатковаму веданню іншаземнымі даследчыкамі жывой беларускай мовы, перакрыццём сфер ужывання сярэдневяковай царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, падобнымі графічнымі сістэмамі, блізкасцю гэтых моў у граматыцы і лексіцы.[17]

Агульная характарыстыка

Устойлівыя, агульнапрынятыя кадыфікаваныя нормы (арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння) ў старабеларускай літаратурнай мове не існавалі, а толькі фарміраваліся; у адным тэксце маглі спалучацца як архаічныя, так і жывыя моўныя рысы, так і інавацыі. Існавалі шматлікія фармальныя дублеты — фанетычныя, марфалагічныя, арфаграфічныя. Так, рознымі спосабамі маглі перадавацца на пісьме, напрыклад, выбухны [г] — праз спалучэнні 'гг', 'кг', афрыката [дж] — дыграфамі 'дч', 'дж'; магло перадавацца або не перадавацца аканне, зацвярдзенне шыпячых, 'р', 'ц', пераход 'л', 'в' у 'ў' (нескладовае) і інш. Таму нормай у старажытнабеларускай літаратурнай мове звычайна лічаць найбольш частае, стабільнае ўжыванне той ці іншай граматычнай формы, спалучэння і інш.[36]

Фанетыка

Да адметных фанетычных з’яў старабеларускай мовы адносяцца аканне, яканне, дзеканне і цеканне, адлюстраваныя спарадычна; рэдукацыя ъ і ь у гукі ы, и (молоды, злы, би, пи і інш.); чаргаванні ро, ло, ле -> ры, лы, ли ў становішчы паміж зычнымі (кровъ — крыви, глотка — глытати, блескъ — блишати і г.д.); прыстаўны и перад збегам зычных, першы з якіх санорны (иржа, имгла і інш.), выпадзенне и ў пачатку слоў (мети з имети і інш.); пераход е -> о (прышолъ, чотыры і інш.); афрыката дж, перададзеная або непасрэдна, або апасродкавана (ездживалъ, розъежчал і інш.); фрыкатыўны г, у адрозненні ад выбухнога, што перадаваўся спалучэннямі кг, гк, гг; падаўжэнне зычных (вяселле і інш.); зацвярдзелыя р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і інш.); пераход в, у, л -> ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і інш.); прыстаўныя зычныя в, г (восень, гусеница і г.д.); зацвярдзелыя губныя на канцы слова (семъ, сыпъ і г.д.) і інш. Варта зазначыць, што ўсе гэтыя асаблівасці характэрныя для сучаснай (новай) літаратурнай беларускай мовы, і толькі часткова — для ўкраінскай.[37]

Марфалогія

З марфалагічных рыс старабеларускай мовы трэба адзначыць скланенне назоўнікаў тыпу боль, тень, жаль, насыпъ і г.д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў -у (-ю) ў родным склоне адзіночнага ліку ў назоўнікаў мужчынскага роду (народу, броду і інш.); канчатак -ы ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду (адз. лік, наз. склон) (городы, болоты і інш.). У рускай мове ў падобных выпадках захаваўся парны лік (два города, два яблока і г.д.); адлюстраванне найвышэйшай ступені параўнання ў прыметніках праз суфікс -ейш (мягчейший і г.д.); формы дзеясловаў тыпу стерегчи, несе, ляж, киньмо і г.д.; клічны склон; наяўнасць службовых часціц хай, але, або, каб і г.д.[37]

Сінтаксіс

З сінтаксічных з’яў трэба адзначыць такія асаблівасці ўласна беларускай мовы як шырокае ўжыванне поўных форм прыметнікаў у функцыі выказніка; спалучэнне лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі (адз. лік) ў форме роднага склону (тры столы і г.д.); ужыванне сінтаксічных канструкцый тыпу лепшъ за его, вышелъ от всихъ, пошолъ до дому, сталося ему і інш.; выкарыстанне ўласна беларускіх злучнікаў што, нібы, калі, як і інш..[37]

Лексіка

Слоўнікавы склад старабеларускай мовы надзвычай стракаты, у ім выдзяляецца найперш пласт спрадвечна беларускай лексікі (маці, сонца, брат, тры, новы і г.д.), агульнаславянскія (я, чалавек, дзед, зіма і інш.); агульнаўсходнеславянскія (сабака, куст, сорак, сям’я і інш.), уласна беларускія (волат, вежа, сейбіт, араты і інш.), а таксама шматлікія пазычанні, у большасці праз пасярэдніцтва польскай мовы або проста з польскай мовы.[37]

Фразеалогія

Да асаблівасцей старабеларускай мовы можна далучыць узнікненне ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў), частка з якіх захавалася з часоў агульнаславянскай мовы (напр. соль земли), а частка з’яўляецца ўласна беларускімі прыдумкамі (як свинья в болоте, ходити по людях і г.д.)[37]

Узаемадзеянні з іншымі мовамі

У пісьмовай старабеларускай мове існавалі шматлікія лексічныя пазычанні, найперш з польскай, таксама з нямецкай, лацінскай, чэшскай, радзей — з літоўскай і цюркскіх моў. Пазычаныя словы існавалі ва ўсіх сферах функцыянавання літаратурнай мовы, і ва ўсіх стылях[38]

Фанетычная адаптацыя пазычанняў літаратурнай мовай адбывалася не цалкам паслядоўна, у літаратурнай мове некаторыя з іх былі засвоены часткова, і захавалі гукі, не характэрныя, у прынцыпе, для беларускай мовы.

Так, у старажытнабеларускай літаратурнай мове пад уздзеяннем пазычанняў з грэчаскай праз царкоўнаславянскую з’явіўся гук [ф]. У большасці выпадкаў ён захаваўся, але часта ён, як і ў сучасных народных гаворках, замяняўся блізкімі да яго ў акустычных адносінах [п], [х], [хв]: фляша — пляша, кафель — кахель, фурман — хурман, фальварак — хвальварак. Часам утвараліся словы з фанетычнымі варыянтамі: кафтанъ — каптанъ — кахтанъ.

Словы з выбуховым [ґ] у выніку фанетычнай адаптацыі ў вымаўленні збліжаліся з словамі з фрыкатыўным [г]; раней гэтыя два гукі ў пісьмовых помніках размяжоўваліся: фрыкатыўны [г] перадаваўся літарай 'г', выбухны [ґ] — 'гг', 'кг' або спецыяльнай графемай. Часам у пазычаных словах фрыкатыўны [г] апускаўся: лоика, траедия[39].

Замяняліся і іншыя нехарактэрныя для беларускай мовы гукі, напрыклад, [е,], [о,] (у паланізмах) — на [а] і [у]: вязенье, прудки (prе, dki).

Асаблівасцю многіх пазычанняў была наяўнасць у іх цвёрдых зубных зычных перад пярэднім галосным [і], што азначалася на пісьме літарай 'ы' пасля адпаведнага зычнага: визытовати, дыктовати, дысцыплина, констытуцыя, традыцыя і інш. Але такое вымаўленне не стала агульнай заканамернасцю старажытнабеларускай мовы; гэтыя словы пачалі прыстасоўвацца да арфаэпічных нормаў жывой народнай мовы: индыкъ — индикъ, инквизыция — инквизиция, инкурсыя — инкурсия і інш. У пісьмовых помніках ранняга перыяду пераважаюць формы з цвёрдымі зубнымі, упозніх — з мяккімі зубнымі (наяўнасць варыянтаў з цвёрдымі зычнымі сведчыць, што пасярэдніцай у пазычанні была польская мова).[40] У 2-й пал. 16 ст. для іншамоўных слоў характэрнае і цвёрдае вымаўленне перад [э]: апэляцыя, гэрбъ, сэймъ, сэкта.

Многія пазычанні зазналі фанетычныя працэсы прыватнага характару, так у словах з двума гукамі [р] адбывалася рэгрэсіўная дыстантная асіміляцыя, у выніку якой першы гук [р] пераходзіў у [л]: барверъ — балверъ, перкгримъ —пелкгримъ, секретаръ — секлетаръ. Мелі месца метатэза: тумултъ — тулмутъ, манастыръ — намастыръ, тарелка — талерка, мураль — муляръ, кальцнеръ — канцлеръ і інш., таксама спрашчэнне: вспонялый — спанялый, обфитость — офитость, радзей — устаўка: каноникъ — кановникъ, пробощъ — проборщъ[41].

Напісанне (і вымаўленне) падвоеных зычных у пазычаннях саступала месца спрошчаным, адзіночным варыянтам; варыянты маглі і суіснаваць.

Прыклады

Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме

Прыклад тэксту на старабеларускай мове — першы абзац звароту падканцлера ВКЛ Льва Сапегі да Жыгмонта III Вазы з нагоды прыняцця Статуту ВКЛ, 1 снежня 1588 года, Брэст:

«Наяснейшому пану, пану Жикгимонъту Третему […] Были тые часы, наяснейшый милостивый г[о]с[по]д[а]ру королю, коли в томъ згромаженью а посполитован[ь]ю людскомъ, которое мы речью посполитою называем, не правомъ якимъ описанымъ або статутомъ, але только своимъ зданъемъ и уподобанъемъ владность свою г[о]с[по]д[а]ры и короли того света надъ людми ростегали. Але ижъ частокроть от пристойное своее повинности отступовали, а, на свой толко пожытокъ речы натегаючы, о сполное доброе всихъ мало дбали, оттул[ь] то было уросло, же люди, брыдечысе ихъ панованьемъ и звирхностю и не господарми, але тыранами оные называючы, на самом только статуте и праве описаномъ все беспеченство и доброе речы посполитое засажали. А прото онъ великий и зацный филозофъ греческий Арыстотелесъ поведилъ, же тамъ бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловекъ водлугъ уподобанья своего владность свою ростегаеть, а где опятъ право або статутъ гору маеть, там самъ богъ всимъ владнеть.»

Сучаснасць

Лексічныя, марфалагічныя і іншыя элементы старабеларускай мовы ў сваіх творах выкарыстоўваюць асобныя беларускія літаратары: Міхась Баярын у паэтычным зборніку «Шалёны вертаградар», Сяргей Балахонаў у апавяданні «Паляванне на пачварнага парсюка».

Гл. таксама

Заўвагі

Літаратура

  • (Анічэнка, Жураўскі 1988) Анічэнка У. В., Жураўскі А. І. Беларуская лексіка ў выданнях Ф. Скарыны // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.
  • (Бубновіч 2000) Бубновіч І. І. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю: Дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей выш. навуч. устаноў/Пад рэд. П. У. Сцяцко. — Гродна: ГрДУ, 2000. — 107 с. ISBN 985-417-165-5.
  • (Булыка 1980) Булыка А. М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — 256 с.
  • (Галенчанка 1988) Галенчанка Г. Я. Кнігадрукаванне ў Польшчы // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.
  • Запрудскі, С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. Архівавана 24 студзеня 2022. / С. Запрудскі // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе/ пад агул. Рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск: БДУ, 2013. — С. 81—111. [3] Архівавана 8 ліпеня 2022.
  • (Карскі 1893) Карский Е. Ф. Что такое древнее западнорусское наречие? // «Труды Девятого археологического съезда в Вильне, 1893», под ред. графини Уваровой и С. С. Слуцкого, т. II — М., 1897. — с. 62 — 70. In edition: Карский Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Е. Ф. Карский / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. — Мн. : БелЭн, 2006. — с. 495—504. ISBN 985-11-0360-8 (T.1), ISBN 985-11-0359-4.
  • (Карскі 1903) Карский, Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. ; [Карскій. Бѣлоруссы. Т. I — Вильна, 1903] — Мн. : БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0360-8 (Т.1), ISBN 985-11-0359-4.
  • (Станкевіч 1927) Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.
  • (Станкевіч 1930) Ян Станкевіч. Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьніку [Вільня, 1930] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.
  • (Станкевіч 1939) Ян Станкевіч. Гісторыя беларускага языка [Вільня, 1939] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.373—375.
  • (Станкевіч 1954) Доля мовы беларускае (яе вонкашная гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі [Нью-Йорк, 1954] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.2. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 586 с. ISBN 985-6599-46-6 (т.2). С.48—60.
  • (Яскевіч 2001) Яскевіч А. А. Старабеларускія граматыкі: да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці. — 2-е выд. — Мн. : Беларуская навука, 2001. ISBN 985-08-0451-3.
  • (Жураўскі 1978) А. И. Журавский. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. — С. 185—191.
  • (Жураўскі 1993) Жураўскі А. І. Беларуская мова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Півторак, Г. П. Староукраїнська літературна мова / Г. П. Півторак // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — Київ : Наук. думка, 2012. — Т. 9 : Прил — С. — С. 829.

Спасылкі