Карлавы Вары (па-чэску: Karlovy Vary, па-нямецку: Karlsbad) — горад на захадзе Чэхіі, сталіца Карлаварскага краю. Разьмешчаны на месцы зьліцьця рэк Огржэ і Цеплы. Зьяўляецца найвялікім курортным горадам Чэхіі. Тут знаходзіцца вялікае мноства санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў. Разам з Мар’янскімі Лазьнямі і Францішкавымі Лазьнямі ўтварае гэтак званы Заходнебагемскі курортны трыкутнік.
Ужо ў XIV стагодзьдзі мясцовыя лекавыя крыніцы набылі вялікую вядомасьць. У 1370 годзе імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Карл IV надаў багемскаму мястэчку Вары статус каралеўскага гораду, які пераназвалі ў гонар імпэратара. Да 1522 году адносяцца першыя пісьмовыя згадкі пра мясцовыя крыніцы. У 1582 годзе горад перажыў навадненьне, у 1604 годзе — згарэў, а потым пацярпеў у гады Трыццацігадовай вайны. У 1707 годзе імпэратар Ёзэф I пацьвердзіў прывелеі Вольнага каралеўскага гораду. У 1711 годзе Карлавы Вары наведаў расейскі цар Пётар I. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя лекавыя ўласьцівасьці карлаварскіх крыніцаў набываюць сусьветную вядомасьць, што паспрыяла роськвіту курорта: калі ў 1756 годзе ў горад прыехалі на лячэньне ўсяго 134 сям’і, то напрыканцы XIX стагодзьдзя гасьцёў курорту было ўжо ў сярэднім штогод каля 26 000, а ў 1911 годзе — амаль 71 000. З 1989 году, пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму, Карлавы Вары зноў сталі папулярным сусьветнавядомым курортам.