Аляксандар Кольчанка

Алякса́ндар Алякса́ндравіч Ко́льчанка (па-ўкраінску: Олександр Олександрович Кольченко; нарадзіўся 26 лістапада 1989 году, Сімфэропаль) — актывіст левых арганізацыяў Крыму і ўсёй Украіны, студэнт. Арыштаваны расейскімі ўладамі Крыму ў 2014 годзе па абвінавачваньні ў антырасейскай дзейнасьці. Вызвалены 7 верасьня 2019 году падчас абмену "35 на 35" палітвязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай.[1]

Аляксандар Кольчанка
укр. Олександр Кольченко
Дата нараджэньня 26 лістапада 1989 (34 гады)
Месца нараджэньня Сімфэропаль, УССР, СССР
Месца вучобы
Занятак прафсаюзны дзяяч, эколяг, археоляг, абаронца вакольнага асяродзьдзя
Узнагароды
ордэн „За мужнасьць“ I ступені ордэн „За мужнасьць“

Біяграфія

Нарадзіўся й жыў у Сімфэропалі. Вучыўся ў каледжы па спэцыяльнасьці «мэнэджар па турызьме». Паступіў на завочнае аддзяленьне геаграфічнага факультэту Таўрыйскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, паралельна працаваў грузчыкам на пошце і ў друкарні[2]. Працаваў на археалягічных раскопках.

Зьяўляецца актывістам левых, прыродаахоўных і прафсаюзных арганізацыяў. Браў удзел у акцыях студэнцкага прафсаюзу Студэнцкае дзеяньне(ru), у пратэстах працаўнікоў «Крымтралейбусу»[3]. Таксама арганізоўваў акцыі ў памяць пра антыфашыстаў Анастасію Бабураву і Івана Хутарскога(ru), браў удзел у барацьбе супраць забудовы Залескага парку ў Сімфэропалі[4].

У 2014 годзе браў удзел у праўкраінскіх мітынгах у Крыме.

Вядомы сярод актывістаў па мянушцы Тундра.

Перасьлед і арышт

16 траўня 2014 году арыштаваны ў Сімфэропалі па абвінавачаньні ў падпале офісаў Адзінай Расеі і Расейскае нацыянальнае суполкі ў Крыме, а таксама ў падрыхтоўцы выбуху ля мэмарыялу вечнага агню. 23 траўня вывезены ў Маскву. Тэрмін сьледзтва быў падоўжаны судом да 20 жніўня 2015, пазьней да 16 траўня 2015 году. 13 траўня тэрмін арышту падоўжаны да 16 ліпеня 2015[5].

Таксама Кольчанка абвінавачваецца ў прыналежнасьці да крайнеправай арганізацыі Правы сэктар, а таксама ў змове з Алегам Сянцовым, Генадзем Афанасьевым і Аляксеем Чэрніем з мэтай зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў.

Аляксандар Кольчанка не ішоў на супрацоўніцтва зь сьледзтвам і адмаўляў уласную віну. Ягоным адвакатам зьяўляецца Сьвятлана Сідоркіна[6].

Абарона Кольчанка настойвае, што ён зьяўляецца ўкраінскім грамадзянінам, але Сімфэропальскі суд абвяргае гэта, матывуючы тым, што Кольчанка не пасьпеў своечасова адмовіцца ад расейскага грамадзянства. Праз гэта яму забараняюць сустрэцца з украінскім консулам.[7]. Тым ня менш у адказе на запыт дэпутата Аляксандра Брыгінца Генэральная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі прызнала Кольчанку разам зь іншымі арыштантамі грамадзянамі Ўкраіны[8].

1 чэрвеня 2015 году сьледчы накіраваў абвінаваўчае заключэньне ў генэральную пракуратуру Расейскай Фэдэрацыі. 11 чэрвеня намесьнік генэральнага пракурора Расеі Віктар Грынь(ru) зацьвердзіў заключэньне і перадаў справу Кольчанкі і Сянцова ў суд. 10 ліпеня растоўскі суд падоўжыў тэрмін арышту Кольчанкі і Сянцова да студзеня 2016 году. Першае пасяджэньне суда па сутнасьці справы адбылося 21 ліпеня[9]. Справу разглядаў Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд. Кольчанку абвінавачвалі па артыкулах крымінальнага кодэксу РФ 205.4, частка 2 (удзел у тэрарыстычнай групоўцы) і артыкуле 205, пункт «а».

25 жніўня у Растове-на-Доне судзьдзём Сяргеем Міхайлюком Аляксандар Кольчанка быў прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму[10].

Рэакцыя ва Ўкраіне і сьвеце

Міністэрства замежных справаў Украіны 30 траўня 2014 году накіравала ў Міністэрства замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі ноту, у якой патрабавала неадкладнага вызваленьня ўкраінскіх грамадзянаў, у тым ліку Сянцова й Кольчанку[11].

Арганізацыя «Аўтаномны супраціў», якая лічыць Кольчанку сваім прыхільнікам, праводзіць шматлікія акцыі ў ягоную падтрымку.

30 чэрвеня 2015 году адбылася акцыя ў падтрымку Аляксандра Кольчанкі ў Парыжы ля расейскай амбасады[12].

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ў пачатку ліпеня 2015 году заклікала Расею неадкладна вызваліць і вярнуць ва Ўкраіну ўкраінскіх грамадзян, што незаконна ўтрымліваюцца, у тым ліку Аляксандра Кольчанку[13].

Рэліз

Вяртанне Кольчанкі ва Украіну

Вызвалены 7 верасьня 2019 году падчас абмену "35 на 35" палітвязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай.[1]

Крыніцы