Гей

мужчына, які мае схільнасьць да гомасэксуальнасьці

Гей ці гэй (анг. gay) — гомасэксуальны мужчына. То бок мужчына, які адчувае пачуцьцёвую і сэксуальную прыхільнасьць толькі да іншых мужчынаў, і на аснове гэтай цягі можа стварыць уласную ідэнтычнасьць і ўстанавіць трывалыя адносіны з іншым(і) мужчынам(і). Акрамя гэта «гей» выкарыстоўваецца ў якасьці прыметніка для азначэньня мужчынскай гомасэксульнасьці.

Этымалёгія

Слова «гей» ужываецца ў ангельскай мове з XII стагодзьдзя, паходзіць ад старажытнафранцускага «gai», якое ў сваю чаргу вельмі верагодна мае германскае паходжаньне[1]. Паводле яшчэ адной вэрсыі, слова «гей» паходзіць ад стараправансальскага «gaya» (вясёлы)[2]. Адсюль у сучаснай францускай мове «gai» азначае «вясёлы».

Асноўнае значэньне слова — «радасны», «бесклапотны»: у гэтым сэнсе яно вельмі часта выкарыстоўвалася ў францускай і ангельскай мовах у выступах і літаратуры 19-га — першай паловы 20 ст. Напрыклад, аптымізм 1890-х гадоў часта называюць па-ангельскуй «Gay Nineties»[3]. Назва францускага балета «La Gaîté parisienne» (1938) Мануэля Разэнталя па матывых Афэнбаха таксама мае гэтую канатацыю.

З XVII стагодзьдзя тэрмін «гей» выкарыстоўваецца для азначэньня таго, што зьвязана з амаральнымі паводзінамі і асалодай, пазьней у XIX стагодзьдзі асацыяваўся з прастытуцыяй[4].

У беларускую мову слова «гей» прыйшло на пачатку 90-ых гадоў 20 ст. У афіцыйным слоўніку слова ўпершыню фіксуецца ў 2009 годзе — «Слоўнік новых слоў беларускай мовы»[5].

Сучасны ўжытак

У 20 ст. слова «гей» праз пасярэдніцтва ангельскай мовы трапіла ў большую частку іншых моваў. Паводле савецкага і расейскага сацыёляга і сэксоляга Ігара Кона, «цяпер „гей“ — ня проста мужчына, які любіць мужчынаў, а носьбіт асаблівай самасьвядомасьці, прадстаўнік адпаведнай субкультуры, грамады ці арганізацыі, змагар за свае грамадзянскія правы»[6].

«Гей» зьяўляецца сынонімам слова «гомасэксуал», а часта і больш нэўтральнай альтэрнатывай, бо слова мае менш сэксуальнай канатацыі[7].

Глядзіце таксама

Крыніцы