Мова комі (комі-зыр.: ко́ми кыв) — агульная мова народаў комі-зыранаў, комі-пярмякаў і комі-язьвінцаў. Распаўсюджаная ў Рэспубліцы Комі, Комі-Пярмяцкай аўтаномнай акрузе і Краснавішэрскім раёне (Пермскі край), у Кіраўскай вобласьці (Афанасьеўскі раён, комі-зюзьдзінская гаворка) і на ўсходзе Кольскае паўвыспы.
Мова комі зьяўляецца адной зь дзьвюх моваў пермскае галіны фіна-вугорскіх моваў (разам з удмурцкай), у сваю чаргу падзяляецца на тры галоўныя гаворкі, што маюць свае літаратурныя стандарты:
Мова комі-зыранаў (разам зь імі комі-іжэмцаў, прыўральскіх і кольскіх комі) — комі-зыра́нская мова,
Мова комі-пярмякаў (разам зь імі і комі-зюзьдзінцаў) — комі-пярмя́цкая мова,
Мова комі-язьвінцаў — комі-я́зьвінская мова (мае свой літаратурны стандарт з 2003 году і некаторымі навукоўцамі разглядаецца як дыялект комі-пярмяцкае мовы).
У цяперашнія часы актыўна выцясьняецца расейскай мовай.
Для мовы комі характэрная наяўнасьць 7 галосных (у комі-язьвінскай — 10) з улікам галосных сярэдняга шэрагу ы, ӧ. Зычныя гукі поўнасьцю ідэнтычныя з удмурцкай мовай (26 гукаў).
У адрозьненьне ад роднаснае ўдмурцкае мовы, мае дадатковыя склоны (характэрная рыса ўсіх фіна-вугорскіх моваў — даволі вялікая колькасьць склонаў): камітатыў, фіналіс і (ня ўсюды) кампаратыў. Мае прыстаўку параўнальнае ступені мед- (медбу́р — самы лепшы), якая адсутнічае ўва ўдмурцкай мове.
Комі лексыка адрозьніваецца ад удмурцкае лексыкі значна меншай колькасьцю цюрскіх запазычанасьцяў, што зьявіліся ўва ўдмурцкай мове ў выніку цесных кантактаў з татарамі.
Да хрышчэньня ў хрысьціянства народам комі ўжываліся рунічныя знакі (г. зв. «пасы»), якія выразаліся на паляўнічых драўляных календарох і іншых прадмэтах хатняга быту. Хрысьціянскім місіянэрам Стэфанам Пермскім (які зьяўляўся комі па паходжаньні) у другой палове XIV ст. была створаная старажытнапермская пісьмовасьць (абур, анбур), якая выйшла з ужытку ў 17-18 ст.
У 17—18 ст. пачынае зьяўляецца кірылічная комі пісьмовасьць, якая існавала ў шматлікіх варыянтах. У 1917 годзе ўтварыліся дзьве новых літаратурных нормы мовы комі: комі-зыранская ды комі-пярмяцкая літаратурныя мовы. У 1920 г. зьяўляецца г. зв. «маладцоўскі альфабэт» (атрымаў назву па аўтару альфабэту Васілю Маладцову), таксама ўжываўся і фанэматычны альфабэт. У 1930 г. зьяўляецца комі альфабэт на аснове лацінскага альфабэту, але ў 1936 г. зноў быў вернуты альфабэт паводле аўтарства Маладцова. У 1938 г. альфабэт Маладцова быў заменены на альфабэт, які выкарыстоўваецца па цяперашні час: стандартныя 33 расейскія літары з даданьнем літараў «і», «ӧ» і некаторых дыґрафаў. У комі-язьвінскім альфабэце адстунічае літара «і» і дыґраф дз, але прысутнічаюць літары «ӱ», «ө», а таксама дыґраф дч.
Паводле меркаваньня вядомага і славутага фінавуграведа В. Лыткіна, агульная мова комі да падзяленьня на тры гаворкі праіснавала ўсяго прыкладна 1—2 стагодзьдзі (прыкладна на мяжы першага й другога тысячагодзьдзя). Першапачаткова мова комі падзялілася на дзьве гаворкі (комі-зыранская і комі-пярмяцкая): гэта было зьвязана зь міграцыяй зыранаў на поўнач. Падзяленьне мовы комі на комі-зыранскую і комі-пярмяцкую канчаткова адбылося прыкладна ў 14—15 ст. Комі-язьвінская гаворка як самастойная лінґвістычная адзінка канчаткова склалася значна пазьней у выніку ізаляцыі ўсходняе супольнасьці комі-пярмякаў расейскімі пасяленцамі.