Міхась Баразна
Міха́сь Рыго́равіч Баразна́ (нар. 20 лістапада 1962 у в. Ліхінічы Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці; псэўданім Ігнат Ліхінец) — беларускі мастацтвазнаўца, фотамастак, публіцыст. Кандыдат мастацтвазнаўства. З 2010 г. рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ляўрэат спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у галіне крытыкі і мастацтвазнаўства. Сябра Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва[1]. У якасьці рэктара БДАМ удзельнічаў у рэпрэсіях супраць студэнтаў, якія пратэставалі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году[2], у сувязі з чым 2021 году ўнесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу.
Міхась Баразна | |
![]() Міхаіл Баразна пад час адкрыцьця выставы жывапісу Гаўрылы Вашчанкі ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі 12 сьнежня 2013 | |
Дата нараджэньня | 20 лістапада 1962 (61 год) |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Ліхінічы Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці |
Месца вучобы | БДАМ |
Занятак | мастацтвазнавец, мастацкі крытык, фотамастак, фатограф |
Навуковая сфэра | мастацтвазнаўства |
Месца працы | БДАМ |
Вядомы як | дасьледчык кніжнай графікі |
Навуковая ступень | кандыдат мастацтвазнаўства[d] |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баразна (неадназначнасьць).
Біяграфія
Міхась Рыгоравіч Баразна нарадзіўся 20 лістапада 1962 году ў сям’і настаўнікаў[3].
Закончыў Круглянскую сярэднюю школу. У 1985 годзе скончыў мастацка-прамысловы факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў[4].
З 1985 па 1992 гг. працаваў мастацкім рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1992 г. пасьля заканчэньня асьпірантуры працуе ў Беларускай акадэміі мастацтваў, з 1996 г. да 1998 г. выконваў абавязкі загадчыка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, ад 1999 г. — прарэктар па навукова-творчай рабоце. З 2010 г. — рэктар названай установы.
У 1994—1996 гг. быў куратарам-мастацтвазнаўцам галерэі сучаснага мастацтва ў Віцебску «У Пушкіна»[5]. У 1996 годзе ўдзельнічаў у выставе «Belart» (Нямеччына)[6].
У 1999 годзе абараніў дысэртацыю на атрыманьне навуковай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па тэме «Тэндэнцыі разьвіцьця беларускай кніжнай графікі 1960-сярэдзіны 1990 гг.: на матэрыялах мастацкай літаратуры» (у Беларускай акадэміі мастацтваў).
Аўтар кніг і шматлікіх артыкулаў па гісторыі беларускага мастацтва, у прыватнасьці кніжнай графікі.
Старшыня аргкамітэта па па падрыхтоўцы і ўдзеле Рэспублікі Беларусь у 54-й Вэнэцыянскай біенале і куратар павільёна[7].
Старшыня Рэспубліканскага мастацка-экспертнай рады па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь[8]. Ганаровы сябра Расейскай акадэміі мастацтваў, сябра грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз мастакоў»[9].
Брат — Рыгор Рыгоравіч Баразна[10].
Санкцыі ЭЗ, іншых краінаў
21 чэрвеня 2021 году Баразна быў унесены ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[11]. Паводле рашэньня ЭЗ, Баразна «нясе адказнасьць за рашэньне адміністрацыі ўнівэрсытэту адлічыць студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту», пастановы аб чым былі прыняты пасьля закліку Аляксандра Лукашэнкі 27 кастрычніка 2020 году адлічаць студэнтаў унівэрсытэтаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту й страйках – рэпрэсіі супраць грамадзянскае супольнасьці й падтрымку рэжыму Лукашэнкі[12]. З той жа фармулёўкай 7 ліпеня 2021 году Баразна трапіў і ў санкцыйны сьпіс Швайцарыі[13][14]. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[15].
Бібліяграфія
- Баразна М. Р. Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя. — Менск: Беларусь, 2007. — 239 с. — ISBN 978—985-01-0732-9
- Баразна М. Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гадоў. — Менск: Бел. Энцыкл., 2001. — 207 с. — 3000 ас. — ISBN 985-11-0201-6