Пераклад

перастварэньне тэксту іншай мовай

Пераклад — перадача значэньня тэксту на зыходнай мове эквівалентным тэкстам на канцавой мове[1]. Нягледзячы на тое, што разуменьне іншых моваў мела месца і да зьяўленьня пісьма, перакладніцкая дзейнасьць распачалася са зьяўленьнем пісьмовай літаратуры. Гэтак, вядомы няпоўны пераклад шумэрскага Эпасу пра Гільгамэша (к. 2000 да н. э.) на мовы Паўднёва-Заходняй Азіі, выкананы ў другім тысячагодзьдзі да нашай эры[2].

Пры перакладзе з адной мовы на другую заўсёды існуе рызыка таго, што ідыёмы перацякуць у недарэчнай форме ў выніковую мову. У той жа час, калькаваньне і запазычваньне словаў можа ўзбагаціць мову, на якую перакладаецца тэкст. Сапраўды, перакладаньне і дапамагала ў фармаваньні моваў, на якія ажыцьцяўляліся пераклады[3].

З узрастаньнем патрэбаў бізнэсу пасьля Індустрыяльнай рэвалюцыі задачы па перакладзе былі фармалізаваныя — гэтак паўсталі асобныя перакладніцкія школы і спэцыялізаваныя асацыяцыі[4].

З-за працаёмкасьці працэсу перакладу ў 1940-х гадох перад інжынэрамі паўстала задача аўтаматызацыі перакладніцкага працэсу (машынны пераклад), або прынамсі дапамогі ў перакладзе (аўтаматызаваны пераклад)[5]. З разьвіцьцём Інтэрнэту паўстаў цэлы рынак перакладніцкіх паслугаў, а таксама пачалося разьвіцьцё моўнай лякалізацыі[6].

Сыстэматычным дасьледваньнем тэорыі і практыкі перакладаў займаецца перакладазнаўства.

Глядзіце таксама

Крыніцы