Смаржок

род сумчатых грыбоў

Смаржок[2]род сумчатых грыбоў-дыскаміцэтаў.

Смаржок
Круглы смаржок (2015 год)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваГрыбы
ПадцарстваНайвышэйшыя грыбы
ТыпСумчатыя грыбы
КлясаАскавыя (торбачкавыя)[1]
АтрадПэціцальныя (сподачнікападобныя)
СямействаСмаржковыя
Від
круглы смаржок, стажкаваты смаржок
Бінамінальная намэнклятура
Morchella Хрысьціян Пэрсан

Сапратрофы на глебе ў лясах, на ўзьлесках, высечках і палянах. Вясновыя грыбы, што пладаносяць у красавіку—траўні. Умоўна ядомыя грыбы, што спажываюць пасьля адварваньня і паўгадовай сушкі. Сярод 15 відаў у Беларусі трапляліся круглы (звычайны, ядомы) і стажкаваты (канічны) смаржкі[3]. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я і ў Аўстраліі[4]. Іншыя назвы: змаршчок, страчок, вясёлка (весялок, асялок), грыбаў цьвет (глузд)[5], смаршчок і храпач[6].

Выгляд

Пладовае цела смаржка шапкавае. Сеткава-ячэістая шапка пустая ўнутры, а ўнізе прырослая да ножкі. У круглага смаржка шара- або яйцападобная шапка жаўтавата-бураватага або шэра-вохрыстага адценьня з акруглымі ячэйкамі. Стажкаваты смаржок мае выцягнутую, доўгую шапку шакалядна-карычневага адценьня завостраную на верхавінцы з прадаўгаватымі ячэйкамі. Роўная або часам патоўшчаная ля асновы ножка пустая белага або жаўтаватага адценьня. Выцягнута-авальныя, 8-споравыя сумкі знаходзяцца ў ячэйках. Эліпсоідныя, гладкія споры бясколерныя[3]. Ножка мае вышыню 6—15 см і шырыню 2—3 см[4].

Віды

  • Круглы смаржок. Яйка- або куляватая, пустая шапачка жаўтлява-рудзявага ці шэра-рудога адценьня прамерам 4—8 см з прырослым да ножкі краем і няправільна акругленымі ячэйкамі. Тонкая, далікатная, крохкая мякаць бялявага адценьня з прыемным смакам без асаблівага паху. Цыліндрычная, тонкая, пустая і гладкая ножка бялявага або зьлёгку рудзявага адценьня вышынёй 4—8 см і таўшчынёй 1—2 см. Эліпсоідныя, гладкія зярліцы жаўтлявага адценьня памерам 18—20х10—12 мкм[7].
Стажкаваты смаржок (2013 год)
  • Стажкаваты смаржок. Падоўжана-канічная або вузка-яйкаватая, пустая шапачка карычневага адценьня прамерам 1,5—3 см з прырослым да ножкі краем, укрытая вузкімі падоўжанымі ячэйкамі. Тонкая, далікатная, крохкая мякаць грыба бялявага адценьня без асаблівага паху і смаку. Цыліндрычная, пустая ножка грыба жаўтлявага адценьня вышынёй 2—4 см і таўшчынёй 1—1,5 см. Эліпсоідныя, гладкія зярліцы амаль бясколерныя памерам 18—20х12х14 мкм у парашку становяцца жаўтлявыя[7].

Спажываньне

Амлет са смаржкамі і браткамі (2018 год)

Перад ужываньнем смаржкі адварваюць прынамсі 15 хвілінаў у трохкратным аб'ёме вады, бо ў сырым выглядзе грыбы ўтрымліваюць атрутныя гітрамітрыны. Адвар зьліваюць, а грыбы прамываюць. Есьці іх можна праз 3 месяцы пасьля сушкі. Таксама іх замарожваюць, смажаць і тушаць. Смаржкі ўтрымліваюць вітаміны Д і Д2 (эргакальцыфэрол), а таксама вітаміны групы Б. Ужываньне смаржкоў папярэджвае памутненьне крышталіка вока і мацуе вокавыя цягліцы. Адвар з папярэдне апрацаваных смаржкоў спрыяе працы стаўнікава-кішачнага тракту. Настой з шапачак смаржкоў выкарыстоўваюць пры рэўматызьме[8].

Крыніцы