Яно (псыхааналіз)

тэрмін у псыхааналізе

Яно́, таксама Ід ці Іт (ад ням. das Es — «гэта»; лац. Id, анг. the It) — тэрмін у псыхааналізе. Зыгмунд Фройд разглядаў Яно як несьвядомы інстынктыўны кампанэнт асобы, які прысутнічае пры народзінах[1], крыніцу цялесных патрэбаў і пажадлівасьці, эмацыйных імпульсаў і асабліва агрэсіі й сэксуальнае цягі[2]. Яно дзейнічае ў адпаведнасьці з прынцыпам задавальненьня — псыхічнай сілай, арыентаванай на неадкладнае задавальненьне імпульсу й жаданьня.

Этымалёгія і паходжаньне

Тэрмін «Яно» ёсьць перакладзеным ангельскім the It, ад якога таксама было сторанае лацінскае Id.

Ангельскае the It ёсьць перакладам арыґінальнага нямецкага das Es (літ. «гэта»).

Псыхааналітычны тэрмін «Яно» Фройд запазычаў у нямецкага лекара Георга Гродэка для аддзяленьня й абазначэньня неарґанізаваных частак псыхічнага апарату чалавека.

Паводле Зыгмунда Фройда

Фройд апісваў Яно як «цёмную, недаступную частку нашае асобы». Разуменьне Яно абмежавана аналізам сноў і нэўратычных сымптомаў, і яно можа быць апісана толькі ў тэрмінах ягонага кантрасту зь Я. У Яно няма ні арґанізацыі, ані калектыўнае волі: Яно заклапочанае толькі задавальненьнем інстынктаў у адпаведнасьці з прынцыпам задавальненьня[3]. Яно не зьвяртае ўвагі на розум і прэзумпцыю звычайнага сьвядомага жыцьця: «супрацьлеглыя імпульсы існуюць побач, не адмяняючы адзін аднаго… У Яно няма нічога, што можна было б параўнаць з адмаўленьнем… у Яно няма нічога, што адпавядала б ідэі часу»[4] Яно «ня ведае каштоўнасных меркаваньняў: ані дабра, ані зла, ані маралі. <…> Інстынктыўныя катэксісы, якія шукаюць разрадкі, — гэта, на наш погляд, усё, што ёсьць у Яно»[5].

Найбольш архаічную з псыхічных правінцыяў (інстанцыяў) мы называем сфэрай Яно; зьместам яе зьяўляецца ўсё, што намі ўспадкавана, прысутнічае з самага народзінаў і спрэс укаранёна ў нашай канстытуцыі. А гэта, перш за ўсё цягі, якія бяруць сваё паходжаньне ў целе й знаходзяць тут для сябе праявы ў невядомых для нас формах.

— Зыгмунд Фройд, «Нарыс псыхааналізу»[6].

Некаторыя іншыя важныя дапушчэньні Фройда адносна Яно заключаліся ў тым, што Яно функцыянуе на аснове першаснага псыхічнага працэсу, зьмяшчае свабодную рухомую энэргію й дзейнічае ў адпаведнасьці з прынцыпам задавальненьня. Гэтыя дапушчэньня робяць Яно схільным усім супярэчнасьцям, спалучаным з тэорыяй інстынктаў, уяўленьнямі аб псыхічнай энэргіі, эканамічным падыходам[7].

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

  • Sigmund Freud. New Introductory Lectures on Psychoanalysis. — 1933. — С. 105—107. (анг.)