Глінішча (Гомельская вобласьць)
Глі́нішча[2] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці, цэнтар Алексіцкага сельсавету.
Глінішча лац. Hlinišča | |
Дата заснаваньня: | Перад 1591 годам[a] |
Былая назва: | Глін |
Мясцовая назва: | Глінішчы |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Алексіцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247607 |
СААТА: | 3254804006 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°56′10″ пн. ш. 29°39′45″ у. д. / 51.93611° пн. ш. 29.6625° у. д. 29°39′45″ у. д. / 51.93611° пн. ш. 29.6625° у. д. |
± Глінішча | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Месьціцца за 26 км у напрамку на захад ад Хвойнікаў, за 133 км ад Гомеля[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У «Вялікім гістарычным атлясе Беларусі» найранейшая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 годам[4]. Належала да Мазырскага павету[b] Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.
30 жніўня 1658 году права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (па-лацінску: bona Olexicze et Hliniszcze) было пацьверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу[c] лістом караля Яна Казімера[6]. У 1671 годзе пісар гродзкі мазырскі Базыль Абуховіч абвінавачваў у судзе стрыечнага брата Дамініка Абуховіча ў памкненьні на забойства і ўчыненьні пагрозаў на шляхецкі гонар і здароўе. Валодаў у Мазырскім павеце спадчыннымі маёнткамі Абухаўшчына, Глінішча, Сядзельнікі, Трасьцяніца і часткай Шарэйкаў[7].
Вёска Глінішча ў добрах пана Багуслава Аскеркі, харунжага мазырскага, сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. Таксама і ў візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам засьведчана, што паселішча належала да прыходу названай царквы. Колькасьць двароў у абодвух выпадках не названая[8].
19 чэрвеня 1789 году адразу па нараджэньні ахрышчаны «з вады» (ex aqua) грэка-уніяцкім сьвятаром Іаанам Транцэвічам, парохам Алексіцкай царквы, Гервазі Антоні, сын шляхетных Севярына і Францішкі з дому Яшэўскіх Лянкевічаў зь вёскі Глінішча, а 4 лістапада т. г. з усімі ўжо касьцёльнымі цэрымоніямі – айцом Янам Казіцкім, парохам Юравіцкага касьцёлу, вікарыем канвэнту ордэна братоў-прапаведнікаў (дамініканаў). 15 ліпеня 1791 году ксяндзом Я. Казіцкім ахрышчаны Юзаф Антоні, сын тых жа сужэнцаў Лянкевічаў de villa Liniszcza[9].|
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глінішча — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10].
Згодна з крыніцай, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, «село Глинище с двором Станиславовым[d]» належала мазырскаму чашніку Станіславу Аскерку. Згадана капліца Юравіцкага парафіяльнага касьцёла[13]. Дзедзічны ўладальнік паведаміў рэвізорам, што ў яго фальварку жылі шляхцічы Юзаф, сын Яна, Анцыпаровіч, «учителем для детей», Севярын Лянкевіч з жонкай Францішкай, «на чинше», іх сыны Ян, Гервазі і дачка Зофія[14]. 21 сакавіка 1795 году ксяндзом-дамініканам Антоніем Блажэвічам ахрышчаны Іосіф Рыгор, сын Данілы і Клары Кудрыцкіх з Глінішча, кумамі былі Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава, Севярын Лянкевіч і Катарына Кулешына. 26 красавіка ксёндз Я. Казіцкі ахрысьціў Леона Вінцэнта, сына Станіслава і Францішкі з дому Грабскіх Аскеркаў, кумамі — Амброзі Аскерка, гэнэрал польнай булавы войскаў літоўскіх, і Тэадора Аскерчына, Фларэнцін Аскерка, судзьдзя земкі мазырскі, і Францішка Лянкевічава de willa Liniszcze[15].
С. В. Марцэлеў у артыкуле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» даводзіў, што ў вёсцы Глінішча ў 1795 годзе было 26 двароў, 138 жыхароў[1][e]. У мэтрычных кнігах павернутай да расейскага праваслаўя Алексіцкай царквы 1795 і 1796 гадоў названыя прозьвішчы глінішчанцаў — Чубаты, Вяліда, Богдан, Рымар, Малежык[h], Кудрыцкі (у будучым прозьвішча-лідар), Віньнік, Швец (Шавец), Бондар, Казёл (Козёл), Янчук, Мурашка[30]. 7 красавіка 1799 годe ксяндзом-дамініканам Гіацынтам Бачынскім ажрышчана Агнета, дачка шляхетных Вінцэнта і Ганны з дому Транцэвічаў Шэлянгоўскіх, кумамі — Станіслаў Аскерка і Францішка Лянкевічава de villa Hliniszcze[31].
Паводле шляхецкай рэвізіі 1811 году, уладальнік сяла Глінішча, у якім рэвізоры папярэдне, у 1795 годзе, налічылі 93 душы прыгонных «мужеска пола», Станіслаў Аскерка (55 гадоў) з сынамі Рыгорам (20 г.) и Леонам (16 г.) жыў у двары Азярын. Двор Станиславаў з Глінішчам трымаў ў арэндзе паручнік «бывших войск польских» Францішак, сын Юзафа, Капэрніцкі (35 г.). Таксама тут жылі яго сыны Юзаф (3 г.) і Нарцыз (2 г.), брат Адам (19 г.). Эканомам і «приказчиком» у фальварку служылі адпаведна Вінцэнт, сын Мацея, Кулеша (24 г.) і Ігнацы, сын Паўла, Шарфановіч (27 г.). Абодва — зь ліку «шляхетства беспоместного»[32]. Згодна зь сялянскай рэвізіяй 1811 г, у 24 дварах жылі людзі з прозьвішчамі Бунчак, Арцюшэнка, Кудрыцкі, Халімон, Дубадзел, Ліпніцкі, Малежык, Богдан, Рымарчук, Качанок (Качан), Макарчык (Макарчук), Козел, Дзеравяк, Чарняк, Казачэнка; усяго налічвалася 74 душы мужчынскага полу[33].
На 1834 год у Глінішчы налічвалася 18 двароў, у якіх – 55 жыхароў мужчынскага і 62 жаночага полу. Дадалося прозьвішча Падвойскі, а Малежыкі тут упершыню названыя (пакуль не настала) Мележамі[34].
. Згодна з інвэнтарамі 1845 і 1846 гадоў, у маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі пражывала 6 дваран, 2 аднадворцы, 9 вольных аратых. У аднаіменных вёсках разам было 22 двары, 75 цяглых сялян мужчынскага і 83 жаночага полу, 9 мужчын зь ліку сялян дваровых. У Азярыне, акрамя Качаноў, Казачэнкаў, Дубадзелаў, Кудрыцкіх, жылі Грыцкевічы. Частка маёнтку Глінішча з 35 прыгоннымі належала пану Солтану — 16 мужчын, 19 жанчын[35].
Рэвізіямі 1850 і 1858 гадоў ў Глінішчы засьведчана наяўнасьць 17 двароў з 55 падданымі-мужчынамі ў абодвух выпадках ды з адпаведна 58 і 81 жанчынай[36].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 129 жыхароў Глінішча і 31 жыхар Азярына абодвух полаў былі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Алексічах, 8 жыхароў двара Глінішча, 7 жыхароў двара і 21 жыхар вёскі Азярын зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[37].
У парэформавы пэрыяд Глінішча — у Юравіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 64 мужчынскія душы зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Глінішчанскага сельскага таварыства, 8 душ аднадворцаў, прыпісаных да воласьці; у засьценку Азярын — 3 аднадворцы[38]. Пасьля сьмерці бязьдзетнага Рыгора Аскеркі[m] добры дасталіся нашчадкам яго дзядзькі Леапольда, сына Багуслава, Аскеркі. Згодна са зьвесткамі 1876 і 1879 гадоў, жыхары Глінішча — сярод прыхаджанаў Алексіцкай Мікалаеўскай царквы[41]. У 1889 годзе Фелікс (Шчасны), сын Эміля, Аскерка[n] валодаў маёнткамі Глінішча (300 дзесяцін), Азярын (32 дз.), Дзеравішча (2788 дз.) і Маканавічы (8764 дз.)[43].
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы Глінішча — 61 двор, 270 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазын, карчма[1]. На 1903/4 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, уладальнікам маёнтку Глінішча названы Станіслаў, сын Фелікса, Аскерка[44]. У 1909 годзе ў вёсцы налічвалася 77 двароў з 542 жыхарамі, у аднаіменным фальварку — 1 двор, 21 жыхар[45]. У 1913 годзе маёнтак Глінішча[o] ў 2380 дзесяцін угодзьдзяў быў уласнасьцю Эміля, сына Фелікса, Аскеркі[p][47].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Глінішча ў складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[48].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Глінішча — цэнтар аднайменнага сельсавету ў Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Алексіцкага сельсавету. У 1930 годзе ў вёсцы 159 двароў, 903 жыхары. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Рассвет», правалі вятрак і кузьня[1]. З 8 ліпеня 1931 году Глінішча ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Глінішчы было 182 двара з 538 жыхарамі. У вайну акупанты спалілі 93 двары і загубілі 101 жыхара. 25 вяскоўцаў угналі на катаргу[49].
З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года, — 879 жыхароў, сярэдняя школа[1].
З 15 жніўня 1974 году Глінішча — цэнтар Алексіцкага сельсавету[50]. Цэнтральная сядзіба калгасу «Ленінскі шлях».
У 1986 — 1990 гадох пабудаваныя мураваныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясьцінаў. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, дом культуры, бабліятэка, крама, адзьдзяленьне сувязі[1].
Насельніцтва
- 2021 год — 199 двароў, 513 жыхароў[51].
Асобы
* Іван Мележ, беларускі празаік, драматург
Адметнасьці
Дом-музэй Івана Мележа[3].
Заўвагі
Легэнда пераказана са слоў роднай сястры І. П. Мележа Тамары Аляхновіч. Напэўна, людзі з прозьвішчам Малеж або Малежык жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай, г. зн. задоўга да таго, як магла зьявіцца павіннасьць служыць у расейскім войску. У мэтрыцы 1795 г. ёсьць датаваны 11-м лістапада запіс пра шлюб 17-ці гадовага Хведара Гаўрылавага Малежыка з Матрунай, дачкой Міхала Віньніка; сьведкамі тады выступілі Іван Малежык і Павал Швец[28]. У мэтрыках 1801 і 1802 галоў ёсьць запісы пра сьмерць і пахаваньне 49-ці гадовага Гаўрылы Малежыка і 56-ці гадовага Піліпа Іванавага Малежыка[29]. Усё паказвае на тое, што з Чэхіі на Беларусь першы з Малежыкаў наўрад ці прыходзіў.
Чэслаў Пяткевіч удакладніў:Ніхто так чудна ня грае на картапляні, як маканавіцкі пан. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, ня ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаваранкі пяюць, то між німі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуешся, але не доўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі...
Гаворка ідзе пра сьветлай памяці Ш. Аскерку, уладальніка Маканавічаў,.. вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вясельлі зь вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп'яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты,.. нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасьць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп'яна і скласьці сабе крытычны погляд.
У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча,.. на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязьмежныя балоты за ракою Віцю (доплыў Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў [бусьліных], па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных прыстасаваньняў з боку чалавека.
Крыніцы
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 296. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.