Прэзідэнцкія выбары ў Лівіі (2023)

Прэзідэнцкія выбары ў Лівіі зацверджаны на 2022 год, але потым перанесены на 2023[1]. Гэта першыя пасляваенныя выбары ў Лівіі.

З прычыны грамадзянскай вайны і двоеўладдзя меўся шэраг складанасцяў у плане даты галасавання, якая некалькі разоў пераносілася. Самі выбары павінны былі стаць ўсеагульнымі, калі адначасова з прэзідэнтам абіраўся б парламент, але пазней было вырашана падзяліць іх[2].

Перадгісторыя

З 2011 года Лівія была ахоплена грамадзянскімі войнамі. На першым этапе (2011) ішоў канфлікт паміж урадам Муамара Кадафі і сіламі лівійскай апазіцыі, што пры падтрымцы замежных інтэрвентаў скончыўся звяржэннем дзеючага рэжыму[3]. У другі этап (2012—2014) адбыўся фактычны распад краіны на шэраг самастойных дзяржаўных утварэнняў, працягваліся ваенныя сутыкненні паміж рознымі фракцыямі і групоўкамі[4]. Іх барацьба прывяла да стварэння двух лівійскіх урадаў у гарадах Трыпалі (Урад нацыянальнай згоды, УНЗ) і Табрук (Палата прадстаўнікоў Лівіі, ППЛ), з чаго пачаўся трэці этап (2014—2020)[5][6]. Бакамі канфлікту і міжнароднай супольнасцю былі зроблены шматлікія спробы пакласці канец ваенным дзеянням і аб’яднаць краіну. Толькі 20 кастрычніка 2020 года атрымалася дасягнуць рэальнага перамір’я. Пасля ППЛ і УНА пачалі актыўна вырашаць пытанні па аб’яднанні разрозненых дзяржаўных інстытутаў.

Падрыхтоўка

Пасля вайны 2011 года Пераходны нацыянальны савет Лівіі, які прыйшоў на змену Кадафі, павінен быў правесці выбары прэзідэнта. Ён распрацаваў дарожную карту, па якой выбары павінны былі прайсці ў 2013 годзе і перадаў уладу абранаму парламенту. У 2014 годзе сфармавана Канстытуцыйная асамблея Лівіі. Ёй трэба было вырашыць якім чынам праводзіць выбары. Аднак у гэты перыяд адбылася актывізацыя баявых дзеянняў, з-за чаго выбары прэзідэнта апынуліся пад пагрозай. У жніўні 2014 года Палата прадстаўнікоў Лівіі, новы парламент дзяржавы, вырашыў, што выбары прэзідэнта будуць прамымі.

24 снежня 2017 годзе старшыня Вярхоўнай нацыянальнай выбарчай камісіі Лівіі (ВНВК) Імада ас-Саех заявіў, што прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Лівіі адбудуцца да 30 верасня 2018 года. Рэгістрацыя выбаршчыкаў пачалася з 6 снежня і доўжылася 60 дзён, рэгістрацыя пражываючых за мяжой выбаршчыкаў пачалася 1 лютага таго ж года[7]. 12 лютага 2018-га кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Лівіі Агіла Салах Іса паведаміў, што больш за 2,5 мільёнаў грамадзян зарэгістраваліся ў якасці выбаршчыкаў на будучых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах[8].

У канцы мая супрацьстаялыя сілы на міжнароднай канферэнцыі пад эгідай ААН у Парыжы дасягнулі пагаднення аб правядзенне 10 снежня ўсеагульных выбараў у краіне[9][10]. У лістападзе стала вядома, што выбары перанесены на пачатак 2019 года[11]. Дамоўленасці аб гэтым былі дасягнуты на канферэнцыі ў Палерма, у якой удзельнічалі прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, галоўнакамандуючы арміяй Лівіі Халіфа Хафтар, прадстаўнікі ўрада нацыянальнага згоды, Егіпта, Італіі, Туніса і Турцыі[12]. 10 снежня 2018 года кіраўнік МЗС УНЗ Махамед Тага Сіала заявіў, што яны перанесены на вясну[9][13].

Аднак і ў гэты раз усё было адкладзена з-за напружанай ваеннай сітуацыі на паўночным захадзе краіны.

5 лютага 2021 года ў горадзе Жэнева (Швейцарыя) на форуме палітычнага дыялогу Лівіі прайшло абранне часовага аб’яднанага ўрада краіны. Часовым прэзідэнтам быў абраны Мухамед Юніс Манфі, прэм’ер-міністрам — Абдэль Хамід Махамед Дбэйбе, а Муса аль-Кані і Абдала аль-Лафі сталі віцэ-прэзідэнтамі. Яны павінны былі кіраваць дзяржавай да правядзення выбараў, зацверджаных на снежань таго ж года[14]. ППЛ працягнула сваё існаванне, падпарадкаваўшыся новым уладам, а УНА быў расфармаваны. Фаіз Сарадж, прадстаўнік Трыпалі, саступіў Манфі пасаду кіраўніка Прэзідэнцкага савета, вышэйшага дзяржаўнага органа, які да гэтага кіраваўся УНА.

Новым урадам у якасці даты галасавання абраная дата 24 снежня, але потым яе перанеслі на 24 студзеня, а затым на чэрвень[15], а пазней яшчэ на нявызначаны тэрмін[16].

Кандыдаты

8 лістапада 2021 года Цэнтральны выбарчы камітэт пачаў рэгістрацыю кандытатаў[17].

КандыдатФотаСтатус
(на момант альбо перад вылучэннем)
Суб’ект вылучэнняКаментарыі
Саіф аль-Іслам Кадафі[18] палітыкНародны фронт вызвалення ЛівііСын забітага экс-лідара Муамара Кадафі, стаяў на пазіцыях аднаўлення даваенных парадкаў.
Нуры Абу Сахмейн[19] старшыня Новага Усеагульнага нацыянальнага кангрэса (2014—2016)Я-БіладПрыхільнік ісламісцкіх ідэй.
Арэф Алі Наед[20] ісламскі багаслоўАдраджэнне ЛівііКандыдат ад ліберальнай партыі.
Ахмед Майтыг[21] Намеснік старшыні Прэзідэнцкага савета Лівіі (2016—2021)незалежныБылы член адміністрацыі Сараджа.
Халіфа Хафтар[22] Вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміінезалежныПрадстаўляў інтарэсы ўсходу краіны (Кірэнаікі), карыстаўся падтрымкай Францыі, Расіі і шэрагу арабскіх дзяржаў.
Агіла Салах Іса[23] Прэзідэнт Палаты прадстаўнікоў ЛівіінезалежныТаксама прадстаўляў інтарэсы ўсходу краіны (Кірэнаікі), саюзнік Хафтара.
Фатхі Башага[24] Міністр унутраных спраў Урада нацыянальнага адзінстванезалежныБылы член адміністрацыі Сараджа. Прадстаўляў інтарэсы паўночнага захаду краіны (Трыпалітаніі), карыстаўся падтрымкай Турэцкай Рэспублікі.
Абдэль Хамід Махамед Дбэйбе[25] Прэм’ер-міністр часовага ўраданезалежныМае падтрымку ў Трыпалітаніі і Турцыі.
Ібрагім Дабашы[26]былы прадстаўнік Лівіі ў ААНнезалежныдадатковая інфармацыя адсутнічае

За пасаду кіраўніка дзяржавы меў намер змагацца і Алі Зейдан (кандыдат ад НПРСЗ, былы прэм’ер-міністр), але быў дыскваліфікаваны за наяўнасць больш за аднаго грамадзянства і адсутнасць 5000 прыхільнікаў[27]. 30 лістапада за перашкоду выбарчаму працэсу знята кандыдатура Хафтара[28]. Аднак ужо 6-га яго вярнулі ў спісы[29]. Таксама на некаторы час былі выключаны Дбэйба і Кадафі. Абодва палітыка падалі апеляцыю: 1 снежня ў спіс кандыдатаў вярнулі Дбэйбу[19][30], а 2-га — Кадафі[31].

Аб патэнцыйных кандыдатах была вядома задоўга да гэтага. Так, напрыклад, Кадафі, Хафтар і Салех заяўлялі аб сваёй гатоўнасці прыняць удзел яшчэ падчас грамадзянскай вайны, калі выбары планаваліся на 2018—2019 гады. Самымі апошнімі далучыліся Башага, які заявіў аб намерах балатавацца ў сакавіку 2021-га, Зейдан, Майтыг і Дбэйбе, што зрабілі гэта перад самой рэгістрацыяй. У верасні Хафтар сышоў з пасады кіраўніка ЛНА для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах[32]. На час перадвыбарчай гонкі ён перадаў свае паўнамоцтвы генерал-палкоўніку Абдэль Разаку ан-Надуры.

Сваю гатоўнасць паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбараў выказваў і Фаіз Сарадж, былы старшыня Прэзідэнцкага савета Лівіі і Урада нацыянальнага адзінства[33], але пазней ён перадумаў падаваць заяўку.

20 снежня Апеляцыйны суд горада Місурата прыпыніў выкананне рашэнняў нацыянальнай выбарчай камісіі, а таксама адмяніў зацверджаны раней папярэдні спіс кандыдатаў, якім было дазволена балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. Такім чынам, выбары перанесены на наступны год. Перш за ўсё гэта ўдарыла па прыхільніках Хафтара і Кадафі, згуляўшы на руку сілам, якія падтрымліваюць Дбэйбу і ісламістаў[34].

Канфрантацыя

20 лютага 2022 года Палата прадстаўнікоў, бачачы праблемы ва ўрадзе Дбэйбы з правядзеннем выбараў, прызначыла новым прэм’ерам Фатхі Башагу. Аднак яго прызначэнне было аспрэчана, што ў жніўні прывяло да новых узброеных сутыкненняў[35].

Гл. таксама

Зноскі