Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Пятніцкая царква, палац Хадкевічаў, шпіталь Савіч з капліцай і барбакан з гарадзкім мурам, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася брама Субач, зруйнаваная расейскімі ўладамі.
З даўніх часоў вуліца мела назву Савіч або Другая Савіч. У міжваенны пэрыяд вуліца атрымала назву Бакшта.
Назва Савіч тлумачыцца тым, што вялікай камяніцай на гэтай вуліцы валодаў нейкі Сава. Назва замацавалася дзякуючы шпіталю Савіч, заснаванаму ў 1744 годзе біскупам смаленскімБагуславам Корвін-Гасеўскім.
Цяперашняя назва мае зьвязкі з гарой Бакштай. Існуе меркаваньне, што на ёй ўзвышалася вежа (бакшта), ад якой утварылася назва мясцовасьці і вуліцы.
Даўжыня вуліцы каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку. Рух транспарту ад вуліцы Субач да Спаскай аднабаковы ў бок цэнтру места. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Замкавай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Зь левага боку адыходзіць вуліцы Савіч і Сьвятога Казімера, з правага — Латочак, Спаская і Оны Шымайце.
№ 2 — гатэль Нішкоўскага. Будынак з другой паловы XVІІІ ст. належаў сям’і прафэсара хірургіі Віленскага ўнівэрсытэту Яна Нішкоўскага. У сярэдзіне ХІХ ст. гатэлем валодаў Аляксандар Шульц, але ён захаваў ранейшую назву. У гатэлі Нішкоўскага, які лічыўся адным з найлепшых у месьце, незадоўга да пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (сакавік 1863 году) спыняўся адзін зь яго лідэраў капітан Генэральнага штабу Расейскай імпэрыіЗыгмунт Серакоўскі, які прыехаў у Вільню зь Пецярбургу. Тут адбылося таемнае паседжаньне вайсковай рады паўстаньня[3].
№ 4 — кутні 3-павярховы дом, у якім з 1990-х гадоў месьціцца Расейскі культурны цэнтар і ягоная галерэя
№ 6 — шпіталь Савіч. У XVI ст. на тут стаяла гатычная камяніца. У XVIII ст. яна перайшла да роду Савічаў, якія перадалі яго сёстрам міласэрнасьці. У 1831—1832 гадох у будынку дзейнічала клініка Віленскага ўнівэрсытэту.
№ 8 — 4-павярховы дом Падбіпенты. У гэтым доме прайшлі раньнія гады Юзэфа Пілсудзкага.
№ 10 — «буда Ромэрава». Збудаваная ў XVI ст. камяніца, з XVIII ст. належала роду Ромэраў. У XVIII ст. тут месьцілася масонская ложа «Руплівы Літвін». У XIX ст. у доме жыў мастак Альфрэд Ромэр, тут дзейнічала мастацкая майстэрня («Акадэмія Ромэраў»)[3], у якой працавалі мастакі Канут Русецкі і ягоны сын Баляслаў, Ян Зянковіч, Эдвард Мацей Ромэр. У гэтым доме жыў стваральнік Віленскага альбома Ян Казімер Вільчынскі і выступаў з канцэртамі Станіслаў Манюшка.
№ 20 — барбакан з рэштай гарадзкога мура. Барбакан збудавалі паводле праекту архітэктара Фрыдэрыка Гетканта каля 1640 году. У наш час у будынку месьціцца філія Нацыянальнага музэю Летувы.