Усхо́днефры́ская мова (саманазва: Seeltersk) — адна з трох фрыскіх моваў, якія ўваходзяць у склад англа-фрыскае падгрупы заходнегерманскае групы германскае галіныіндаэўрапейскае моўнае сям’і. Нярэдка мову пазначаюць вузейшым тэрмінам — Затэрля́ндзкая мова, разглядаючы яе як апошні жывы дыялект уласна ўсходнефрыскае мовы. Распаўсюджаная ў горадзе Затэрлянд, што на захадзе нямецкае фэдэральнае зямлі Ніжняя Саксонія. Цесна зьвязаная з паўночнафрыскай, распаўсюджанай на крайняй заходняй поўначы Нямеччыны, і заходнефрыскай (распаўсюджаная на паўночным захадзе Нідэрляндаў) мовамі, зь якімі ўтварае групу фрыскіх моваў.
Гісторыя разьвіцьця ўсходнефрыскае мовы пачынаецца з пэрыяду існаваньня стараўсходнефрыскае мовы, на якой размаўлялі ва Ўсходняй Фрысьляндыі — гістарычным рэгіёне, што месьціцца паміж нідэрляндзкай рэкамі Лаўэрс (Нідэрлянды) і Вэзэр (Нямеччына); таксама ў гэты рэгіён уваходзілі дзьве невялікія мясьціны на ўсходнім беразе Вэзэру.
Стараўсходнефрыскую мову можна падзяліць на дзьве дыялектныя групы: вэзэрскую, распаўсюджаную на ўсходзе, і эмскую (захад арэалу мовы). З XVI ст. стараўсходнефрыская трапіла пад уплыў ніжненямецкіх дыялектаў, з прычыны чаго стараўсходнефрыская зазнала значны заняпад.
Выміраньне эмскага дыялекту датуецца пэрыядам прыкладна першае паловы XVII ст. Пэрыяд выміраньня ўсходняга (вэзэрскага) дыялекту прыпадае на больш позьні час — да пачатку XVIII ст. (нягледзячы на гэта, існуюць сьведчаньні пра сьмерць апошняга носьбіта дыялекту нават у 1953 годзе, які жыў на востраве Вангероге). На цяперашні час стараўсходнефрыская больш не распаўсюджаная ў гістарычным рэгіёне Ўсходняя Фрызія, аднак вялікая частка яго жыхароў дагэтуль лічыць сябе фрызамі, а свой дыялект ніжненямецкае мовы называюць словам Freesk. Гэты дыялект, у прыватнасьці, характарызуецца моцным фрыскім субстратам.
Апошнім жывым дыялектам стараўсходнефрыскае мовы зьяўляецца адзін з дыялектаў эмскае дыялектнае групы — затэрляндзкі дыялект, пад якім часьцей за ўсё і маюць на ўвазе тэрмін усходнефрыская мова. Дыялект распаўсюджаны ў Затэрляндзе, які знаходзіцца на поўдзень ад уласна Ўсходняй Фрызіі. Як мяркуюць дасьледчыкі, тэрыторыя сучаснага Затэрлянду была калянізаваная фрызамі Ўсходняй Фрызіі ў ХІ ст. Дзякуючы знаходжаньні Затэрлянду серад непраходных балотаў і высокаму статусу дыялекту ў параўнаньні зь ніжненямецкай серад жыхароў рэгіёну затэрляндзкі дыялект здолеў добра захавацца цягам стагодзьдзяў. Серад іншых фактараў, што паспрыялі захаваньні мовы, адзначаецца таксама й той факт, што па заканчэньні Трыццацігадовай вайны Затэрлянд стаўся часткаю мюнстэрскага біскупства, якое прытрымлівалася каталіцкае царквы, у адрозьненьне ад астатняй Усходняй Фрызіі, якая на той час ужо стала пратэстанцкай. Гэта спрычынілася да абмежаваньня кантактаў Затэрлянду з паўночнымі пратэстанцкімі тэрыторыямі, што таксама магло паўплываць на большае захаваньне мовы ў Затэрляндзе.
На цяперашні час ацэнкі ў колькасьці носьбітаў усходнефрыскае мовы адрозьніваюцца слаба. Агульнае насельніцтва Затэрлянду складае прыкладна 10 000 чал., зь іх на ўсходнефрыскай размаўляе каля 2250 чал.[3] Паводле некаторых іншых ацэнак на мове можа добра размаўляць блізу 2000 чал., зь іх крыху менш за палову зьяўляюцца носьбітамі ўсходнефрыскай. Падаюцца таксама й іншыя зьвесткі, згодна зь якімі колькасьць носьбітаў можа складаць значна большую лічбу, амаль у шэсьць з паловай тыс чал.[4] Лінгвістычны партал Ethnologue, спасылаючыся на зьвесткі Салмінэна на 2007 год, указвае колькасьць носьбітаў у 1000 чал.[5]
Пераважная колькасьць носьбітаў зьяўляецца прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня, з-за чаго мова адносіцца да моваў з сур'ёзнай пагрозай зьнікненьня. Між тым, расьце колькасьць маладых носьбітаў усходнефрыскае мовы, якія выхоўваюць сваіх дзяцей на гэтай мове.
Намаганьні па падтрымцы мовы прыкладае арганізацыя Seelter Buund (па-беларуску: «Затэрляндзкі альянс»).
Побач з паўночнафрыскай і пяцю іншымі мовамі ўсходнефрыская трапіла ў сьпіс рэгіянальных моваў, якія падтрымоўваюцца Нямеччынай паводле Эўрапейскае хартыі рэгіянальных моваў, ратыфікаванай у 1998 годзе. Цягам апошняга стагодзьдзя разьвіваецца літаратура на мове.
Усходнефрыская фанэтыка лічыцца вельмі архаічнай, асабліва ў дачыненьні да старафрыскае мовы[6]. Ніжэй прыведзеная фанэтыка паводле дасьледаваньняў Марана Форта[7][8].
Галосныя:
Монафтонгі:
Зычны /r/ у складзе часта рэалізуецца як галосны [ɐ].
Затэрляндзкі дыялект падзяляецца на тры гаворкі, якія адпавядаюць тром асноўным сёлам муніцыпалітэту Затэрлянд: рамсласкую, шарэльскую і струклінгенскую. Статус літаратурнае мовы замацаваны на рамсласкай гаворцы. Усе тры гаворкі зьяўляюцца ўзаемназразумелымі.