Іслам

манатэістычная аўраамічная рэлігія

Ісла́м (па-арабску: الإسلام‎ — «пакорнасьць Боскай волі») — манатэістычная рэлігія, другая ў сьвеце па колькасьці прыхільнікаў. Апошнія, каторыя называюцца мусульманамі, мусяць верыць у абсалютную еднасьць Бога і тое, што Бог даслаў людзям настаўленьні праз прарокаў Мухамада, Ісуса, Майсея, Давіда, Аўрама, Ноя, Адама і іншых[1]. Паводле мусульманскай веры, тыя настаўленьні Бога, што былі дасланыя прароку Мухамаду праз анёла Гаўрылу, сабраныя ў сьвятую кнігу Каран.

«Зорка з паўмесяцам» — сымбаль ісламу

Іслам зьяўляецца самай хуткарослай асноўнай рэлігіяй у сьвеце[2][3][4]. Налічваецца больш за 1,8 млрд вернікаў, што складае каля 24,1% ад агульнай колькасьці насельніцтва[5]. Мусульмане складаюць большасьць насельніцтва ў 50 краінах[6].

Мусульмане лічаць, што іслам зьяўляецца поўнай і ўнівэрсальнай вэрсіяй першапачатковай веры, якая была паказана шмат разоў праз Адама, Абрагама, Майсея і Ісуса[7]. Што тычыцца Карану, мусульмане лічаць яго нязьмененным і канчатковым адкрыцьцём Бога[8]. Як і ў іншых абрамічных рэлігіях, іслам мае канцэпцыю ўзнагароджаньня раем і пакараньне пеклам[9]. Іслам уключае ў сябе пяць слупоў, якія зьяўляюцца абавязковымі актамі для любога верніка і спалучаюцца зь ісламскім правам, якое закранае практычна ўсе аспэкты жыцьця грамадзтва ад банкаўскай справы і дабрабыту да жанчынаў і навакольнага асяродзьдзя[10]. Мэка, Мэдына і Ерусалім лічацца месцам трох сьвятых месцаў ісламу[11].

Як мяркуецца, іслам паўстаў на пачатку VII стагодзьдзя ў Мэцы[12], а ўжо ў і VIII стагодзьдзі дзякуючы халіфату Амэядаў рэлігія значна пашырылася ад Ібэрыі на захадзе да ракі Інд на ўсходзе. Ісламскі залаты век ставіцца да пэрыяду, які традыцыйна датуецца з VIII па XIII стагодзьдзі, за часам існаваньня халіфату Абасыдаў, калі большая частка мусульманскага сьвету перажывала навуковы, эканамічны і культурны росквіт[13][14]. Пашырэньню рэлігіі спрыялі розныя халіфаты і імпэрыі, гандаль і місіянэрская дзейнасьць.

Большасьць мусульманаў адносяцца да адной з двух плыняў, як то сунітаў (75-90% ад агульнай колькасьці) або шыітаў (10-20%)[15]. Каля 13% мусульманаў жывуць у Інданэзіі, найбуйнейшай мусульманскай краіне, 31% ад агульнай колькасці насельніцтва мусульманаў у сьвеце жывуць у Паўднёвай Азіі[16][17], 23% — на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыкі[18], дзе іслам зьяўляецца дамінуючай рэлігіяй, і 15% — у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары[19]. Значныя мусульманскія суполкі таксама маюцца ў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, Кітаі, Эўропе, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, на Філіпінах і ў Расеі[20].

Асновы веры

Каран вучыць мусульман верыць

  • у таго ж Бога, у якога веруюць хрысьціяне ды юдэі;
  • у анёлаў;
  • у сьвятыя кнігі, што Бог даслаў людзям у розныя эпохі;
  • у пасланьнікаў Бога;
  • у тое, што калі-небудзь прыйдзе канец сьвету;
  • у лёс, дадзены Богам;
  • у васкрашеньне ўсяго чалавецтва ў судны дзень.

Асновы практыкі

Практыка іслама аснаваная на пяці стаўпох:

  • Вера ў Бога і тое, што Мухамад Ягоны пасланьнік;
  • Малітва пяць разоў у дзень;
  • Пост у час ісламскага месяца Рамадана;
  • Ахвяраваньне адпаведнай долі сваёй ліквіднай маёмасьці тым, хто ў галечы;
  • Паломніцтва ў сьвятыя месцы іслама ў Мэцы і вакол яе.

Канцэпцыя Бога ў ісламе

«Скажы: ён — Бог адзіны
Бог вечны, абсалютны
Не нарадзіў і ня быў нараджоны
І ніхто ня быў зь ім параўнімы»

— Каран, 112:1-4

Мусульмане веруюць, што дазнацца аб якасьцях Бога можна па яго імёнах. Імя Бога, якое мусульмане ўжываюць часьцей за ўсё — Алаг. Гэтае слова ў перакладзе з арабскай мовы азначае «Бог». Арабскія хрысьціяне разам з мусульманамі ўсяго сьвету называюць Бога гэтым імем. Усяго мусульмане налічваюць 99 Боскіх імёнаў. Яны ўключаюць у сабе т. зв. «Імёны прыгажосьці», такія, як Найміласэрнейшы, Найдабрэйшы, Мір, Самы Даруючы, Найласкавейшы, і «Імёны вялікасьці», такія як Наймацнейшы, Кароль, Вымушаючы.

Паводле ісламскай веры, Бог — Творца, Усеведаючы, Усечуючы, Усебачачы — бясконца ўзвышаны над усім тварэньнем. Але ён адначасова вельмі блізкі да чалавека: «Я сапраўды блізкі, я слухаю ўзываньне кожнага ўзываючага, калі ён да Мяне ўзывае…» (Каран:2:186).

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Ісламсховішча мультымэдыйных матэрыялаў