Ардовік

Ардовік, ардовіцкі пэрыяд (сыстэма) — другі пэрыяд палеазойскае эры. Атрымаў назву ў гонар племя ардовікаў, якое насяляла сучасную Валію. Як самастойны пэрыяд быў выдзелены Міжнародным геалягічным кангрэсам у 1960 годзе, да таго ўважаўся за раньнюю эпоху сылюру. Пачаўся 485 мільёнаў рокаў таму, працягваўся 42 мільёны рокаў.

Палеагеаграфія

На працягу ардавіцкага пэрыяду паступова адбывалася марская трансгрэсія, у выніку якое ўзровень мора дасягнуў найвышэйшых паказчыкаў у фанэразоі. На кантынэнтах актыўна дзейначалі вульканы. Паўднёвыя кантынэнты па-ранейшаму былі аб’яднаныя ў Гандвану. Два іншыя кантынэнты — Паўночная Амэрыка й Балтыя — набліжаліся адно да аднога, у зоне іх набліжэньня ішло каледонскае гораўтварэньне. Сыбір жа рухалася ў паўночным кірунку. Амаль ўсё паўночнае паўшар’е займаў акіян Панталяса.

Арганічны сьвет

У ардовіцкі пэрыяд ужо існавалі ўсе сучасныя тыпы жывёльнага царства. Пачалося засяленьне сушы расьлінамі ды грыбамі, але абсалютная большасьць жыцьця была засяроджаная ў моры. Дасягнулі росквіту трылябіты, грапталіты, зьявіліся галаваногія малюскі даўжынёй да васьмі мэтраў. Таксама распаўсюдзіліся бяссківічныя рыбападобныя. У канцы пэрыяду адбылося ардовіцка-сылюрыйскае выміраньне, падчас якога зьнікла больш за 60% тагачасных марскіх безхрыбетных. Сярод гіпотэзаў на конт прычыны выміраньня фігуруюць выбух блізкае звышновае зоркі і ўсплёск гама-выпраменьваньня. Іншым наступствам сталася кароткае зьледзяненьне Гандваны.

Стратыграфічны падзел

Ардовік падзяляецца на тры эпохі й шэсьць ці сем вякоў, якія могуць мець розныя назвы ў залежнасьці ад краіны.

  • Раньнеардовіцкая эпоха (трэмадоцкі век, флёйскі, або арэніскі, век)
  • Сярэднеардовіцкая эпоха (дапінскі, або лянвірскі век, дарывілянскі, або ляндэйльскі век)
  • Позьнеардовіцкая эпоха (сандбскі, або карадоцкі век, кацкі, або ашгільскі век, гірнанцкі век)

На тэрыторыі Беларусі

Цягам большае часткі пэрыяду большасьць земляў сучаснае Беларусі знаходзілася на сушы. Мора займала толькт паўднёвы захад (Берасьце, Высокае) і паўночны захад (Браслаў, Мядзел), дзе назапашваліся карбанатныя й глініста-карбанатныя ападкі магутнасьцю да 100—200 мэтраў. Сярод адкладаў сустракаюцца рэшткі фаўны плечаногіх, каралаў, грапталітаў і г. д. Пад канец ардовіку мора адышло на захад, і ўся тэрыторыя Беларусі апынулася на сушы. Раньняя эпоха складзеная кварцавымі пясчанікамі, кварцава-гляўканітавымі пясчанікамі й пясчанікамі, гляўканітавымі вапнякамі й вапнякамі з дамешкам жалезістых аалітаў; сярэдняя — вапнякамі, часьцяком гліністымі, з багатай фаўнай; позьняя — далямітамі з дамешкамі далямітавых вапнякоў, мэргэлю й глінаў. Звычайнымі для ардовіцкіх адкладаў зьяўляюцца нафтафыя тоўшчы. Найбольшая колькасьць ардавіцкіх адкладаў прыпадае на Смаргонскі й Вялейскі раёны.

Літаратура

  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.