Гэта артыкул пра сучасную жамойцкую мову, якая разглядаецца як дыялект летувіскай мовы. Калі вам патрэбны артыкул пра гістарычную жамойцкую мову, глядзіце артыкул летувіская мова.
Жамойцкая мова, у сучаснай лінґвістыцы часьцей за ўсё разглядаецца як дыялект летувіскай мовы[2]. Мова, на якой размаўляюць сучасныя жамойты — этнаграфічная супольнасьць летувісаў нароўні з аўкштайтамі, дзукамі і судувамі, якая пражывае ў афіцыйным летувіскім этнаграфічным рэгіёне «Жэмайція». У выніку таго, што жамойцкая мова сучаснымі лінгвістамі ўважаецца за дыялект, перапісы насельніцтва не даюць дакладнай лічбы колькасьці носьбітаў мовы. Паводле некаторых зьвестак, носьбітаў жамойцкай мовы налічваецца прыкладна 500 тысячаў чалавек.
Афіцыйная летувіская навука лічыць сучасную жамойцкую мову дыялектам летувіскай мовы і адрозьнівае яе ад гістарычнай жамойцкай мовы. Паводле тэорыі летувіскага мовазнаўцы Зігмаса Зінкявічуса[a], гістарычна (у кнігах XVII ст.) існавала тры варыянты пісьмовай летувіскай мовы — заходні (мова летувісаў у Прусіі — г. зв. «Малой Летуве»), заснаваны на заходнежамойцкім дыялекце[4], блізкі да яго сярэдні, заснаваны на гаворках ваколіцаў Кейданаў (выкарыстоўваўся ў Жамойцкіх старостве і біскупствеВялікага Княства Літоўскага і называўся жамойцкай мовай і ўсходні — уласна «летувіская мова». Адпаведна, першыя летувіскія кнігі, выдадзеныя Мікалаем Даўкшам, былі на сярэднім варыянце летувіскай мовы — жамойцкай мове, аднак ужо ў пачатку XVIII ст. (1705 год) усходні варыянт пісьмовай летувіскай мовы (уласна «летувіская мова»), што, паводле Зінкявічуса, грунтаваўся на прывіленскіх дыялектах, цалкам зьнік[5]. Паводле азначанай тэорыі, сучасная летувіская мова ўтварылася ў канцы XIX ст. на базе гістарычнай жамойцкай мовы[6], а сучасная жамойцкая мова — склалася галоўным парадкам на аснове гаворак куршаў[7].
Сучасная жамойцкая мова пачала фармавацца ў XIX ст., калі яе часам ужывалі пэўныя літаратары (паэма «Бірута» Сільвестраса Валюнаса, «Шэсьць казак» Сымона Станевіча, «Звычаі старажытных літоўцаў, аўкштайтаў і жамойтаў» Сыманаса Даўкантаса). У пачатку XX ст. аформіўся асобны жамойцкі літаратурны стандарт. Зь першай паловы XX ст. жамойцкая мова мае ўласны альфабэт на лацінскай аснове.
Жамойкую мову не абмінула прымусовая кірылізацыя (гл. артыкул «Кніганошы»). З XX стагодзьдзя зьявіўся асобны жамойцкі альфабэт, які ёсьць своеасаблівым гібрыдам летувіскага і латыскага альфабэту. Ад летувіскай мовы жамойцкая пераняла літару Ėė, ад латыскай — літары з макронамі (Āā, Ēē, Īī, Ōō, Ūū). Адметнай жамойцкай літарай ёсьць літара «Ėė доўгае» (жамойцк. ėlguojė ė̄) — Ė̄ė̄. Няма літараў Ąą, Ęę, Įį, Ųų.
Летувіскія мовазнаўца выдзяляюць у жамойцкім дыялекце тры групы гаворак, якія падзяляюцца паводле крытэру вымаўленьня аўкштайцкіх дыфтангоідаў uo, ie.
Заходнежамойцкая — мела пашырэньне ў Клайпедзкім краі(uk) ў тыя часы, калі ім валодала Нямеччына, частка носьбітаў жыла на поўначы сучаснай Калінінградзкай вобласьці. У 1945 годзе ўсе носьбіты разам зь немцамі эвакуяваліся ў Нямеччыну, дзе дыялект забыўся празь зьмяшаныя шлюбы і вялікае нямецкамоўнае атачэньне. Склаўся ў выніку засяленьня жамойтамі зямель прускага племені скальваў(en). Вымаўленьне: uo, ie > o, ei
Паўночнажамойцкая — шырыцца на крайнім паўночным усходзе Летувы (ваколіцы Цельшаў і Крэтынгі). Падзяляецца на адпаведныя гаворкі. Вымаўленьне: uo, ie > ou, ei
Паўднёважамойцкая — шырыцца ў раёне Варняў і Расенаў. Вымаўленьне: uo, ie > i, u.
У 1988 годзе ўтварылася Жамойцкая культурная асацыяцыя, якая з 1993 году выдае часопіс Žemaičių žemė. Па-жамойцку вядзецца радыёвяшчаньне, існуе рух за афіцыйнае прызнаньне мовы і наданьне ёй афіцыйнага статусу ў Жамойці. Мова ня прызнаная ў сучаснай Летуве асобнай мовай. Мова ня мае сацыяльнага прэстыжу і большасьць жамойтаў ужывае літаратурную летувіскую.