Летувісы

Летувісы (гістарычныя жамойты[11][12]; саманазва лет. lietuviai, адз. лік лет. lietuvis) — эўрапейская нацыя, асноўнае насельніцтва Летувы (2 561 314 або каля 84% насельніцтва краіны на 2011 год). У значнай колькасьці таксама жывуць у ЗША (каля 660 тыс.), Вялікабрытаніі, Ірляндыі, Бразыліі, Канадзе, Расеі (каля 25 тыс. у адной толькі Калінінградзкай вобласьці). Агульная колькасьць у сьвеце складае каля 4,5 млн. Карыстаюцца летувіскай мовай, створанай у канцы XIX стагодзьдзя на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[13]. Паводле веры пераважна каталікі.

Летувісы
Лаўрын Гуцэвіч Мацей Валанчэўскі Сыманас Даўкантас
Л. Гуцэвіч · М. Валанчэўскі · С. Даўкантас
Антанас Сьмятона Ёнас Басанавічус Відунас
А. Сьмятона · Ё. Басанавічус · Відунас
Антанас Баранаўскас Мікалоюс Чурлёніс Арвідас Сабоніс
А. Баранаўскас · М. Чурлёніс · А. Сабоніс
Колькасьцькаля 4,5 млн
Рэгіёны пражываньня

Летува:
2 561 314[1]
ЗША:
652 790[2]
Бразылія:
100 000[3][4]
Вялікабрытанія:
97 000[5]
Канада:
49 130[6]
Расея:
45 600[7]
Ірляндыя:
24 628[8]
Латвія:
  24 426
Аргентына:
   30 000
Гішпанія:
   25 000
Польшча:
   15 000
Аўстралія:
   12 317

Украіна:
  11 000
Беларусь:
5087[9]
Мовылетувіская мова
Рэлігіікаталіцтва
Блізкія этнасылатышы, жамойты, беларусы[a][10]

Назва

Асноўныя артыкулы: Жмогусы і Жамойты
Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску), жамойцкая мова (Samogitian) — этнічную тэрыторыю летувісаў

Паводле гісторыка і этноляга Ігара Чаквіна, беларускамоўныя ліцьвіны гістарычна супрацьпастаўлялі сябе летувісам, якіх вызначалі назвамі «жамайты», «жамойты», «жмудзь», «самагіты» ды іншымі[14][b]. Тым часам жыхары Жамойці не называлі сябе ліцьвінамі[14]. Ужо ў 1854 годзе называньне жамойтаў «літвой» крытыкавалася на старонках першага ў Расейскай імпэрыі масавага прыватнага часопіса Библиотека для чтения(ru), які рэдагаваўся народжаным на Віленшчыне навучэнцам Менскага езуіцкага калегіюму і Віленскага ўнівэрсытэту прафэсарам-паліглётам Восіпам Сянкоўскім супольна з выхадцам з кіеўскай шляхты, энцыкляпэдыстам і знаўцам эўрапейскіх і ўсходніх моваў Альбэртам Старчэўскім(ru)[22]: «…дарма адну частку гэтага народа называюць літвою, тады як іншай пакідаюць агульную і сапраўдную назву ўсяго народа, жамойць. Абедзьве яны — тая ж жамойць <…> Слова Літва <…> належыць столькі ж і яшчэ больш славянскай частцы ранейшага літоўскага гаспадарства. <…> Калі жыхары чудзкай часткі адгукаюцца, што яны — літува <…>, гэта па-мне значыць толькі, што яны ўжываюць на свой асабісты рахунак агульную палітычную назву гаспадарства, а не сваю племянную назву. <…> Латышы, альбо леты, чудзкія людзі аднаго кораня зь літоўскай чудзьдзю, не называюць сябе літвою; такім чынам, і сястра іхняя, літоўская чудзь, этнаграфічна, ня мае права на гэтую назву. Уся яна — жамогусы, жамогі альбо жамодзі, сямогі альбо сямодзі, адкуль ўтварыліся словы Жамойць і Самагіція. Латышы таксама называюць сябе земме, семме, а гэта значыць толькі „свая зямля“ падобна таму, як сома альбо суомі, „свая зямля“ Фінляндыя і суомалайне, „людзі сваёй зямлі“, фіны, альбо фінляндцы. Жамогус альбо жмогус значыць — чалавек. Яны проста — людзі, а ня літоўцы»[c]. Тым часам у другой палове XIX ст. ліцьвінамі звычайна называлі беларусаў, а летувісаў — жамойтамі[d].

Тое, што «ні ў якім разе ня можна зваць цяперашніх жмудзінаў літоўцамі», падкрэсьліваў яшчэ ў 1921 годзе мовазнаўца Язэп Лёсік[24], такую ж думку ў 1934 годзе выказваў загаднік беларускага замежнага архіва ў Празе Тамаш Грыб: «Трэ мець на ўвазе пры гэтым і адрознасьць паміж Ліцьвінамі (старадаўнымі Люцічамі, Велетамі або Волатамі) і Жмудзінамі. Асабліва сяньня трэ мець на ўвазе гэну адрознасьць, калі Жмудзіны, прыняўшы старадаўнае найменьне Літва, імкнуцца прыўласьніць і гістарычны зьмест гэтага слова — гістарычную мінуўшчыну беларускага народу»[25]. Як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, нельга блытаць летувісаў (цяперашніх «літоўцаў») з старажытнымі ліцьвінамі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі і бралі ўдзел у фармаваньні беларускага этнасу[26]. Сяргей Дубавец і Генадзь Сагановіч таксама зьвяртаюць на тое, што ўжываньне саманазвы сучаснай нацыі — летувісы — дазваляе пазьбегнуць тэрміналягічнай блытаніны[27].

Мапа пашырэньня германцаў на ўсход у 800—1400 гадох, на якой летувісы азначаюцца латышамі (анг. Letts). Атляс гісторыка Ўільяма Шэпарда(en). Нью-Ёрк, 1926 г.

Яшчэ ў 1837 годзе народжаны на Меншчыне пісьменьнік Тадэвуш Булгарын выкарыстоўваў у сваёй кнізе «Россия в историческом, статистическом, географическом и литературном отношениях» дзеля азначэньня старажытнага народу назву летувы[e][28], тым часам назву Letuwis у польскамоўным тэксьце ўжываў яшчэ ў 1809 годзе гісторык Іяхім Лялевель[29][f]. У 1916 годзе польскі гісторык Людвік Яноўскі(pl) прапанаваў аддзяляць летувісаў (польск. Letuwisi з вытворным прыметнікам letuwiski) ад ліцьвінаў і зазначаў, што пра патрэбу такога разьмежаваньня раней казалі Бэнэдыкт Дыбоўскі і Ян Обст[30]. Гісторык Валяр'ян Мэйштовіч(pl), сын старшыні Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы Аляксандра Мэйштовіча, зазначаў у сваіх успамінах: «Летувіскі нацыянальны рух зьвярнуўся да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. <…> Нават ня мелі для іх назвы. „Ліцьвіны — казаў пан Міхал Юхневіч — гэта Ягайла, Хадкевіч, Міцкевіч, Пілсудзкі і я, а вы ёсьць летувісамі“»[g][31]. У 1922 годзе прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Фэлікс Канечны(be) апублікаваў артыкул, у якім таксама прапанаваў тэрміналягічна аддзяляць летувісаў (польск. Letuwini з прыметнікам letuwski) ад гістарычных ліцьвінаў[32]. 18 сакавіка 1928 году гэтую прапанову абмяркоўвалі на паседжаньні Віленскага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства, дзе Фэлікс Канечны выступіў зь лекцыяй «Этнаграфічная тэрміналёгія ў Вялікім Княстве Літоўскім»[33].

З 1990-х гадоў летувісы выступаюць супраць ужываньня ўласных саманазваў Летува і летувісы ў іншых мовах (хоць у выпадку іншых уласных імёнаў, зьвязаных зь Вялікім Княствам Літоўскім, яны ў тэкстах на іншых мовах, наадварот, выкарыстоўваюць летувіскія формы[34]), тым часам гэтая тэрміналёгія мае даўнюю традыцыю ў самой Летуве. Напрыклад, у 1928 годзе для шматлікай супольнасьці расейскіх старавераў, што жылі ў Летувіскай рэспубліцы, на заказ урадоўцаў зрабілі афіцыйны расейскі пераклад дзяржаўнага гімну, які пачынаўся словамі: рас. «Летува, отчизна наша...»[35].

Назва летувісы[36] пасьлядоўна ўжываецца па Другой сусьветнай вайне ў клясычнай моўнай норме Беларускай дыяспары[37] — у адрозьненьне ад наркамаўкі, дзе савецкія ўлады дазволілі толькі варыянт «літоўцы». Напрыклад, у тэкстах Аляксандра Надсана сустракаецца пераважна Летува, летувіскі, летувіс (а ў размове таксама жмудзін, Жмудзь). У 1960—1970-я гады ў часопісе «Божым шляхам» у многіх тэкстах ужываліся словы Летува, летувіскі (у Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі). Тое ж назіралася ў мове беларускага друку Паўночнай Амэрыкі: у тэкстах Сяргея Хмары ўжываецца Летува ў апісаньні праекту летувіскай дзяржаўнасьці з сталіцай сьпярша ў Коўне, потым у Вільні. Газэта беларусаў ЗША «Беларус» ўжывае выняткова Летува. Словы Летува, летувіс і летувіскі фіксуюцца ў неапублікаваным «Беларуска-францускім слоўніку» Льва Гарошкі[38].

Як адзначаецца ў энцыкляпэдычным даведніку «Народная культура Беларусі» (пад рэдакцыяй доктара гістарычны навук Віктара Цітова), які выйшаў у 2002 годзе ў выдавецтве Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі: «Сучасныя Л. называюць сваю краіну Летувой, а сябе — летувісамі, і гэтыя назвы зьяўляюцца больш дакладнымі і гістарычна апраўданымі, чым „Літва“ і „літоўцы“, якія на працягу некалькіх вякоў ужываліся ў адносінах да Беларусі»[39].

Этнагенэз

Мапа абшару з часткова летувіскамоўным насельніцтвам, большая частка якога азначаецца Жамойцю (ням. Samogitien), 1876 г.

Працэс фармаваньня летувіскай нацыі заняў дастаткова працяглы пэрыяд і адбываўся пад уплывам геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаэўрапейскіх этнічных тэндэнцыяў. У навуцы няма адназначнасьці што да храналягічных і тэрытарыяльных рамак фармаваньня летувіскага народу.

Вокладка летувіскага выданьня 1904 году: «Пачытай, летувіс, якога крыўдзяць! Пяруне, божа, ня бі жамойта, а бі гуда, як сабаку рудога! (старажытная летувіская малітва)»

Паводле першай тэорыі, якой прытрымліваюцца асобныя сучасныя летувіскія аўтары, летувіскі этнас узьнік прыкладна ў VI—VII стагодзьдзях. У гэты час, на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі, адбылося разгалінаваньне ўсходніх балтаў на летувісаў і латгалаў і адпаведна разгалінаванне летувіскай і латыскай моваў з аднаго кораня. Тэорыя сьцьвярджае, што месцам фармаваньня летувісаў была тэрыторыя паміж сярэдняй плыньню Нёмана, рэкамі Вяльлёй і Мерычанкай, адкуль летувісы пашыраліся на поўнач (да земгалаў і селаў) і на захад, асымілюючы мясцовае насельніцтва. Прыхільнікі гэтай тэорыі лічаць, што ў выніку колькаснага разрастаньня летувіскага этнасу адбылося разгалінаваньне родаплемянной структуры летувісаў у канцы I тысячагодзьдзя н. э. на плямёны «ўсходніх летувісаў» («уласна летувісаў» альбо «аўкштайтаў»), якія разьмяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшанаў і Дзяволтвы, і «летувісаў-жамойтаў» або проста жамойтаў (на паўднёвых землях сучаснага летувіскага этнаграфічнага рэгіёну Жамойці), сфармаваных у выніку асыміляцыі летувіскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў і іншых заходнебалтыйскіх плямёнаў[40]. Паводле гэтай тэорыі, з утварэньнем Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у сярэдзіне XIII—XV стагодзьдзяў адбывалася асыміляцыя летувісамі іншых балтыйскіх плямёнаў — паўднёвых частак селаў, земгалаў і куршаў, а таксама нейкіх частак яцьвягаў, скальваў і прусаў, што прывяло да чарговага дэмаграфічнага і тэрытарыяльнага разрастаньня летувіскага этнасу[41]. Па-за межамі ВКЛ у выніку міграцыі часткі летувіскага насельніцтва з тэрыторыі Жамойці і асыміляцыі летувісамі часткі балтыйскага насельніцтва (галоўным чынам, прусаў і скальваў) у Прусіі ў XVI ст. утварылася асобная этнічная група летувісаў — г.зв. летувінінкі[41].

Фрагмэнт мапы «Землі і народы Эўропы» нямецкага гісторыка Дытрыха Шэфэра (1916 г.), на якой абшар летувісаў мае подпіс «Schamaiten (Samogitien)»[h]
Легенда да мапы Д. Шэфэра, дзе летувісы азначаюцца жамойтамі[43]: «Litauer (Schamaiten, Schmuden

Паводле другой тэорыі, этнагенез летувіскага этнасу мае больш позьняе паходжаньне, прытым адмаўляецца этнічнае адзінства балтыйскіх плямёнаў літвы і жамойтаў у VI — першай палове XIII стагодзьдзяў. Прыхільнікі гэтай тэорыі лічаць, што ўтварэньне летувіскага этнасу пачалося толькі ў межах ВКЛ з другой паловы XIII ст. і стала вынікам кансалідацыі балтыйскіх плямёнаў літвы (на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі, дала імя новаму этнасу), жамойтаў і частак селаў, земгалаў, куршаў, яцьвягаў, скальваў і прусаў[44].

Паводле трэцяй тэорыі, якой прытрымліваецца частка беларускіх навукоўцаў, сучасны летувіскі этнас узьнік у часы ВКЛ галоўным чынам на аснове балтыйскага племені жамойтаў[45][46], у склад якога ўвайшла пэўная частка іншых балтыйскіх плямёнаў (куршаў, прусаў, скальваў, яцьвягаў і інш.), у тым ліку балтыйскія плямёны нальшаны і дзяволтва — балтамоўныя жыхары паўночнай (балтыйскай) часткі ўласна Літвы[47], якая і дала новаму этнасу ў больш позьнія часы імя летувісы (афіц. літоўцы), а большая частка самога племені літвы на Віленшчыне славянізавалася ў часы ВКЛ[48].

Жамойць у этнаграфічных межах летувісаў, фрагмэнт мапы былой Рэчы Паспалітай, 1920 г.

Апошняя тэорыя знаходзіць пэўныя пацьверджаньні ў афіцыйных дакумэнтах і выданьнях Расейскай імпэрыі, зь якіх вынікае, што фармаваньне летувіскай нацыі адбывалася ў другой палове XIX ст. пры спрыяньні расейскіх уладаў. У 1861 годзе ў прадстаўленьні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксандра Шырынскага-Шыхматава(ru) да генэрал-губэрнатара Ўладзімера Назімава(ru) адзначалася, што большасьць сельскага насельніцтва Ковенскай губэрні — жамойты, якія размаўляюць па-жамойцку, тым часам большасьць сельскага насельніцтва Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрніяў размаўляюць па-беларуску. Адпаведна, у народных вучэльнях дзеля першых прапаноўвалася выкладаць па-жамойцку, а дзеля другіх — толькі па-расейску. Тым часам летувісы (рас. литовцы) у гэтым афіцыйным дакумэнце Расейскай імпэрыі не ўпаміналіся:

Так, у большай частцы Ковенскай губэрні, населенай жамойтамі, якія маюць сваю пісьменнасьць, хоць яшчэ і нязначную, але якая прадстаўляе ўжо для народу малітоўнікі, календары і некаторыя іншыя карысныя кнігі на жамойцкай мове, на якой народ слухае пропаведзі ў касьцёлах і спавядаецца ў гэтай губэрні, навучаньне ў пачатковых вучэльнях жамойцкай грамаце варта дазволіць, выкладаньне ж польскай мовы, на якой гавораць абшарнікі і чыноўнікі, у гэтыя вучэльні ня ўводзіць, пакінуўшы яе толькі ў гімназіях і прагімназіях. У губэрнях жа Віленскай, Гарадзенскай і Менскай вялікая частка сельскага насельніцтва размаўляе беларускай гаворкай, таму і народныя вучэльні ў гэтых мясцовасьцях маюць быць чыста расейскімі.

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 4—5.

Літва гістарычная і Летува («Літва этнаграфічная»). Рыга, 1920 г.

Як прызнае сучасны летувіскі гісторык Дарыюс Сталюнас(lt), «Хоць уласна тэрмін „літоўцы“ ўжываўся даволі часта, больш звыклымі для расейскай бюракратыі [у 1860-я гады] заставаліся іншыя паняцьці — „самагіцкае племя“, „жамойць“ або „жмудзіны“, „жамойцкі народ“, а мова — „жамоцкая“ або „самагіцкая“»[i][49].

У 1862 годзе ў прадстаўленьні Аляксандра Шырынскага-Шыхматава да кіраўніка Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі Аляксандра Галаўніна(ru) адзначалася, што адной з мэтаў адкрыцьця школаў на Жамойці (пад якой найперш разумелася этнічна летувіская Ковенская губэрня) мусіць быць умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці зь бесьперапынным пераконваньнем тамтэйшых сялянаў, што яны жамойты і літоўцы (ліцьвіны) і што ўлады Расейскай імпэрыі жадаюць не абмаскаліць іх, а наблізіць іхныя інтарэсы да інтарэсаў Расеі:

На Жамойці — умацаваньне жамойцкай нацыянальнасьці, зусім не варожай Расеі і ўраду ў ніжэйшых пластах насельніцтва, і бесьперапыннае ўнушэньне сялянам, што яны не палякі, а жамойты і літоўцы, і што Расея не жадае зусім абмаскаліць іх, а хоча толькі зблізіць іх інтарэсы з інтарэсамі дзяржавы.

—Корнилов И. П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьевскую эпоху. — С.-Петербург, 1901. С. 22.

Францускі географ і гісторык Элізэ Рэклю(en) ў 5-м томе сваёй працы «Зямля і людзі» (1881 год) засьведчыў, што ў той час у Польшчы і Расеі ліцьвінамі ўсё яшчэ традыцыйна называлі беларусаў, тады як летувісаў — жамойтамі[50]:

...нават цяпер яшчэ ў Польшчы, як і ў Расеі, «ліцьвінамі» звычайна называюць беларускіх славянаў былой палітычнай Літвы, тады як літоўцам ва ўласным сэнсе[j] даюць назву «жамойтаў» альбо «жмудзінаў».

—Реклю Э. Земля и люди. Т. 5, вып. 2. — СПб., 1883. С. 124.

Тым часам жамойцкі біскуп у Расейскай імпэрыі Мацей Валанчэўскі (Валанчус) (1801—1875) азначаў прускіх летувісаў (у г.зв. «Малой Летуве») як жамойтаў, якія «гавораць па-жамойцку, маюць жамойцкія кнігі і вывучаюць жамойцкую мову»[k][52]. А ў лічбе Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту за 1874 год зазначалася, што ў Прусіі ўсіх летувісаў, што жывуць у Расейскай імпэрыі, называюць жамойтамі[l]. У 1882 годзе нямецкі лінгвіст Адальбэрт Бэцэнбэргер, які лічыцца заснавальнікам балтыйскай філялёгіі, таксама пакінуў сьведчаньне, што летувісы ў Расейскай імпэрыі называлі прускіх летувісаў жамойтамі, а іх мову — жамойцкай, тым часам самі прускія летувісы называлі жамойтамі ўсіх расейскіх летувісаў[m][54]. У 1900 годзе на старонках прускага летувіскага часопісу Saulėteka(lt) зазначалася, што прускія летувісы звычайна называюць расейскіх летувісаў «жамойтамі» і лічаць гэтых жамойтаў такім жа чужым народам, як расейцаў або палякаў[n][56].

У навуковым выданьні «Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею», выдадзеным у 1899 годзе, у прадмове зьмяшчаўся агляд аўтарам Ковенскае губэрні, якая займала тады ўсю тэрыторыю сучаснае Летувы на поўнач ад Коўны: «Ковенская губэрня ўся амаль заселеная карэннымі літоўцамі, якія край свой называюць Жмудзь, а сябе жмогусамі» (рас. «Ковенская губерния вся почти сплошь заселена коренными литовцами, которые страну свою называют Жмудь, а себя жмогусами»[57]). У 1893 годзе паведамлялася, што «...Жамойць, або, як яна сама сябе называе, «сьвятая Жамойць», засяляе шчыльнай масай мільёна ў два душ паўночную частку Віленскай губэрні і найбольшую частку Ковенскай і Сувалкаўскай» (рас. «...Жмудь, или, как она сама себя называет, «святая Жмудь», населяет плотной массой миллиона в два душ северную часть Виленской губернии и наибольшую часть Ковенской и Сувалкской»)[58]. А народжаны ў Смаленску географ Сяргей Меч(ru) адзначаў (у тым ліку на падставе ўласнай вандроўкі ў 1894 годзе), што ў басэйне Нёману беларусы называюць сябе ліцьвінамі, тым часам летувісаў «больш за ўсё ў Ковенскай і Віленскай губэрнях, дзе яны вядомыя пад імём жмудзінаў»[o][59].

Перапіс 1897 году засьведчыў дамінаваньне менавіта жамойцкай (а не летувіскай) самаідэнтыфікацыі сярод найменш уразьлівай да расейскай прапаганды (за іншыя малаадукаваныя станы) балтамоўнай «патомнай шляхты»[p] колішняга Вялікага Княства Літоўскага: калі жамойцкую мову як родную вызначыла 28 895 чалавек (9,38% ад усёй «патомнай шляхты» колішняга ВКЛ), то летувіскую — толькі 10 302 чалавекі (3,34%)[q][60][61].

Як прызнае летувіскі этноляг Пятрас Кальнюс(lt), у афіцыйных дакумэнтах Расейскай імпэрыі азначэньне жамойцкай мовы ў якасьці «літоўскай» (рас. «литовский язык») — як і само паняцьце «літоўскі народ» (рас. «литовский народ») датычна летувісаў Віленскай і Ковенскай губэрняў — пачало дамінаваць толькі ў 1890—1900-я гады[62].

Мова

Асноўны артыкул: Летувіская мова

Нацыянальная мова летувісаў — летувіская (усходнебалтыйская падгрупа балтыйскай групы). Утварылася ў канцы XIX стагодзьдзя на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[63].

Глядзіце таксама

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура