Канадзкая мова

дравідыйская мова Індыі

Ка́надзкая мова[3] (трансьл. ка́нада) — мова народу канада, на якой размаўляюць пераважна ў штаце Карнатака ды некаторых іншых штатах Індыі.

Канадзкая мова
ಕನ್ನಡ
Арэал мовы канада ў Індастане[1]
Ужываецца ў Індыя
Рэгіён Карнатака
Колькасьць карыстальнікаў 38 000 000
Клясыфікацыя Дравідыйская сям’я
  • Паўднёвадравідыйская галіна
    • Тамільска-канадзкая група
      • Канада-бадага клястэр
        • Канада
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў штаце Карнатака
Статус: 2 Правінцыйны[d][2]
Пісьмо канадзкае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 kn
ISO 639-2(Б) kan
ISO 639-2(Т) kan
ISO 639-3 kan

Колькасьць носьбітаў — каля 38 мільёнаў[4], што робіць мову адной з 40 найбольш распаўсюджаных у сьвеце. Мае афіцыйны статус у штаце Карнатака[5], а таксама прызнаная індыйскім урадам адной з клясычных моваў[6][7][8]. У генэтычным дачыненьні ўяўляе сабою адну з моваў дравідыйскае сям’і моваў, уваходзячы ў склад клястэру канада-бадага тамільска-канадзкае групы[9] паўднёвадравідыйскае галіны.

Для запісу выкарыстоўваецца ўласны альфабэт, які разьвіўся з альфабэту кадамба. Мова канада ўваходзіць у г.зв. вялікую дравідыйскую чацьверку — разам з блізкароднаснымі тамільскай мовай і мовамі тэлугу й малаялам складае большасьць ад носьбітаў усіх дравідыйскіх моваў, хоць агульная колькасьць усіх моваў дравідыйскае сям’і налічвае прынамсі ня менш за 60 асобных моваў.

Гісторыя

Паводле дасьледніка Сэнфарда Стывэра, гісторыя мовы канада ўмоўна можа быць падзеленая на тры пэрыяды: старажытная канада (450—1200), сярэдняя канада (1200—1700) і сучасная канада (ад 1700)[10]. На стажытнай канадзе напісаныя многія помнікі джайнісцкай літаратуры. Пасьля заваяваньня тэрыторыі цяперашняга штату Карнатака Вялікабрытаніяй разьвіцьцё канады на пэўны час спынілася. У XIX стагодзьдзі была распрацаваная новаканадзкая мова на аснове арыгінальнае графікі і размоўных дыялектаў.

Значны ўплыў на мову аказаў санскрыт, заўважны таксама сьлед іншых моваў, сярод якіх пракрыт і палі. Паводле дасьледнікаў Бгадрыраджу Крышнамурці і Каміла Звэлебіла, канада і тамільская мова вылучыліся ў асобныя з прота-таміла-канадзкай падгрупы прыкладна ў VIII—VI стагодзьдзях да н. э.[11][12][13].

Дыялекталёгія

Вылучаюць 4 групы гаворак — паўднёвая, мангалорская, паўночная і паўночна-ўсходняя. Існуюць дробныя гаворкі (сацыялекты), характэрныя для прадстаўнікоў пэўных кастаў і сацыяльных плястоў (напрыклад, гавіканада — сацыялект канадзкіх брагманаў).

Пісьмо

Асноўны артыкул: Канадзкае пісьмо
Турыстычная табліца на мове канада

У мове канада выкарыстоўваюцца 49 фанэмічных літараў, што падзяляюцца на тры групы:

  • сварагалу (галосныя — трынаццаць літараў);
  • в’янджанагалу (зычныя — трыццаць чатыры літары);
  • ёгаваахакагалу (дзьве літары: анусвара па-канадзку: і вісарга па-канадзку: , нясуць функцыі дыякрытычных знакаў і запазычаныя непасрэдна з старажытнаіндыйскае пісьмовасьці брагмі).

Пісьмовасьць створаная паводле старажытнаіндыйскай пісьмовасьці брагмі. Аднак колькасьць пісьмовых сымбаляў значна большая за 49 літараў, паколькі розныя сымбалі могуць камбінавацца ў лігатуры. На ўзор пісьмовасьці брагмі, а таксама практычна ўсіх традыцыйных пісьмовасьцяў Індыі, пісьмо заснавае на сылябічным прынцыпе, кожны знак пазначае спалучэньне тыпу CV (дзе C і V — любы зычны й любы галосны адпаведна).

Марфалёгія, сынтаксіс

У канадзе прыняты парадак словаў дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, як і ва ўсіх дравідыйскіх мовах.

Канада — словазьменная мова з трыма родамі (мужчынскі, жаночы і ніякі) і двума лікамі (адзіночны і множны). Словы зьмяняюцца па родах, ліках і склонах.

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

  • Kuiper, Kathleen, ed. (2011). «Dravidian Studies: Kannada». Understanding India-The Culture of India. New York: Britannica educational Printing. ISBN 978-1-61530-203-1
  • Steever, S. B. (1998). «Kannada». In Steever, S. B. (ed.). The Dravidian Languages (Routledge Language Family Descriptions). London: Routledge. Pp. 436. pp. 129—157. ISBN 0-415-10023-2
  • Zvelebil, Kamil (1973) [1973]. Smile of Murugan: On Tamil Literature of South India. Leiden, Netherlands: BRILL. ISBN 90-04-03591-5

Вонкавыя спасылкі