Нафтан (завод)

(Перанакіравана з «Нафтан»)

28°32′3″ у. д. / 55.51778° пн. ш. 28.53417° у. д. / 55.51778; 28.53417

«Нафтан» — найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Беларусі, пабудаваны ў 1963 годзе ў Наваполацку.

«Нафтан»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Першынец нафтаперапрацоўкі Беларусі
Заснаваная 9 лютага 1963 (61 год таму)
Заснавальнікі Савет міністраў СССР
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Віцебская вобласьць
Адрас Наваполацак (Полацкі раён)
Ключавыя фігуры Аляксандар Дзямідаў, Алег Жэбін[1]
Галіна хімічная прамысловасьць
Прадукцыя авіягаза, акрыл, аліва, бітум, бэнзін, бэнзоль, газойль, дызэльнае паліва, мазута, поліэтылен, серчаная кісьля
Абарачэньне 7 711,651 млн рублёў (2019 год; 3 692,082 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 536,399 млн руб (2019 год; 256,81 млн $)
Чысты прыбытак 3,658 млн руб (2019 год; 1,751 млн $)
Лік супрацоўнікаў 10 034 (2020)[2]
Матчына кампанія «Белнафтахім» (Менск)
Даччыныя кампаніі завод «Палімір», футбольны клюб «Нафтан»
Аўдытар «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Менск)[3]

Зьяўляецца найбуйнейшым падаткаплатнікам Віцебскай вобласьці[4].

Вытворчасьць

На 2020 год «Нафтан» валодаў некалькімі нафта- і палівасховішчамі ёмістасьцю 5, 10 і 20 тысячаў тонаў і ўлучаў устаноўкі:

  • першаснай нафтаперапрацоўкі (5) — АВТ-1, АВТ-2, АВТ-6, АТ-3 і АТ-8;
  • водаачысткі дызэльнага паліва і газы (4) — Л-24/6, Л-24/7, ЛЧ-24/7 і Л-24-9х2;
  • каталітычнага рыформінгу (5) — Л-35-11/300, Л-35-11/600, Л-35/6, ЛЧ-35-11/600 і ЛГ-35-8/300Б;
  • вытворчасьці параксілолу, этылбэнзолю, ортаксілолу і псэўдакумолу;
  • выбарачнай ачысткі алівы (3) — А-37/1, А-37/3 і ВТ-1;
  • дэпарафінізацыі алівы (2) — 39/7 і 39/7М;
  • дэасфальтызаваньня гудрону — 36/4;
  • бітуму (2) — 19/5 і 19/6;
  • серчанай кісьлі;
  • прысадак да змазачнай алівы (3) — алькіфэнольная, сукцынімідная і сульфанатная;
  • газатурбіннай кагенэрацыі (КГТУ);
  • расфасоўкі змазачнай алівы для аўтамабіляў;
  • расфасоўкі побытавых рашчынаў[5].

Вырабы

На 2020 год «Нафтан» выпускаў:

  • паліва — бэнзін, дызэльнае паліва, карабельнае і пячное паліва, авіягазу і мазуту;
  • араматычныя вуглевадароды — бэнзоль, талуол, ортаксілол і параксілол;
  • змазачныя алівы — маторную, трансьмісійную, кампрэсарную, прамысловую і базавую;
  • бітум — дарожны, будаўнічы і дахавы;
  • нафтавыя рашчынальнік і гач, вакуўмны газойль і серчаную кісьлю;
  • поліэтылен і акрылавае валакно на даччыным заводзе «Палімір» з бэнзіну шляхам піролізу[6].

Мінуўшчына

6 жніўня 1958 году Савет міністраў СССР ухваліў Распараджэньне аб будаўніцтве ў Полацкім раёне Беларускай ССР нафтаперапрацоўчага завода гадавой магутнасьцю 6 млн нафты. 9 лютага 1963 году ў Наваполацку (Віцебская вобласьць) атрымалі першы беларускі бэнзін. Завод налічваў 3 устаноўкі: 1) першаснай нафтаперапрацоўкі магутнасьцю 2 млн тонаў за год (АВТ-1), 2) тэрмічнага крэкінгу мазуты, 3) вытворчасьці бітума. У 1964 годзе ўвялі ў дзеяньне ўстаноўку каталітычнага рэфармаваньня бэнзіну. У 1965-м запусьцілі вытворчасьць аліваў магутнасьцю 120 000 тонаў за год, 2-ю устаноўку першаснай нафтаперапрацоўкі АВТ-2, водаачыстку дызэльнага паліва, устаноўку серкаачысткі сухіх газаў і ўстаноўку вытворчасьці серчанай кісьлі і серавадароду. У 1980 годзе магутнасьць Полацкага нафтаперапрацоўчага завода нарасьцілі да 25 млн тонаў за год. 28 жніўня 2002 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ухваліла Загад № 118 аб пераўтварэньні Наваполацкага вытворчага аб'яднаньня «Нафтан» у адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 2003 годзе запусьцілі комплекс гідракрэкінга вакуўмнага газойля. У 2006 годзе «Нафтан» і расейскі «Лукойл» утварылі сумеснае прадпрыемства «ЛЛК-Нафтан» для вытворчасьці прысадак да аліваў. 1 сьнежня 2008 году да «Нафтана» далучылі ААТ «Палімір»[7].

Аб’ём перапрацоўкі нафты ў 2008 годзе склаў 10,54 млн. тонаў, а каля 60% выручкі прыпадала на паступленьні ад экспарту[8]. У 2012 годзе «Нафтан» стаўся 2-ім найбольш прыбытковым ААТ Беларусі. Абарачэньне прадпрыемства вырасла да 35,397 трлн рублёў (4,229 млрд $), апэрацыйны прыбытак — да 4,133 трлн рублёў (493,7 млн $), а чысты прыбытак — да 3,342 трлн рублёў (399,2 млн $). На прадпрыемстве налічвалася 12 419 супрацоўнікаў[9]. Належыць да ліку паноўных прадпрыемстваў на таварным рынку краіны[10]. На 2014 г. глыбіня перапрацоўкі на заводзе склала 75%[11].

26 студзеня 2020 году на «Нафтан» упершыню паступіла нафта з Нарвэгіі, якую здабылі ў Паўночным моры на нафтарадовішчы імя Юхана Свэрдрупа. Дастаўка 86 000 тонаў нафты суднам «Брэйвікен» у Клайпедзкі порт заняла 7 дзён. Адтуль першы цягнік з 59 цыстэрнамі аб'ёмам 3500 тонаў прыбыў на станцыю «Наваполацак» за дзень[12]. 16 траўня 2020 году на завод «Нафтан» упершыню даставілі нафту з Саудаўскай Арабіі, якая паступіла праз Клайпедзкі порт у Летуве з наступнай дастаўкай чыгункай[13]. 11 чэрвеня 2020 году на «Нафтан» упершыню паступіла нафта з ЗША гатунку Бакен[14]. У сьнежні 2021 году «Нафтан» выйшаў на глыбіню перапрацоўкі нафты ў 90 % па выніках мадэрнізацыі коштам 1 млрд даляраў ЗША[15].

Санкцыі

ААТ «Нафтан» знаходзіцца (з перапынкамі[16][17]) ў сьпісе спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША з 2011 году[18]. Апошняе ўключэньне было ў чэрвені 2021 году[19].

У 2022 годзе прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны сьпіс ЭЗ (Чорны сьпіс Эўразьвязу)[20], Швайцарыі, Канады і Украіны[21].

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі