Беларускі рубель

валюта Беларусі, уведзеная ў 2016 року

Беларускі рубе́ль — афіцыйная валюта Беларусі, якую з 1992 году выпускае Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Беларускі рубель
500 беларускіх рублёў эмісіі 2009 г., авэрс
500 беларускіх рублёў эмісіі 2009 г., авэрс
Краіна Беларусь
Падзел капейка
Код ISO-4217 BYN
Скарачэньне Br
Сымбаль Br
Цэнтральны банк Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Увядзеньне ва ўжытак 1 ліпеня 2016
Папярэдняя валюта беларускі рубель[d]
Абменны курс:
(22 студзеня 2018)
$0,51[1]
Галерэя выяваў у Вікісховішчы

Падзяляецца на 100 капеек. З 1 ліпеня 2016 году маюць хаджэньне банкноты наміналам 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў. Таксама ў абароце манэты наміналу 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек і 1, 2 рублі.

Назва

Назва беларускае валюты паходзіць ад расейскага рублю, была пакінутая пасьля адмовы Беларусі ад савецкага рублю і адмовы ад увядзеньня нацыянальнае грашовае адзінкі — талеру.

Гісторыя

Картка спажыўца на 100 рублёў
Разьліковы білет нацыянальнага банку Беларусі ў 50 капеек, авэрс
Разьліковы білет нацыянальнага банку Беларусі ў 50 капеек, рэвэрс

У студзені 1992 году, у час распаду агульнае савецкае грашовае прасторы, у Беларусі была ўведзеная купонная сыстэма (картка спажыўца), каб абараніць унутраны рынак тавараў і харчаваньня. З траўню замест купонаў ў абарот былі ўведзеныя разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі, знакамітыя «зайчыкі» ці «шушыкі»,[2] празваныя ў народзе гэтак за выяву бягучага зайца на купоне ў 1 рубель і па імені кіраўніка беларускай дзяржавы Станіслава Шушкевіча. Разьліковыя білеты былі дадатковым плацёжным сродкам на тэрыторыі Беларусі, акрамя асноўнае грашовае адзінкі — савецкага рублю, чыім сурагатам яны па сутнасьці былі. У пастанове Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусі ад 29 красавіка 1992 году «Аб выпуску ў абарачэньне разьліковых білетаў Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусі» прадугледжвалася, што разьліковыя білеты будуць абарачацца самастойна, без суправаджэньня рубля. Яны прызначаліся для выплаты часткі грашовых даходаў насельніцтва, эквівалентнае аб’ёму тавараў і паслугаў, што рэалізаваліся па сьпісе, выдадзенаму Саветам Міністраў Беларусі. Адзінка разьліковага білету раўнялася 10 савецкім рублём.

З 1 ліпеня 1992 году пачалі ўжывацца безнаяўныя беларускія рублі. Яны азначалі грашовыя сродкі на карэспандэнцкім рахунку Беларусі ў Цэнтральным банку Расеі, выручаныя беларускімі прадпрыемствамі ад продажу тавараў і паслугаў у Расею і ў рамках якіх можна было ажыцьцяўляць плацяжы расейскім прадпрыемствам за пастаўленыя тавары і аказаныя паслугі. У сувязі з канчатковым выхадам Украіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі з рублёвае зоны, 9 лістапада 1992 году Нацыянальны Банк пастанавіў перавесьці наяўныя разьлікі за прадукты харчаваньня, алькагольную і тытунёвую прадукцыю выключна на беларускія разьліковыя білеты. У ліпені 1993 году грашовы абарот быў цалкам пераведзены на беларускія рублі. З канцу ліпеня 1993 году пачаўся вывад з абароту расейскіх і савецкіх рублёў. Беларускі рубель стаўся адзіным законным сродкам плацяжу на тэрыторыі краіны. Такім чынам, наяўныя разьлікі ў Беларусі ажыцьцяўляліся з дапамогай разьліковых білетаў Нацыянальнага банку Беларусі, а безнаяўныя — з дапамогай безнаяўных беларускіх рублёў. Пастановай Нацыянальнага банку Беларусі ад 18 траўня 1994 году «Аб плацёжным сродку Рэспублікі Беларусі» (безнаяўны) беларускі рубель прызнаны адзіным плацёжным сродкам Рэспублікі Беларусі, у наяўным абароце адзіным законным сродкам плацяжу стаўся разьліковы білет.

Курсы беларускага рублю і разьліковага білету не адпавядалі адзін аднаму. 12 жніўня 1994 году ўрадам Беларусі і Нацыянальным банкам была выдадзеная пастанова аб дэнамінацыі беларускага рублю, з мэтай прывядзеньня яго кошту ў адпаведнасьць з наміналам разьліковага білету Рэспублікі Беларусі. Пастанаўлялася таксама, што з 20 жніўня 1994 году разьліковыя білеты Нацыянальнага банку абавязковыя да прыёму ўсімі юрыдычнымі і фізычнымі асобамі па ўсіх відах плацяжоў, для залічэньня на ўнёскі (дэпазыты) і на разьліковыя, бягучыя рахункі па іх намінале.

Да 2000 году беларускі рубель абазначалі кодам BYB, пасьля чаго да 1 ліпеня 2016 году выкарыстоўвалі код BYR. 2 студзеня 2009 г. Нацбанк Беларусі перайшоў да прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют, у склад якога роўнымі далямі ўлучылі амэрыканскі даляр, расейскі рубель і эўра. Пачатковая вартасьць кошыка склала 960 беларускіх рублёў, што адпавядала курсам: 2650 бел. рублёў за даляр, 90,16 бел. рубля за расейскі рубель і 3792 бел. рублі за эўра[3].

Купюра ў 5000 рублёў, 1998 г., авэрс
Купюра ў 5000 рублёў, 1998 г., рэвэрс

31 траўня 2012 г. Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову аб паступовым вывадзе з абарачэньня банкнотаў наміналам 10 і 20 рублёў узору 2000 году. Паводле Пастановы, 1 верасьня 2012 г. Нацбанк Беларусі спыніў іх выпуск. 1 сакавіка 2013 г. яны перасталі быць сродкам плацяжу ў крамах. 1 кастрычніка 2013 г. іх абмен на іншыя купюры спынілі ў камэрцыйных банках. 1 красавіка 2014 г. банкноты сталі лічыцца несапраўднымі і перасталі прымаць і ў Нацбанку[4].

4 лістапада 2015 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 450 «Аб правядзеньні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь», які прадугледжваў замену банкнотаў узору 2000 году на банкноты і манэты ўзору 2009 году ў суадносінах 10 000 : 1 з 1 ліпеня 2016 году. З гэтай даты Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусьціў у абарачэньне 7 наміналаў банкнотаў — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, і 8 наміналаў манэтаў — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Накіраванасьць выгляду банкнотаў адпавядала дэвізу «Мая краіна – Беларусь». Выявы банкнотаў прысьвяцілі кожнай з 6 абласьцей і Менску: 5 рублёў — Берасьцейскай, 10 рублёў — Віцебскай, 20 рублёў — Гомельскай, 50 рублёў — Гарадзенскай, 100 рублёў — Менскай, 200 рублёў — Магілёўскай і 500 рублёў — Менску. У выглядзе банкнотаў 2009 году захавалі пераемнасьць адносна банкнотнага шэрагу ўзору 2000 году ў частцы выкарыстаньня выяваў помнікаў дойлідзтва і горадабудаўніцтва. На пярэднім баку разьменных манэтаў зьмясьцілі відарыс дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, на адваротным баку — лічбавыя абазначэньні наміналаў манэтаў. 1 студзеня 2017 году банкноты ўзору 2000 году перасталі быць абавязковымі да прыёму пры аплаце ўстановамі гаспадараньня і сталі падлягаць абмену ў камэрцыйных банках да 2020 году на грашовыя знакі ўзору 2009 году. Грашовыя знакі 2009 году вырабілі на заказ Нацбанка Беларусі ў 2008 годзе і перадалі ў яго Цэнтральнае сховішча. Дэнамінацыю тады адклалі ў сувязі з сусьветным эканамічным крызісам і наступным фінансавым крызісам у Беларусі 2011 году. Адпаведна на банкнотах узору 2009 году месьціцца факсыміле подпісу тагачаснага старшыні Кіраўніцтва Нацбанка Беларусі Пятра Пракаповіча. Таксама на банкноце наміналам 50 рублёў месьціцца надпіс «пяцьдзесят» замест «пяцьдзясят» паводле Закону Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 году № 420-З «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі»[5].

Дэвальвацыі

Асноўны артыкул: Дэвальвацыя ў Беларусі

Дэвальвацыя 2009 году

1 студзеня 2009 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь правёў дэвальвацыю беларускага рубля, абвясьціўшы афіцыйныя курсы замежных валютаў на 2 студзеня ў сябе на сайце ўвечары 1 студзеня[6]. У выніку ў параўнаньні з 1 студзеня афіцыйны курс даляра ЗША ўзьняўся з 2200 беларускіх рублёў да 2650 (на 20,45%), курс эўра падвысіўся з 3077,14 беларускіх рублёў да 3703 (на 20,34%), курс расейскага рубля — з 76,89 да 90,16 беларускіх рублёў (на 17,26%). Меркавалася, што дэвальвацыя беларускага рубля зьвязаная з адным зь меркаваных патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду 20-адсоткавай дэвальвацыі беларускай валюты для магчымасьці атрыманьня ад МВФ стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2,5 мільярды даляраў ЗША[7], але начальнік кіраваньня інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў сьцьвярджаў, што рашэньне пра зьніжэньне курсу беларускага рубля беларускі бок прыняў самастойна. Тым ня менш 9 студзеня Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дэвальвацыя адбылася па патрабаваньні МВФ[8].

Дэвальвацыя 2011 году

Асноўны артыкул: Фінансавы крызіс у Беларусі 2011 году

Золатавалютныя рэзэрвы

Па мэтадалёгіі МВФ, міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі за 2004 год павялічыліся на 54,4% і склалі на 1 студзеня 2005 году $770,2 млн. У 2004 годзе золатавалютныя рэзэрвы ў нацыянальным азначэньні вырасьлі на 17,1% да $1,047 млрд.

Па стане на 1 студзеня 2006 году аб’ем міжнародных рэзэрвовых актываў Беларусі ў азначэньні адмысловага стандарту распаўсюджваньня зьвестак МВФ складаў $1296,5 млн. Валавыя актывы Нацбанку ў замежнай валюце, каштоўных мэталах і камянях складалі $1629,6 млн, павялічыўшыся за год на $449,7 млн. Залаты запас краіны складаў 25,02 тоны (у валютным эквіваленце — $412,7 млн).

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі, разьлічаныя па мэтодыцы МВФ па стане на сьнежань 2007, склалі $4182,2 млн, павялічыўшыся з пачатку году на 202,4%. Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі ў нацыянальным азначэньні склалі $4997,6 млн, павялічыўшыся з пачатку году на 185%[9].

Па стане на 1 сакавіка 2008 году, міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі, разьлічаныя па мэтодыцы МВФ, склалі $4352,9 млн павялічыўшыся з пачатку году на 4,1%. Міжнародныя рэзэрвовыя актывы ў нацыянальным азначэньні павялічыліся за гэты ж пэрыяд на 9,1%, да $5446,6 млн[10].

Нацбанк праводзіць палітыку сталага павелічэньня золатавалютных рэзэрваў. Перад Нацбанкам стаіць задача павялічыць іх да 2010 году да $6 млрд.

Істотную ролю ў забесьпячэньні стабільнасьці нацыянальнай валюты згуляе павелічэньне дзяржаўных золатавалютных рэзэрваў, якое чакаецца ўжо ў студзені 2009 году за кошт паступленьня першай часткі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры больш за $800 млн. Агульны аб’ём гэтага крэдыту складае $2,5 млрд.

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь, разьлічаныя па мэтадалёгіі МВФ на 1 студзеня кожнага году (у млн. USD)[11]:

Стаўка рэфінансаваньня

Па меры паніжэньня інфляцыі ў 1990-х і першай палове 2000-х Нацбанк Беларусі паступова зьніжаў і стаўку рэфінансаваньня каб стымуляваць рост эканомікі. Да прыкладу на пачатак 2004 году яна складала 28%, на пачатак 2005 — 17%, на пачатак 2006 — 11%, на пачатак 2007 — 10%[12]. У сувязі з ажыятажным попытам на валюту, які назіраліся ў пачатку 2007 году ва ўмовах рэзкага падвышэньня кошту на закуплены Рэспублікай Беларусь прыродны газ было прынята рашэньне падвысіць стаўку рэфінансаваньня з 10% да 11%, аднак пасьля стабілізацыі сытуацыі яна была ў некалькі этапаў паніжаная да 10% (на 1 кастрычніка 2007)[13]. З 1 ліпеня 2008 году стаўка рэфінансаваньня была ізноў падвышаная да 10,25%. З 13 верасьня 2008 году падвысіў стаўку рэфінансаваньня яшчэ на 0,25 адсоткавага пункта. Нацыянальны банк Беларусі з 15 кастрычніка 2008 году падвысіў стаўку рэфінансаваньня на 0,25 адсоткавага пункта з 10,5% да 10,75% гадавых. Стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банка Беларусі з 12 лістапада падвышана на 0,25 адсоткавага пункта да 11% гадавых. З 17 сьнежня 2008 году стаўка рэфінансаваньня Нацбанка складала 12% гадавых. На працягу 2008 году яна падвышалася пяць разоў.

З 8 студзеня 2009 году стаўка рэфінансаваньня падвышаная да 14% гадавых.

Абменны курс

На 2018 год Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь штодня ўстанаўліваў афіцыйны абменны курс беларускага рубля ў адносінах да спэцыяльных правоў запазычваньня ў Міжнародным валютным фондзе (Вашынгтон, ЗША) і 25 замежных валютаў:

Штомесяц Нацбанк Беларусі ўстанаўліваў курс беларускага рубля ў адносінах да 52 замежных валютаў:

2 студзеня 2009 г. Нацбанк Беларусі перайшоў да прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют, у склад якога роўнымі далямі ўлучылі амэрыканскі даляр, расейскі рубель і эўра. На 2018 год вага валютаў у кошыку складала 50% для расейскага рубля, 30% для амэрыканскага даляра і 20% для эўра[15].

Інфляцыя

За 2017 год грашовая маса беларускіх рублёў вырасла на 30% з 10 807,7 млн да 14 070,2 млн. Зь іх непераводныя (безадклікальныя) ўклады склалі 6 383,6 млн рублёў (45,4%), зь якіх 3 340,9 млн (52,3%; 23,7% грашовай масы) належалі фізычным асобам і 3 042,7 млн (47,7%; 21,6% грашовай масы) — юрыдычным. Пераводныя ўклады склалі 4 956,4 млн (35,2%) рублёў, зь іх 2 766,4 млн (55,8%; 19,7 % грашовай масы) было ў юрыдычных асобаў і 2 190 млн (44,2%; 15,5% грашовай масы) у фізычных. Наяўныя грошы ў абароце складалі 2 346,6 млн рублёў (16,7%). Каштоўныя паперы банкаў — 383,6 млн (2,7%)[16].

У параўнаньні зь іншымі краінамі

Афіцыйны курс даляра ЗША на 2 студзеня 2009 году складаў 2650 беларускіх рублёў. Без уліку дэнамінацыяў 1994 і 2000 гадоў курс роўны 26 500 000 рублёў.

Па ступені абясцэненьня нацыянальнай валюты да амэрыканскага даляра на 2008 год Беларусь зьяўлялася лідэрам сярод краінаў былога СССР. За Беларусьсю ў першай пяцёрцы разьмясьціліся Туркмэністан — 7 125 000, Грузія — 1 652 500, Узбэкістан — 1 377 730 і Ўкраіна — 748 680.

Адзнаку 1 млн беларускіх рублёў (без уліку дэнамінацыяў) курс даляра дасягнуў 17 сьнежня 1998 году, 5 млн — 11 траўня 2000 году, 10 млн — 12 верасьня 2000 году, 15 млн — 26 кастрычніка 2001 году, 20 млн — 3 красавіка 2003 году, 21 млн — 16 верасьня 2003 году[17].

У параўнаньні з далярам

Дынаміка зьмены кошту 1 амэрыканскага даляра.

Датабеларускіх рублёў
02.01.199611 500
02.01.199715 500
02.01.199830 740
02.01.1999107 000
02.01.2000320 (пасьля дэнамінацыі ў 1000 разоў)
02.01.20011180
02.01.20021580
02.01.20031920
02.01.20042156
02.01.20052170
02.01.20062152
02.01.20072140
02.01.20082150
02.01.20092650

Банкноты

Банкноты беларускага рубля маюць 10 элемэнтаў абароны:

  1. вадзяны знак;
  2. ахоўная ніць;
  3. сумяшчальны відарыс;
  4. мэталаграфскі друк;
  5. супрацькапіявальная сетка;
  6. мікратэкст;
  7. метка для людзей з аслабленым зрокам;
  8. бясфарбнае цісьненьне;
  9. люмінэсцэнцыя ў ультрафіялетавых прамянях;
  10. схаваны шматколерны вобраз[18].

1992 году

Асноўны артыкул: Разьліковыя білеты Нацыянальнага Банка Беларусі ўзору 1992 году

2000 году

Сэрыя 2000 [1]
ВыяваНаміналПамерКолерАвэрсРэвэрсДата друкуУвод у зваротВыхад са звароту
1 рубель110 × 60 ммЗялёныНацыянальная акадэмія навук БеларусіВялікая выява ліку 120001 студзеня 20001 студзеня 2003
5 рублёўСьветла-чырвоныТраецкае прадмесьцеВялікая выява ліку 51 верасьня 2004
10 рублёўСьветла-фіялетавыСтары будынак Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВялікая выява ліку 101 сакавіка 2013
20 рублёў150 × 69 ммАліўкава-жоўтыНацыянальны банк БеларусіНацыянальны банк Беларусі1 сакавіка 2013
50 рублёўАранжава-чырвоныХолмская брама Берасьцейскай крэпасьціМэмарыял Берасьцейская крэпасьць1 ліпеня 2015
100 рублёўЛёгкі зялёныНацыянальны Акадэмічны тэатар опэры і балета Рэспублікі БеларусьСцэна з балета «Выбраньніца»1 студзеня 2017
500 рублёў150 × 74 ммЛёгкі карычневыРэспубліканскі палац культуры прафзьвязаў у МенскуСкульптуры, умацаваныя на франтоне будынка
1000 рублёўЛёгкі блакітныНацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі БеларусьФрагмэнт карціны І. Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай»
5000 рублёўЛёгкі фіялетавыПалац спорту ў МенскуСпорткомплекс «Раўбічы»
10 000 рублёўРужовыПанарама ВіцебскуЛетні амфітэатар у Віцебску16 красавіка 2001
20 000 рублёўШэрыПалац Румянцавых-Паскевічаў у ГомліГомель21 студзеня 2002
50 000 рублёўНябесны блакітныМірскі замак, Гарадзенская вобласьцьДэкарацыі замка20 сьнежня 2002
100 000 рублёўАранжавыНясьвіскі замакФрагмэнт малюнку Напалеона Орды «Замак у Нясьвіжы»15 ліпеня 2005
200 000 рублёў150 × 74 ммЗялёна-шэрыМагілёўскі абласны мастацкі музэй імя Паўла МасьленікаваКалаж з дэкаратыўных элемэнтаў будынка музэю12 сакавіка 2012
якасьць выяваў — 0,7 піксэла на мілімэтар.

2009 году

Сэрыя 2009 году[19]
ВыяваНамінал (рублёў)Памеры (мм)Асноўныя колерыАпісаньнеДата выхаду
Пярэдні бокАдваротны бокПярэдні бокАдваротны бок
5135×72аранжавы
карычневы
Камянецкая вежа (Камянец, Берасьцейская вобласьць)калаж на тэму першых славянскіх паселішчаў:
фрагмэнт скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак дзядзінца «Бярэсьце»
1 ліпеня
2016
10139×72блакітны
сіні
Царква Сьвятога Спаса (Полацак, Віцебская вобласьць)калаж на тэму асьветніцтва і кнігадрукаваньня:
кнігі, знак Ф. Скарыны, крыж Эўфрасіньні Полацкай, фрагмэнт арнамэнту
20143×72жоўты
цёмна-шэры
Палац Румянцавых — Паскевічаў (Гомель)калаж на тэму духоўнасьці:
звон, Тураўскае Эвангельле, старажытны горад Тураў, фрагмэнты разьбы
50147×72сьветла-зялёны
аранжавы
Мірскі замак (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць)калаж на тэму мастацтва:
ліра і ляўровыя галіны, пяро, папера, нотны стан
100151×72смарагдавы
аранжавы
Нясьвіскі замак (Менская вобласьць)калаж на тэму тэатра і народных сьвятаў:
скрыпка, бубен, жалейка, слуцкія паясы і знакі народных сьвятаў «Калядная зорка», каза, тэатар «Батлейка»
200155×72фіялетавы
ружовы
Магілёўскі абласны мастацкі музэй імя Паўла Масьленікавакалаж на тэму рамяства і горадабудаўніцтва:
залаты ключ і пячатка Магілёва, пячная кафля, фрагмэнты кованой рашоткі
500159×72ружовы
бірузовы
Нацыянальная бібліятэка Беларусі (Менск)калаж на тэму літаратуры:
пяро, чарніліца, вокладкі кніг, ліст папаратніку
Маштаб малюнкаў — 1 піксэл на мілімэтар.

2019 і 2020 год

Сэрыя 2019 і 2020 г.
ВыяваНамінал (рублёў)Памеры (мм)Асноўныя колерыАпісаньнеДата выхаду
Пярэдні бокАдваротны бокПярэдні бокАдваротны бок
5135×72аранжавы
карычневы
Камянецкая вежа (Камянец, Берасьцейская вобласьць)калаж на тэму першых славянскіх паселішчаў:
фрагмэнт скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак дзядзінца «Бярэсьце»
2019 і 2020
10139×72блакітны
сіні
Царква Сьвятога Спаса (Полацак, Віцебская вобласьць)калаж на тэму асьветніцтва і кнігадрукаваньня:
кнігі, знак Ф. Скарыны, крыж Эўфрасіньні Полацкай, фрагмэнт арнамэнту
50147×72сьветла-зялёны
аранжавы
Мірскі замак (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць)калаж на тэму мастацтва:
ліра і ляўровыя галіны, пяро, папера, нотны стан
Маштаб малюнкаў — 1 піксэл на мілімэтар.

Манэты

1 ліпеня 2016 году, упершыню за ўсю гісторыю беларускага рубля, у сувязі з дэнамінацыяй у абарачэньне ўвялі манэты. Раней Беларусь была адной зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, дзе выпускаліся толькі памятныя манэты, якія фактычна не выкарыстоўваліся ў абарачэньні. Манэты адчаканілі са сталі на Летувіскім манэтным двары і Манэтным двары Крэмніцы (Славаччына). Манеты да 5 капеек пакрылі медзьдзю; 10, 20, 50 капеек — медзьдзю і латуньню; 1 рубель — медзьдзю і нікелем. Манэта вартасьцю 2 рублі — бімэтал, цэнтар пакрыты медзьдзю і нікелем, кольцы — медзьдзю і латуньню. На авэрсе ўсіх манэтаў разьмясьцілі відарыс дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, надпіс «БЕЛАРУСЬ» і год чаканкі. На рэвэрсе — намінал манэты разам з рознымі арнамэнтамі.

Манэты Рэспублікі Беларусь (з 2016 году)[19]
ВыяваНаміналТэхнічныя парамэтрыАпісаньнеГод чаканкіДата выхаду
АвэрсРэвэрсГуртДыямэтар
(мм)
Таўшчыня
(мм)
Маса
(г)
СкладАвэрсРэвэрсГурт
1 капейка151,251,55Сталь, пакрытая медзьдзюДзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, пад ім назва краіны, год чаканкіНамінал, арнамэнт, які сымбалізуе багацьце і дастатакРоўны20091 ліпеня
2016
2 капейкі17,52,1
5 капеек19,82,7
10 капеек17,71,82,8Сталь, пакрытая медзьдзю і латуньнюНамінал, арнамэнт, які сымбалізуе ўрадлівасьць і жыцьцёвую сілуНасечка з сэгмэнтамі
20 капеек20,351,853,7
50 капеек22,251,553,95
1 рубель21,252,35,6Сталь, пакрытая медзьдзю і нікелемНамінал, арнамэнт, які сымбалізуе імкненьне да шчасьця і свабодыНасечка
2 рублі23,52,05,81Кольцы — сталь, пакрытая медзьдзю і латуньню, цэнтар — сталь, пакрытая медзьдзю і нікелемУ цэнтры дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, па крузе ўгары — «БЕЛАРУСЬ», унізе — год чаканкіНадпіс «БЕЛАРУСЬ», падзелены элемэнтам нацыянальнага арнамэнту
Маштаб малюнкаў — 4 піксэля на мілімэтар.

Памятныя

Выпуск памятных манет пачалі 27 сьнежня 1996 году. Чаканяцца з каштоўных і некаштоўных мэталаў за мяжой (у Летуве, Нямеччыне, Польшчы, Расеі і інш. краінах) у сувязі з адсутнасьцю ўласнай мынцы. Па ўмовах дэнамінацыі 2016 году выпушчаныя раней памятныя манэты не падлягаюць абмену і падлягаюць прыёму ва ўсе віды плацяжоў па намінальным кошце.

Дзьвюхмоўная банкнота

Своеасаблівы выпадак дзьвюхмоўя прадстаўляе сабой банкнота вартасьцю 500 рублёў узору 1992 году.

Службовыя надпісы на банкноце выкананыя на беларускай мове. На авэрсе банкноты намаляваная плошча Перамогі ў Менску разам зь першымі двума словамі лёзунгу на расейскай мове «Подвиг народа бессмертен» («Подзьвіг народа несьмяротны»), выкладзенага на адным з паўкруглых будынкаў, якія разьмяшчаюцца вакол плошчы, і што зьяўляецца адной зь «візытных картак» Менску. Газэта «Гарадзенскі кірмаш», якая паведаміла пра дадзены факт у адным зь ліпеньскіх нумароў 1994 году, адзначыла, што дзякуючы гэтаму дзьвюхмоўю банкнота хутка ператвараецца ў каштоўны экспанат баністычных калекцыяў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі