Столін

горад у Беларусі

Сто́лін — места ў Беларусі, на рацэ Гарыні. Адміністрацыйны цэнтар Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 460 чалавек[1]. Знаходзіцца за 245 км на ўсход ад Берасьця, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь (лінія Лунінец — Сарны). Аўтамабільныя дарогі на Пінск і Давыд-Гарадок.

Столін
лац. Stolin
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб СтолінаСьцяг Століна


Краіна:Беларусь
Вобласьць:Берасьцейская
Раён:Столінскі
Насельніцтва:13 460 чал. (2018)[1]
Часавы пас:UTC+3
Тэлефонны код:+375 1655
Паштовы індэкс:225501
СААТА:1258501000
Нумарны знак:1
Геаграфічныя каардынаты:51°53′22.85927″ пн. ш. 26°51′2.41819″ у. д. / 51.8896831306° пн. ш. 26.8506717194° у. д. / 51.8896831306; 26.8506717194 26°51′2.41819″ у. д. / 51.8896831306° пн. ш. 26.8506717194° у. д. / 51.8896831306; 26.8506717194
Столін на мапе Беларусі ±
Столін
Столін
Столін
Столін
Столін
Столін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Столін — даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся парк «Манькавічы» пры колішняй сядзібе Радзівілаў, а таксама Вялікая сынагога ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляная Прачысьценская царква і мураваны касьцёл, помнікі архітэктуры XIX ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Столін утварыўся ад славянскага паняцьця «стольны, сталічны» (гэтак часам называлі галоўную сядзібу ці галоўнае паселішча таго або іншага фэўдала)[3]. На думку некаторых дасьледнікаў, паходжаньне назвы Століна магло абумовіць разьмяшчэньне старажытнага паселішча на высокім абрывістым беразе ракі.

Таксама існуе некалькі паданьняў пра паходжаньня назвы Столін:

  • Калісьці, у гэтай мясцовасьці існавала вялікае возера, у якім аднойчы вылавілі 100 ліноў. Адсюль і пайшла назва места — Столін.
  • На рацэ Гарыні стаялі 7 мястэчак, у якіх княжыла 12 братоў. Іхнае месца збору (паседжаньні, нарады), гэта значыць стол, за якім зьбіраліся браты-княжычы, знаходзіўся на месцы сучаснага Століна, адсюль і назва[4].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Касьцёл

Першы пісьмовы ўпамін пра Столін (сяло Стольна) зьмяшчаецца ў «Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў» і датуецца 1555 годам. У XVI—XVIII стагодзьдзях Столні меў статус мястэчка і ўваходзіў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Саламярэцкіх, Вішнявецкіх, Пацеяў, Солтанаў, Скірмунтаў і іншых. Тут існаваў драўляны замак.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 20 верасьня 1655 году казакі І. Залатарэнкі і князя Дзьм. Валконскага захапілі і спалілі Столін[5]. Пры вызваленьні Пагарыньня войскамі Вялікага Княства Літоўскага на подступах да мястэчка адбылася няўдалая для іх бітва. Па гэтых падзеях замак прыйшоў у заняпад[6].

З 1791 году ўваходзіў у склад Пінска-Зарэчнага павету Берасьцейскага ваяводзтва, а ў 1792 годзе стаў сталіцай Запінскага павету[7].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Сынагога

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Столін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады скасавалі Запінскі павет і панізілі статус паселішча да цэнтру воласьці Пінскага павету.

У 1794 годзе ў Століне збудавалі цагляную сынагону (помнік архітэктуры класыцызму). У 1815 годзе на ахвяраваньні мясцовых жыхароў і столінскага шляхцюка Каэтана Каржанеўскага ў мястэчку збудавалі новую цагляную царкву, асьвечаную ў 1846 годзе пад тытулам Сьвятой Тройцы. У 1816 годзе ў Століне адкрылася першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучаньня, у якой вывучалі асновы аграноміі. У 1827 годзе цагляная сынагога пацярпела ад пажару. У 1863 годзе пачала дзейнічаць земская народная вучэльня. На 1886 год у мястэчку быў 121 двор (паводле вынікаў перапісу 1897 году — 250 двароў); дзейнічалі царква, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, капліца; існавалі валасная ўправа, земская народная вучэльня, конная паштовая станцыя, вінакурны і чайны заводы, карчма, 20 крамаў; насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, сплавам лесу. У 1912 годзе адкрылася першая лякарня. У 1915 годзе ў Столін з захопленага немцамі Пінску пераехала павятовая адміністрацыя.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Столін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Столін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[8]. 25 сьнежня 1918 у Століне адбыўся зьезд старшынь валасных рэвалюцыйных камітэтаў і камандзіраў партызанскіх фармаваньняў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[9]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Столін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе атрымаў статус места. 1 студзеня 1923 году ён стаў цэнтрам Столінскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Столін увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Пінскай, з 1954 году — Берасьцейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1867 год — 1571 чал.[10]; 1897 год — 3,3 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 30 верасьня 1921 году — 4763 чал.; 1939 год — 8 тыс. чал.; ; 1959 год — 5,8 тыс. чал.; 1970 год — 7,1 тыс. чал.[6]; 1991 год — 10,6 тыс. чал.; 2000 год — 12,5 тыс. чал.[11]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 12,5 тыс. чал.[12]; 2002 год — 12,5 тыс. чал.; 2004 год — 12,5 тыс. чал.; 2005 год — 12,5 тыс. чал.[13]; 2006 год — 12,5 тыс. чал.; 2008 год — 12,5 тыс. чал.; 2009 год — 12 462 чал.[14] (перапіс); 2010 год — 12 341 чал.; 2011 год — 12 315 чал.; 2016 год — 12 951 чал.[15]; 2017 год — 13 269 чал.[16]; 2018 год — 13 460 чал.[1]

Места Столін, вёскі Манькавічы, Белавуша і Рыбнікі прадстаўляюць сабой адну населеную аглямэрацыю ўздоўж шашы Р88 з насельніцтвам каля 19 тысячаў чалавек.

Адукацыя

У Століне працуюць гімназія, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасьці, 4 дашкольныя ўстановы, аграрна-эканамічны каледж.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне.

Культура

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, дом рамёстваў.

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назваГістарычная назваБылыя назвы
17 верасьня плошчаКасьцельны пляц[17]
Гарынская вуліцаДубровіцкая вуліцаГенэрала Дамброўскага вуліца
Дзяржынскага вуліцаКрывая вуліцаЮзэфа Пілсудзкага вуліца
Камсамольская плошчаРынак пляц
Ключанкова вуліцаШпітальная вуліца
Леніна вуліцаЛіпавая вуліца
Палеская вуліцаВыганная вуліца
Савецкая вуліцаДавыд-Гарадоцкая вуліцаТадэвуша Касьцюшкі вуліца
Тэльмана вуліцаШкольная вуліца
Чырвонаармейская вуліцаКаралеўская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Століна да нашага часу гістарычную назву захавала толькі Пінская вуліца. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Пэрлавая і Ясная вуліцы[18].

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Дзейнічае Столінскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Гарынь».

Славутасьці

У Століне знаходзіцца батанічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня (закладзены ў 1886 годзе) — піхты каўкаскія[19].

Страчаная спадчына

Галерэя

Месты-сябры

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі