Столін
Сто́лін[3] (афіц. транс.: Stolin) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Столінскага раёна, на р. Гарынь. За 245 км на усход ад Брэста, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна). Аўтадарогі на Пінск і Давыд-Гарадок. Насельніцтва 13 269 чал. (2017)[4].
Горад Столін
| ||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў XII—XIII ст. сярод гарадоў «погоринских» (на р. Гарынь)[крыніца?].
Вядомы з XVI ст. як мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім. З XVII ст. горад. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 года у верасні 1655 года Столін быў спалены казакамі І. Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да Століна адбылася вялікая няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад. У 1792—1793 гадах цэнтр Запінскага павета Берасцейскага ваяводства.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1816 тут адкрытая першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучання, у якой вывучалі асновы аграноміі. У 1897 годзе у Століне 250 двароў, дзейнічала пачатковае вучылішча, бровар, смалакурня. З лютага 1918 да студзеня 1919 года акупіраван нямецкімі войскамі. 25 снежня 1918 года ў Століне прайшоў з’езд старшынь валасных рэўкомаў і камандзіраў партызанскіх фарміраванняў.
З 1921 года — у складзе Польшчы. У 1919—1939 цэнтр гміны Пінскага (да 7 лістапада 1920 года), Лунінецкага паветаў (да 1922 года), а ў 1923—1939 гадах цэнтр Столінскага павета Палескага ваяводства. У 1931—1939 гадах у Століне дзейнічала рота сапёраў Корпуса аховы памежжа «Столін». У выніку польскага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года і ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, Столін увайшоў у склад Беларускай ССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Столінскага раёна Пінскай, а з 1954 года Брэсцкай абласцей.
З 12 ліпеня 1941 да 7 ліпеня 1944 гадоў Столін пад нямецкай акупацыяй, з 1 верасня 1941 года цэнтр Столінскай акругі генеральнай акругі «Валынь—Падолле» рэйхскамісарыята «Украіна». У студзені 1944 года савецкія партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» і атрады злучэння С. А. Каўпака разграмілі Столінскі гарнізон немцаў.
У 1954 годзе, па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўца Б. В. Міралюбава, быў створаны і адкрыты Столінскі краязнаўчы музей.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1897 — 3,3 тыс. чал.[5][6];
- XX стагоддзе: 1921 — 4763 чал.[5][6]; 1939 — 8 тыс. чал.[5]; 1959 — 5,8 тыс. чал.[5]</ref>; 1970 — 7,1 тыс. чал.[5]</ref>;
- XXI стагоддзе: 2000 — 12,2 тыс. чал.[5]; 2001 — 12,5 тыс. чал.[6]; 2006 — 12,5 тыс. чал.; 2008 — 12,5 тыс. чал.; 2016 — 12 951 чал.[7]; 2017 — 12 269 чал.[4]
Эканоміка
У горадзе працуюць вытворчыя філіялы ААТ «Савушкін прадукт», ААТ «Берасцейскі пекар» Столінскі хлебазавод, філіял Столінскага райпо «Столінзагатпрамторг» і тыпаграфія[8]. Працуе шэраг прыватных вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў гандлю (апошнія ствараюць 75 працоўных месцаў). Дзейнічае мясцовы фонд «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва»[9]. Гасцей горада прымае гасцініца «Гарынь». Транспартнымі перавозкамі займаецца філіял ААТ «Брэстаблаўтатранс» аўтапарк № 12 г. Століна. Працуе аўтавакзал.
Адукацыя
У Століне знаходзіцца адна гімназія, дзве сярэднія школы, тры яслі-сада, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасці.
Прафесійна-тэхнічная адукацыя:
- Столінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці.
Сярэдне-спецыяльная адукацыя:
Культура
Культура горада прадстаўлена домам культуры, Столінскім краязнаўчым музеем, мастацкай галерэяй і двума бібліятэкамі (дзіцячай і дарослай).
Рэлігія
У Століне жывуць прадстаўнікі розных плыняў хрысціянства: праваслаўныя (маюць Свята-Ушэсцеўскую царкву), евангельскія хрысціяне-баптысты (маюць малітоўны дом непадалёк ад радзівілаўскага парка), каталікі (страцілі касцёл за савецкім часам)[10]. Вялізная іўдзейская суполка горада была амаль цалкам знішчана нямецкімі акупантамі ў 1942 годзе ва ўрочышчы Стасіна. Нешматлікімі яўрэямі Століна ў 1999 годзе была зарэгістравана яўрэйская абшчына. Пазней былі ўтвораны арганізацыі Столінскае яўрэйскае культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «МОСТ» і абшчына прагрэсіўнага іўдаізма «Яхад»[11].
Славутасці
- Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння — піхты каўказскія
- Свята-Ушэсцеўская царква 1938 г.
- Сінагога (1792)
- парк «Манькавічы» — твор садова-паркавага мастацтва, абвешчаны батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння (на паўночна-ўсходняй ускраіне горада)
- Помнік Уладзіміру Ільічу Леніну (1980, скульптары С. Селіханаў, В. Паляйчук, архітэктар Ю. Казакоў).
Страчаная спадчына
- Касцёл Раства Багародзіцы (1811)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (1823)
Галерэя
- Сінагога
- Парк Манькавічы
- Царква
- Ешыбот
- Старая камяніца
- Камяні з-пад алтарнай часткі касцёла
- Валун з гарадскім гербам
- Брукаванка-трылінка каля Століна
- Дзіцячая бібліятэка
- Польская дарога
- Кафэ Лакамка
- Прадуктовы рынак
- Прадуктовы рынак
- Плошча
- Хата на вялікім фундаменце
- Белпошта
- Скульптура дзяўчыны
Вядомыя асобы
- Міхаіл Іосіфавіч Кулак (1950—2017) — беларускі спецыяліст у галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела, кампазіцыйных матэрыялаў.
Гарады-пабрацімы
- Скапін, з 2014
- Ікшкілэ, з 2013
- Жывец
- Здалбуніў
- Хомберг (Эфцэ)
Гл. таксама
Заўвагі
Літаратура
- Сто́лін // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 186. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Сто́лін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 424—425. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Столін
- Геаграфічныя звесткі па тэме Столін на OpenStreetMap
- г. Столін на Radzima.org
- м. Столін на Глобус Беларусі