Аўтаномная акруга (КНР)
Інструмэнты
Агульныя
Друк/экспарт
Аўтаномная акру́га (па-кітайску: 自治州, піньінь zìzhìzhōu) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў КНР другога ўзроўню, якая звычайна ўтвараецца на тэрыторыі з заўважнай колькасьцю прадстаўнікоў ня-ханьскае нацыянальнасьці (або нацыянальнасьцяў). Зьяўляючыся адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай другога ўзроўню, звычайна ўваходзіць у склад правінцыі або аўтаномнага раёну. Паводле свайго адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўзроўню аналягічная акрузе або мескай акрузе.
Зьяўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай другога ўзроўню, уваходзячы ў склад правінцыі або аўтаномнага раёну. Звычайна падзяляецца на паветы ды мескія паветы, пры гэтым у сваім складзе можа таксама ўтрымліваць вызначаныя аўтаномныя адзінкі (аўтаномны павет; пры гэтым уваходжаньне аўтаномнага павету менавіта ў аўтаномную акругу неабавязковае), а сама таксама ўваходзіць у склад аўтаноміі вышэйшага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўзроўню (напрыклад, Яньцы-Хуэйскі аўтаномны павет Баянгол-Мангольскай аўтаномнай акругі Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну).
З адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкаваньня аўтаномнай акругі існуе вызначанае выключэньне — Ілі-Казаская аўтаномная акруга СУАР, у склад якой, апрача паветаў, уваходзяць яшчэ й дзьве акругі.
Як і большасьць іншых назваў аўтаномных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Кітаю, назвы аўтаномных акругаў звычайна будуюцца паводле схемы «назва мясцовасьці» + «указаньне этнасу, для якога ствараецца аўтаномная акруга» + указаньне аўтаномнага статусу (напрыклад, Кызылсу-Кыргыская аўтаномная акруга). У назьве адміністрацыйнага рэгіёну заўсёды дадаецца суфікс -族 (па-беларуску: нацыянальны; за выняткам СУАР і выпадкаў, калі назва этнасу складаецца з двух ці больш словаў).
У выпадку, калі акруга ўтвараецца для некалькіх этнасаў, пасьля ўказаньня мясцовасьці могуць ісьці два прыметнікі з указаньнем этнасаў (напрыклад, Хайсі-Мангольска-Тыбэцкая аўтаномная акруга).
На цяперашні момант найбольш аўтаномных акругаў мае правінцыя Юньнань — 8, потым ідуць Цынхай (6), СУАР (5), Сычуань (3), Гуйчжоў (3), Ганьсу (2), Гірын (1), Хунань (1) і Хубэй (1).
44 зь 55 этнасаў Кітаю маюць аўтаномныя акругі, у іх знаходзіцца 71% ад насельніцтва ўсіх гэтых этнасаў. Большасьць аўтаномных акругаў разьмешчаныя на захадзе ды поўдні краіны.
* Без адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак акругавага ўзроўню пяці аўтаномных раёнаў на 2000 год: