Блёкчэйн

Блёкчэйн (анг. blockchain альбо block chain — «ланцуг блёкаў») — разьмеркаваны рэестар, зьвёны якога зьмяшчаюць зьвесткі пра транзакцыі з пазначэньнем адпраўнікаў і атрымальнікаў[1][2].

Асноўная пасьлядоўнасьць блёкаў (чорныя) зьяўляецца самай доўгай ад пачатковага (зялёны) да цяперашняга. Пабочныя галіны (фіялетавыя) адсякаюцца.

Захоўваецца і зьвяраецца на вузлавых кампутарах усіх раўнапраўных удзельнікаў сеткі[3]. Разьмеркаваная база зьвестак выкананая з адкрытым крынічным кодам[4]. Запісы на ўсіх кампутарах сеткі зьяўляюцца публічнымі і тоеснымі, што забясьпечвае ўстойлівасьць да памылак і адсутнасьць кропак адмовы ды цэнтралізаванага кантролю. Атрымаў распаўсюд з 2008 году[5]. Найчасьцей выкарыстоўваецца пры транзакцыях у крыптавалютах, але блёкі (зьвёны) могуць утрымліваць і іншую інфармацыю. Упершыню тэрмін зьявіўся як назва разьмеркаванай базы зьвестак, рэалізаванай у сыстэме «Біткойн».

Беларусь

11 ліпеня 2017 году Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову № 279, паводле якой дазволіла з 15 ліпеня 2017 году перадачу зьвестак пра банкаўскую гарантыю праз разьмеркаваны рэестар (блёкчэйн). Пагатоў Нацбанк Беларусі стварыў інфармацыйную сетку з разьмеркаваным рэестрам (блёкчэйн), у якой банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (НКФА) Беларусі маглі стаць уладальнікамі засьведчвальных вузлоў. Разьліковы цэнтар Нацбанка стаў адміністратарам гэтай сеткі. Для самарэгуляваньня сеткі стварылі Савет вузлоў (нодаў), удзельнікі якога атрымалі роўныя правы[5]. 18 ліпеня 2017 году Савет вузлоў інфасеткі банкаў Беларусі правёў першае пасяджэньне, на якім зацьвердзіў Палажэньне «Аб Савеце ўладальнікаў засьведчвальных вузлоў інфармацыйнай сеткі, пабудаванай з выкарыстаньнем тэхналёгіі блёкчэйн». Сярод першых удзельнікаў было ААТ «НКФА „Адзіная разьліковая інфармацыйная прастора“» (АРІП), якое дазваляла ажыцьцяўляць аплату ў касах 23 з 24 камэрцыйных банкаў Беларусі[6]. 24 кастрычніка 2017 году «БПБ-Ашчадбанк» ажыцьцявіў першы ў Беларусі міжнародны разьлік з выкарыстаньнем разьмеркаванага рэестра (блёкчэйн) ў выглядзе акрэдытыва[7].

Крыніцы