Брэтонская мова

кельцкая мова

Брэто́нская мо́ва (саманазва: Brezhoneg, вымаўл. [bʀe.ˈzõː.nɛk]) — кельцкая мова, на якой размаўляюць у гістарычным рэгіёне Брэтанія, адносіцца да брыцкае падгрупы ў складзе астраўное групы кельцкіх моваў. Найбольш блізкай мовай да брэтонскай зьяўляецца корнская, разам зь якой брэтонская мова ўтварае сукупнасьць паўднёва-заходніх моваў у складзе брыцкіх моваў, крыху далейшымі паводле роднасьці зьяўляюцца валійская і вымерлая на цяперашні час кумбрыйская мовы.

Брэтонская мова
Brezhoneg
[[Файл:Huelgoat Chaos mill.jpg|]]
Ужываецца ў Францыі
Рэгіён Брэтанія
Колькасьць карыстальнікаў 210 000 чал.[1]
Клясыфікацыя Індаэўрапейскія мовы
Афіцыйны статус
Рэгулюецца Ofis Publik ar Brezhoneg[d]
Статус: 7 Нясталы[d][2]
Пісьмо брэтонскі альфабэт[d]
Коды мовы
ISO 639-1 br
ISO 639-2(Б) bre
ISO 639-2(Т) bre
ISO 639-3 bre
SIL

У пэрыяд ад 1950-х гг. адбылося значнае зьніжэньне колькасьці носьбітаў мовы — ад больш чым за мільён чалавек да прыкладна 200 тыс. сёньня, пры гэтым большасьць (61%) носьбітаў мовы складаюць людзі старэйшыя за 60 гадоў, што разам дала падставу да ўключэньня мовы ў катэгорыю моваў на мяжы зьнікненьня паводле Атлясу моваў, што знаходзяцца ў небясьпецы, вэрсіі ЮНЭСКО. Між тым, у часе 2006—2012 гг. на 33% вырасла колькасьць дзяцей, якія наведваюць дзьвюхмоўныя клясы[1][3].

Гісторыя

Асноўны артыкул: Сярэднебрэтонская мова
Адсоткавая дзеля носьбітаў брэтонскае мовы ад насельніцтва рэгіёнаў Брэтаніі.

Брэтонцы перасяліліся на тэрыторыю сучаснай Францыі ў другой палове V ст. з поўдню Брытаніі, адкуль іх выціснулі набегі англасаксаў, якія распачаліся ў той пэрыяд. Яшчэ ў ІХ ст. брэтонцы займалі ўвесь паўвостраў ад вусьця Люары на поўдні да мясцовасьці Мон-Сэн-Мішэль на поўначы, у наступныя стагодзьдзі мяжа распаўсюджваньня мовы перасунулася на захад. Падрабязныя сьведчаньні пра мову вядомыя зь сярэднебрэтонскага пэрыяду (з XI ст., помнікі з XIV ст., да гэтага часу захаваліся толькі глёсы і ўласныя імёны). Напрацягу ўсёй сваёй гісторыі брэтонская мова знаходзілася пад моцным уплывам францускай. У Сярэднявеччы існавала багатая брэтонская літаратура, традыцыя якой скончылася толькі да XVII ст. Ня маючы афіцыйнага статусу пасьля страты аўтаноміі Брэтаніі, брэтонская мова захоўвалася перадусім у асяродку сельскага населньіцтва, тады як у местах на час XVIII ст. стала пераважаць француская мова. Пры гэтым прапаведніцкая дзейнасьць на брэтонскай мове пачалася досыць рана, чым часткова тлумачыцца асаблівая роля, якую царква захоўвала даволі доўга.

Француская манархія, якой падпарадкоўваліся тагачасныя брэтонскамоўныя тэрыторыі, ня ставілася прыхільна да моваў меншасьцяў ніжэйшых клясаў і патрабавала выкарыстоўваньня францускае ў сфэрах бізнэсу ў межах свай палітыкі нацыянальнага адзінства. Падобная палітыка працягнулася і па Францускай рэвалюцыі, дзеячы якой лічылі, што манархісцкія сілы могуць падтрымліваць мовы меншасьцяў у мэтах захаваньня сялянаў неінфармаванымі.

Усеагуальная адукацыя ў Брэтаніі была ўведзеная толькі ў XIX ст., аднак яна ажыцьцяўлялася на францускай мове, а брэтонская мова была поўнасьцю забароненая. У той жа час у XIX ст. узьнікла цікаўнасьць да вывучэньня мовы і фальклёру, важную ролю ў якім адыграў Жан-Франсуа Ле Ганідэк, які лічыцца стваральнікам сучаснай брэтонскай літаратурнай мовы.

Пачынаючы зь ХІХ ст. урады Трэцяе, Чацьвёртае, Пятае Рэспублік, на думку некаторых, імкнуліся да выкараненьня моваў меншасьцяў у дзяржаўных школах, у тым ліку й брэтонскай, з мэтамі адбудоўваньня агульнай нацыянальнай культуры, у прыватнасьці, настаўнікі зьняважліва ставіліся да вучняў, якія размаўлялі на нефранцускай мове, такая практыка працягвалася да пэрыяду 1960-х гг.[4]

На сёньняшнюю моўную сытуацыю паўплывалі палітычная цэнтралізацыя Францыі, пашырэньне СМІ і ўзмацненьне глябалізацыі грамадзтва, што сталася прычынаю зьніжэньня колькасьці носьбітаў брэтонскай мовы з больш чым мільёну ў 1950-х гг. да каля 200 тыс. чал. на цяперашні час. Большасьць носьбітаў зьяўляецца людзьмі старэйшымі за 60 год, мова клясыфікуецца як загрожаная[1]. Дынаміка ХХ ст. сьведчыць, што напачатку мінулага стагодзьдзя палова насельніцтва Ніжняе Брэтаніі ведала толькі брэтонскую, астатнія насельнікі былі дзьвюхмоўнымі. Паводле зьвестак на 1950 рок, аднамоўных брэтонцаў налічвалася ўжо 100 тыс. чал. Статыстычныя дасьледааваньні на 1997 год налічылі 300 тыс. чал. у Ніжняй Брэтаніі, якія размаўлялі па-брэтонску, зь іх 190 тыс. чал. мелі ўзрост 60 альбо больш год, серад моладзі 15-19 гадовага ўзросту мова распаўсюджаная даволі мала[5]. Нягледзячы на той факт, што брэтонская мова цягам доўгага часу зьяўлялася другой паводле колькасьці носьбітаў кельцкай мовай, зараз яна знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня[6].

Культура і спробы адраджэньня

У 1925 годзе прафэсарам Рапарзам Эмонам быў заснаваны часопіс «Gwalarn». Гэты часопіс публікаваўся на брэтонскай мове і падчас свайго дзевятнаццацігадовага існаваньня ў часопісе ставіліся спробы ўзьняцьця мовы на новы ў міжнародным пляне ўзровень. Публікацыі часопісу заахвочвалі да стварэньня ўсежанравай літаратуры на мове і перакладу на яе міжнародных навуковых працаў. У 1946 годзе, аднак Gwalarn быў заменены часопісам Al Liamm. У 1977 годзе была заснаваная сыстэма школьнай адукацыі Diwan, мэтай якой было стварэньне практыкі выкладаньня брэтонскай мове шляхам мэтаду г.зв. моўнага пагружэньня. У школах гэтай сыстэмы атрымоўвалі адукацыю некалькі тысячаў чалавек.

На цяперашні момант у брэтонскамоўнай сфэры існуе заўважны аб’ём мэдыйнай прадукцыі, у тым ліку ажыцьцяўленьне перакладаў сродкаў масавае культуры (коміксы, тэлевізійныя праграмы, фільмы), працуе брэтонскамоўнае радёвяшчаньне (Radio Kerne), брэтонскую мову выкарыстоўваюць пры напісаньні сваіх твораў і прац пісьменьнікі і мовазнаўцы.

Брэтонская мова на сёньня зьяўляецца адзінай кельцкай мовай, якая ня мае будзь-якога афіцыйнага або рэгіянальнага прызнаньня, што зьвязана з артыкулам 2 Канстытуцыі Францыі, паводле фармулёўкі якой вызначаецца статус францускай мовы як мовы Рэспублікі. Напачатку ХІХ ст. арганізацыя Ofis ar Brezhoneg (служба брэтонскай мовы) распачала кампанію па пдатрымцы штодзённага выкарыстаньня мовы ў рэгіёне як у дзелавых дачыненьнях, так і мясцовых зносінах, намаганьні арганізацыі таксама накіраваныя на ўсталяваньне дзьвюхмоўных знакаў і плякатаў для ўстановаў, разьмешчаных у Брэтаніі.

Геаграфія

Дыялекты брэтонскае мовы.

Тэрыторыя распаўсюджаньня брэтонскай мовы знаходзіцца перадусім у рэгіёне Заходняе Брэтаніі, у меншай ступені брэтонская мова таксама распаўсюджаная на ўсходзе паўвострава, дзе яна мае ўжытак разам з мовай галё і францускай мовай. У астатніх рэгіёнах і па-за межамі Францыі мова ўжываецца супольнасьцямі брэтонскіх імігрантаў.

З дыялекталягічнага пункту гледжаньня мова падзяляецца на чатыры дыялекты, назвы якіх адпавядаюць мясцовасьцям, у якіх дыялекты маюць ужываньне, а менавіта карнуайскі, леонскі, трэгорскі і ванскі. Дыялекты не ўтвараюць паміж сабою выразных межаў з прычыны ўтварэньня між сабою дыялектнага кантынуўму. Найбольш адрозным з усіх чатырох дыялектаў зьяўляецца ванскі, што абумоўлена шэрагам уласных фанэтычных асаблівасьцяў.

Статус

[[Файл:Bilingual sign Vannes Gwened.jpg|thumb|245px|Прыклад дзьвюхмоўнага знаку, Ван.]]Адзінай мовай у Францыі з афіцыйным статусам за цяперашнім часам зьяўляецца француская, аднак некаторыя актывісты выступаюць на карысьць прызнаньня моваў меншасьцяў, замацаваньня за імі права на выкладаньне ў школах і месца ў грамадзкім жыцьці[6]. Між тым, у ліпені 2008 року ў Канстытуцыю Францыі былі ўведзеныя папраўкі, згодна зь якімі абвяшчалася пра прыналежнасьць рэгіянальных моваў да францускай спадчыны.

Рэгіянальныя органы ў Брэтаніі ўжываюць брэтонскую ў досыць абмежаванай ступені, напрыклад, пры афармленьні шыльдаў, у местах Брэтаніі існуюць дзьвюхмоўныя вулічныя знакі, падобныя знакі месьцяцца ў рэнскім мэтро.

Асноўная характарыстыка

Фанэтыка

  • Галосныя:

Галосныя гукі ў брэтонскай мове могуць адрозьнівацца паводле даўжыні, падзяляючыся на кароткія і доўгія. Усе ненаціскныя галосныя зьяўляюцца кароткімі, тады як пад націскам яны могуць быць кароткімі або доўгімі. Даўжыня галосных гукаў артаграфічна не пазначаецца, разам з гэтым не ва ўсіх дыялектах магчымае вымаўленьне націскных галосных як падоўжаных. Таксама галосныя гукі могуць быць назалізаванымі, у гэтым выпадку пасьля галоснай на пісьме дадаецца літара ñ або проста знак тыльды над літарай для галоснага гуку, што залежыць ад розных артаграфічных сыстэмаў.

Ніжэй прыведзеныя галосныя гукі ў брэтонскай мове. Курсівам зьлева пазначаныя літары для пазначэньня галосных гукаў у мове, сымбалямі IPA ўказаныя гукі, што адпавядаюць гэтым літарам.

Пярэдняга шэрагуЗадняга шэрагу
неагубленыяагубленыянеагубленыяагубленыя
Верхняга ўздымуi /i/u /y/ou /u/
Сярэдне-верхняга ўздымуe /e/eu /ø/o /o/
Сярэдне-ніжняга ўздымуe /ɛ/eu /œ/o /ɔ/
Ніжняга ўздымуa /a/a /ɑ/

Апрача вышэйпералічаных гукаў існуюць дыфтонгі /ai, ei/.

  • Зычныя:
 БілябіяльныяЛябіядэнтальныя
(губна-зубныя)
АльвэалярныяПостальвэалярныяПалятальныяВэлярныя
(заднеязычныя)
УвулярныяГлётальныя
звыч.ляб.звыч.ляб.
Насавыяm mn ngn ɲ
Выбухныязвонкіяb bd dg ɡgw, gou ɡʷ
глухіяp pt tk kkw
Фрыкатыўныязвонкіяv vz, zh zj ʒ
глухіяf fs sch ʃc’h xh, zh h
Дрыжачыяr ʁ
Апраксымантыбакавыяl llh ʎ
сярэдніяy ju ɥw w

Граматыка

Як і ў іншых кельцкіх мовах, слоўныя канструкцыі могуць адрозьнівацца дзякуючы выражэньню відам. Напрыклад:

БрэтонскаяБеларускаяІрляндзкаяВалійская
Me zo o komz gant ma amezegЯ размаўляю са сваім суседам«Táim ag labhairt le mo chomharsain»«Dw i’n siarad â fy nghymydog»
Me a gomz gant ma amezeg [bep mintin]Я размаўляю са сваім суседам [штораніцы]«Labhraím le mo chomharsain [gach maidin]»«Siaradaf â fy nghymydog [bob bore]»
  • Зьліцьцё прыназоўнікаў:

Як і ў іншых сучасных кельцкіх мовах, займеньнік у брэтонскай мове можа аб’ядноўвацца з папярэднім яму прыназоўнікам, утвараючы асаблівы від прыназоўнікаў.

БрэтонскаяКорнскаяВалійскаяІрляндзкаяГэльская шатляндзкаяМэнскаяБеларуская
ul levr zo ganin
кніга з-мною
yma lyver genevmae llyfr gennyftá leabhar agamtha leabhar agamta lioar aymу мяне ёсьць кніга
un died zo ganit
напой з-мною
yma diwes genesmae diod gennyttá deoch agattha deoch agadta jough aydу мяне ёсьць напой
un urzhiataer zo gantañ
кампутар зь-ім
yma amontyer gansomae cyfrifiadur ganddotá ríomhaire aigetha coimpiutair aigeta co-earrooder echeyу яго ёсьць кампутар
ur bugel zo ganti
дзіця зь-ёй
yma flogh gensymae plentyn gandditá leanbh aicitha leanabh aiceta lhiannoo eckу яе ёсьць дзіця
ur c’harr zo ganimp (або ganeomp)
машына з-намі
yma carr genenmae car gennymtá gluaisteán/carr againntha càr againnta gleashtan/carr ainу нас ёсьць машына
un ti zo ganeoc’h
дом з-табой
yma chi genowghmae tŷ gennychtá teach agaibhtha taigh agaibhta thie euу цябе ёсьць дом
arc’hant zo ganto (або gante)
грошы зь-імі
yma mona gansansmae arian ganddynttá airgead acutha airgead acata argid ocу нас ёсьць грошы
  • Мутацыі пачатковых зычных:

У брэтонскай мове існуе чатыры тыпы мутацыі зычных, што выражаецца, напрыклад, у ператварэньні звонкіх выбухных у глухія (цьвёрдая мутацыя) або ў зьмяшэньні мяккіх і цьвёрдых мутацыяў (зьмяшаная мутацыя):

Немутаваныя
зычныя
Мутаваныя Немутаваныя
зычныя
Мутаваныя
ЦьвёрдаяЗьмяшанаяМяккаяАсьпіраванаяЦьвёрдаяЗьмяшанаяМяккаяАсьпіраваная
m [m] v [v]v [v]      
b [b]p [p]v [v]v [v] d [d]t [t]t [t]z [z] 
p [p]  b [b]f [f]t [t]  d [d]z [z]
g [ɡ]k [k]c’h [ɣ]c’h [ɣ] gw [ɡʷ]kw [kʷ]w [w]w [w] 
k [k]  g [ɡ]c’h [x]     

Артаграфія

Першыя брэтонскія тэксты, зьмешчаныя ў Лейдэнскім рукапісе, датуюцца канцом VIII ст. Пазьней артаграфічная сыстэма засноўвалася на прыкладзе францускай мовы. У 1830-х гадох Ле Ганідэкам была апісаная фанэтычная сыстэма мовы.

Напачатку ХХ ст. сыстэма Ле Ганідэка была рэфармаваная групай пісьменьнікаў, вядомай як Emglev ar Skrivanerien. У выніку гэтага была распрацаваная сыстэма, якая дазваляла зрабіць наддыялектную сыстэму з улікам трох дыялектаў — карнуайскага, леонскага і трэгорскага. Гэтая артаграфічная сыстэма, якая стала вядомай як KLT (скарачэньне ад назваў гэтых дыялектаў па-брэтонску: Kerneveg, Leoneg, Tregerieg), была зацьверджаная ў 1911 годзе. У той жа час, аднак, некаторыя іншыя пісьменьнікі заснавалі на аснове сыстэмы Ле Ганідэка сваю ўласную артаграфію для ванскага дыялекту, які меў істотныя адрозьненьні ад астатніх (гл. вышэй).

У 1941 годзе з мэтай распрацаваньня агульнай літаратурнай нормы, якая ўлічвала б асаблівасьці ўсіх дыялектаў, ванская норма і норма KLT былі аб’яднаныя ў сыстэму Peurunvan (па-беларуску: «поўнасьцю адзіная»). Асноўнай рысай гэтага стандарту стала ўжываньне дыграфу zh, што стала своеасаблівым кампрамісам паміж дыялектамі KLT (у якіх на месцы zh вымаўляецца /z/) і ванскім дыялектам (у якім на месцы zh вымаўляецца /h/).

У 1955 року лінгвіст Франсуа Фальшун і група Emgleo Breiz прапанавалі новы варыянт артаграфіі, літары якой былі набліжаныя да рэаліяў францускае мовы. Гэтая артаграфія атрымала назву Orthographie Universitaire (па-брэтонску: Skolveurieg, па-беларуску: «унівэрсытэцкая артаграфія»). Гэтая артаграфічная сыстэма была прызнаная ўладамі Францыі, аднак, між тым, у грамадзтве рэгіёну гэтая сыстэма не атрымала шырокага прызнаньня і цяпер выкарыстоўваецца толькі ў часопісе Brud Nevez і выдавецтве Emgléo Breiz.

У пэрыядзе 19711974 гг. быў распрацаваны новы артаграфічны стандарт — etrerannyezhel, які засноўваўся на этымалягічным правапісе.

Сёньня большасьць брэтонскіх пісьменьнікаў ужываюць артаграфію Пэўрунван, гэтая ж сыстэма выкарыстоўваецца ў большасьці брэтонскамоўных школ.

Альфабэт

Пісьмовасьць брэтонскае мовы засноўваецца на лацінскай графіцы і зьмяшчае наступныя літары:

a, b, ch, c’h, d, e, f, g, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, t, u, v, w, y, z

Таксама над некаторымі літарамі могуць выкарыстоўвацца дыякрытычныя знакі цыркумфлекс, гравіс, трэма ды тыльда (â, ê, î, ô, û, ù, ü, ñ).

  • Адрозьненьні паміж Skolveurieg ды Peurunvan:

Абедзьве артаграфічныя сыстэмы карыстаюцца аднолькавым (гл. вышэй) альфабэтам, аднак сыстэма Skolveurieg адрозьніваецца наяўнасьцю літары é. Найбольш заўважнымі адрозьненьямі зьяўляюцца канчаткі словаў. У Peurunvan канчатковыя шумныя, якія аглушаюцца ў канчатковай пазыцыі і званчэюць у сандгі (сандгі — зьмяненьне гукаў у залежнасьці ад іх месца ва ўрыўку тэксту, напрыклад, у слове ці сказе), адлюстроўваюцца літарай для глухога гуку. Між тым, яны могуць указвацца літарамі для звонкага гуку альбо літарай для глухога перад суфіксам (braz, але brasoc’h).

Акрамя таго, Peurunvan адлюстроўвае рысы KLT, у якіх канчаткі назоўнікаў і прыметнікаў адрозьніваюцца напісаньнем у іх звонкага і глухога адпаведна (напрыклад, brezhoneg, але brezhonek).

Некаторыя прыклады напісаньня аднаго слова паводле розных артаграфіяў:

Etrerannyezhel (1975)Peurunvan (1941)Skolveurieg (1956)
glawglavglao
piwpivpiou
levrlevrleor
ewidevitevid
gantgantgand
anezhianezhianezi
ouzhpennouzhpennouspenn
brawañbravañbrava
pelec’hpelec’hpeleh

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

  • Desbordes, Yann Petite grammaire du breton moderne. Lesneven: Mouladurioù Hor Yezh, 1990
  • Falc’hun, François Le système consonantique du breton avec une étude comparative de phonétique expérimentale. Rennes: Plihon, 1951
  • Jackson, Kenneth H. A Historical Phonology of Breton. Dublin: DIAS, 1967
  • Kervella, Frañsez Yezhadur bras ar brezhoneg. Brest: Al Liamm, 1947.
  • Press, Ian A grammar of modern Breton. Berlin: Mouton de Gruyter, 1986

Вонкавыя спасылкі