Перапіс насельніцтва ЗША

Перапіс насельніцтва ЗША — перапіс насельніцтва, які праводзіцца ў Злучаных Штатах Амэрыкі кожныя дзесяць гадоў. Адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне перапісу нясе Бюро перапісу насельніцтва ЗША.

Гісторыя

Артыкул 1 Канстытуцыі Злучаных Штатаў прадугледжвае, што перапіс насельніцтва павінен праходзіць не радзей аднаго разу ў дзесяць гадоў.[1] Ад гэтага залежыць колькасьць мандатаў ад кожнага штату ў Палаце прадстаўнікоў і ў Калегіі выбаршчыкаў. Перапіс ажыцяўляецца кожныя 10 гадоў у гадах, якія сканчаюцца нулём (2000, 2010), і завецца «дзесяцігадовым». Разьдзел 13 Кодэксу Злучаных Штатаў апісвае працэдуру правядзеньня перапісу і апрацоўкі зьвестак.[2]

Першы перапіс быў праведзены ў 1790 годзе пры Томасе Джэфэрсане.

З 1790 да 1840 гадоў перапіс праводзіўся сіламі шэрыфаў. З 1840 году ўзьнік цэнтральны офіс перапісу, які дзейнічаў толькі падчас дзесяцігадовага перапісу. У 1890 годзе ўпершыню пры перапісе выкарыстоўвалі электрычную табуляцыйную машыну Гэрмана Голерыта для апрацоўкі вынікаў.

Вынікі перапісаў

  • 1790 — 3 929 214,
  • 1800 — 5 236 631,
  • 1810 — 7 239 881,
  • 1820 — 9 638 453,
  • 1830 — 12 866 020,
  • 1840 — 17 069 453,
  • 1850 — 23 191 876,
  • 1860 — 31 443 321,
  • 1870 — 38 558 371,
  • 1880 — 49 371 340,
  • 1890 — 62 979 766,
  • 1900 — 76 212 168,
  • 1910 — 92 228 496,
  • 1920 — 106 021 537,
  • 1930 — 123 202 624,
  • 1940 — 132 164 569,
  • 1950 — 151 325 798,
  • 1960 — 179 323 175,
  • 1970 — 203 211 926,
  • 1980 — 226 545 805,
  • 1990 — 248 709 873,
  • 2000 — 281 421 906,
  • 2010 — 308 745 538.[3]

Публікацыя вынікаў

Пасьля правядзеньня перапісу публікуюцца абагульненыя статыстычныя вынікі, якія ня ўтрымліваюць пэрсанальных зьвестак грамадзян. Праз 72 гады пасьля перапісу закон дазваляе публікаваць поўную інфармацыю, атрыманую ў выніку перапісу.

2 красавіка 2012 году на сайце Нацыянальнага архіва ЗША выкладзены амаль 4 мільёны адсканаваных копіяў апытальных лістоў перапісу насельніцтва ЗША 1940 году, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб 132,2 мільёна тагачасных амэрыканцаў.[4]

Крыніцы