Трыдэнцкі сабор

Трыдэ́нцкі сабо́р — XIX Сусьветны сабор, які адкрыўся 13 сьнежня 1545 року ў Трэнце (па-лацінску: Tridentum) зь ініцыятывы Папы Паўла III, галоўным чынам ў адказ на Рэфармацыю, і закрыўся там жа 4 сьнежня 1563, у пантыфікат Піюса IV. Быў адным з найважнейшых сабораў у гісторыі Каталіцкага Касьцёлу, бо зьбіраўся для таго, каб даць адказ рэфармацыйнаму руху. Лічыцца пачаткам Контрарэфармацыі.

«Трыдэнцкі сабор». Карціна ў замку Буанкансільё (Трэнта)

Перадумовы

Пяты Лятэранскі сабор (1512—1517) пачаў рэформу царквы, але ў тэалёгіі не было разьвязана шмат спрэчных пытаньняў. Больш як 20-гадовае зацягваньне іх вырашэньня таксама было зьвязанае з палітычнаю сытуацыяй часу Рэфармацыі. Павал III вырашаў склікаць сабор у Трэнце 1 лістапада 1542, аднак з-за вайны супраць Францыі яго перанесьлі сьпярша на сакавік 1545 і ўрэшце здолелі адчыніць толькі ў сьнежні. Трыдэнцкі сабор быў адным з найзначнейшых сабораў у гісторыі Царквы, паколькі асноўнаю ягонаю мэтаю была рэакцыя на Рэфармацыю.

Вынікі

Паскуале Каці. «Трыдэнцкі сабор» (1588)

На саборы, апрача іншага, адбылося пацьверджаньне Нікейскага сымбалю веры, лацінскага перакладу Бібліі («Вульгаты»), прыняцьце другакананічных кніг у Біблію і Трыдэнцкага катэхізісу.

Сабор канчаткова ўсталяваў канон Сьвятога Пісаньня і вызнаў, што ўсе кнігі напісаныя пад натхненьнем Сьвятога Духа і ня могуць быць зьмененыя ці тлумачаныя так, як камусьці схочацца. Першародны грэх усеагульны, аднак змываецца хростам. Прынята, што чалавек бяз ласкі не ўратуецца. Кадыфікаваная форма служэньня літургіі лацінскага ўзору — так званая «Трыдэнцкая меса». Усяго было прынята 16 дагматычных пастановаў, якія складаюць большую частку каталіцкай дактрыны.

Колькасьць Айцоў сабора (біскупаў і прэлатаў з правам голасу), якія ўдзельнічалі ў яго працы, вагалася: на першай сэсіі прысутнічалі 34, а на дваццаць пятай і апошняй — 215. Ім дапамагалі тэолягі-кансультанты, сярод якіх былі знакамітыя дамініканцы Катарына і Сота, езуіты Лайнес і Сальмерон. Запрошаныя пратэстанцкія багасловы адмовіліся ўзяць удзел у дэбатах.

Срэбны мэдаль (каля 1580), выбіты дзеля асуджэньня сабору. Пры пераварочваньні манэты дагары нагамі з выявы Папы атрымлваўся шут. Надпіс па-лацінску: «Мудрацы часам ідыёты».
Разгледжаная канцэпцыяСэсіяДатаКанонаўПастановаў
Сьвятое Пісаньне48 красавіка 1546няма1
Першародны грэх57 чэрвеня 154654
Боская ласка613 студзеня 15473316
Сакраманты73 сакавіка 1547131
Хрышчэньне73 сакавіка 154714няма
Канфірмацыя73 сакавіка 15473няма
Эўхарыстыя1311 кастрычніка 1551118
Споведзь1415 лістапада 15511515
Сабораваньне144 лістапада 155143
Эўхарыстыя2116 чэрвеня 156243
тое ж229 верасьня 156294
Манаскія ордэны2315 ліпеня 156383
Шлюб2411 лістапада 1563121
Чысьцец254 сьнежня 1563няма1
Культ сьвятых, абразы254 сьнежня 1563няма3
Індульгенцыі254 сьнежня 1563няма1

Пастановы сабора былі пацьверджаныя 26 студзеня 1564 року ў буле «Benedictus Deus».

Вонкавыя спасылкі