Катастрофа Як-130 у Баранавічах

Катастрофа Як-130 у Баранавічах — крушэнне вучэбна-баявога самалёта Як-130 ВПС Рэспублікі Беларусь у горадзе Баранавічах, якое адбылося 19 мая 2021 года. У выніку трагедыі загінулі лётчыкі маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка[1], адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні[2].

Катастрофа Як-130 у Баранавічах
Агульныя звесткі
Дата19 мая 2021
Час12:33
Прычынатэхнічная няспраўнасць і страта кіравання
Месцапустка паміж дамамі 2Б, 2Г і 2Д, вуліца Розы Люксембург, Баранавічы, Брэсцкая вобласць, Беларусь
Загінулыя2
Параненыя1 (на зямлі)
Паветранае судна
МадэльЯк-130
АвіякампаніяВаенна-паветраныя сілы і войскі СПА Рэспублікі Беларусь
Бартавы нумар74
Экіпажмаёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка

Самалёт

Як-130 з’яўляецца расійскім вучэбна-баявым самалётам, распрацаваным КБ Якаўлева для замены ў Ваенна-паветраных сілах Расіі вучэбна-трэніровачных Л-39. Першую партыю машын ВПС Беларусі атрымалі ў 2015 годзе ў адпаведнасці з кантрактам з навукова-вытворчай карпарацыяй «Іркут». Праз год былі пастаўлены яшчэ чатыры самалёты. У 2019 годзе краіна атрымала трэцюю партыю, таксама ў колькасці чатырох штук[3]. Па стане на 2020 год беларуская авіяцыя мела 12 Як-130[4]. Самалёт, што разбіўся ў Баранавічах, быў прыпісаны да 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе[3].

Катастрофа

Днём 19 мая 2021 года на аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты. У названы дзень з аэрадрома «Ліда» група з 4 самалётаў Як-130, у склад якой уваходзіў экіпаж Андрэя Нічыпарчыка, выканала ўзлёт і далейшы палёт у складзе звяна па зададзеным маршруце ў напрамку аэрадрома «Баранавічы». Пасля выканання задання ў складзе групы камандзір паветранага судна па камандзе вядучага прыступіў да адзіночнага вышэйшага пілатажу на малых вышынях над дадзеным аэрадромам. У працэсе выканання самалётам віражу, бартавой сістэмай аб’ектыўнага кантролю пачалі рэгістравацца сігналы аб адмовах датчыкаў, вылічальнікаў і прывадаў комплекснай сістэмы кіравання, а таксама стабілізатара паветранага судна. З гэтага моманту спынілася спраўнае кіраванне самалётам[5].

Экіпаж Як-130 (борт 74) выявіў тэхнічную няспраўнасць, машына рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Былі моманты, калі самалёт аднаўляў на секунду кіраванне, але потым зноў пілоты гублялі кантроль над сітуацыяй[6]. Аварыйная сітуацыя адбылася ў гарызантальным палёце над аэрадромам. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду «Катапультуйся! Катапультуйся! Скачы!»[7]. У радыёэфір выйшаў пілот Су-30СМ, які рыхтаваўся да вылету, і папрасіў экіпаж катапультавацца. У гэты час лётчыкі зразумелі, што самалёт сыходзіць у горад на жылыя кварталы[8]. Уся сітуацыя развівалася на працягу 40 секунд[9]. Рэзервовая сістэма дазволіла на вышыні каля пяцідзесяці метраў стабілізаваць толькі кірунак палёту, і экіпажу ўдавалася змяняць курс, але вышыня працягвала інтэнсіўна падаць[7]. Пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта і, пераканаўшыся, што траекторыя падзення знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі паспрабавалі катапультавацца, але з-за недастатковай вышыні яны загінулі[1].

У 12:33[10] самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы[11]. У будынках знесла шкло, на фасадзе засталіся ўвагнутасці ад дэталяў машыны, на брылі завіс адкрыты парашут, на якім катапультаваўся адзін з лётчыкаў. Наступствы крушэння ліквідаваны сіламі МНС[12]. У адным з будынкаў пацярпеў мясцовы жыхар, ударнай хваляй яго збіла з ног, і ён зламаў руку, а таксама атрымаў множныя парэзы ад аскепкаў шкла[2].

Ахвяры

Удава Куканенкі пра загінулага мужа
Удава Нічыпорчыка пра загінулага мужа

Самалёт пілатавалі 33-гадовы лётчык першага класа маёр Андрэй Нічыпорчык і 22-гадовы лейтэнант Мікіта Куканенка[13].

У праваслаўным храме Святых Жонак-міраносіц адбылася развітальная паніхіда. Жалобная цырымонія прайшла і на баранавіцкім аэрадроме. У ёй удзельнічаў аркестр у суправаджэнні роты ганаровай варты[14]. 21 мая ў Лідзе ў клубе 116-й авіяцыйнай базы прайшла яшчэ адна цырымонія развітання з пілотамі. Цела Куканенкі адправілі ў Полацк, а Нічыпорчыка пахавалі тут жа на мясцовых могілках адразу пасля літургіі ў царкве. На паніхідзе прысутнічаў таксама міністр абароны[15].

Пацярпелы на зямлі Казімір Кузьміч разам з сям’ёй жыў у доме 2Г. Пры падзенні самалёта яго збіла з ног ударнай хваляй, у выніку чаго той атрымаў пералом перадплечча і шматлікія парэзы ад аскепкаў шкла і часткова страціў памяць[16]. Дом, у якім жыў мужчына, атрымаў шкоду[17].

Расследаванне

У той жа дзень Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу ў сувязі з крушэннем самалёта. На месцы здарэння пачалі дзейнасць эксперты, якія высвятляюць абставіны здарэння[18]. Іх каардынаваў першы намеснік старшыні СК РБ Алег Шандаровіч[1]. Туды таксама выехала камісія Міністэрства абароны на чале з намеснікам міністра абароны па ўзбраенні[12]. Галоўным следчым упраўленнем распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 465 КК РБ («Парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб»). Па стане на 20 мая завершана правядзенне агляду месца здарэння, падрабязна зафіксавана следавая карціна, дапытаны сведкі і вайскоўцы авіябазы, прызначаны шэраг неабходных экспертных даследаванняў[19].

Адначасова камандаванне ВПС паведаміла аб першых выніках расшыфроўкі бартавых самапісцаў Як-130[8]. Перад падзеннем экіпажу не хапіла вышыні для прыняцця рашэння і бяспечнага катапультавання. Лётчкі кіравалі і ўздзейнічалі на ручку кіравання самалётам і на педалі, якія змянілі кірунак палёту да моманту дотыку зямлі[7].

Камандуючы ВПС і войскамі СПА Ігар Голуб, спасылаючыся на вынікі расшыфроўкі дадзеных бартавых самапісцаў, заявіў, што крушэнне Як-130 адбылося з-за адмовы сістэмы кіравання. У машыны адмовілі ўсе ўзроўні сістэмы кіравання, прычым імгненна, на працягу адной хвіліны. Застаўся рэзервовы ўзровень, які працаваў з жудаснымі перабоямі, але які даў магчымасць адвесці самалёт. Голуб растлумачыў, што ў дадзенай сітуацыі, паводле патрабавання Кіраўніцтва па лётнай эксплуатацыі самалёта Як-130, экіпаж абавязаны быў пакінуць машыну. У гэты час самалёт перайшоў у некіравальны хаатычны рух, і яго траекторыя пачала ўхіляцца налева, гэта значыць у бок горада[20].

Падчас афіцыйнага следства ўстаноўлена, што камандзірам экіпажа самалёта Як-130 Андрэем Нічыпорчыкам, лётчыкам Мікітам Куканенкам, асобамі з ліку інжынерна-тэхнічнага складу, якія ажыццяўлялі абслугоўванне і падрыхтоўку самалёта, а таксама асобамі, адказнымі за арганізацыю, забеспячэнне і кіраўніцтва палётамі, парушэнняў правілаў палётаў і падрыхтоўкі да іх або іншых правілаў эксплуатацыі ваенных лятальных апаратаў, якія знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з наступствамі не дапушчана. Прычынай трагедыі была названа адмова сістэмы кіравання самалётам[21].

Рэакцыя

Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокія спачуванні сем’ям загінуўшых[22]. Міністру абароны Віктару Хрэніну даручана асабіста перадаць словы падтрымкі ад прэзідэнта і аказаць усю неабходную дапамогу[23]. Спачуванні выказаў Савет Рэспублікі ў асобе яго старшыні Наталлі Качанавай[24].

Гарадскія ўлады Баранавічаў у сувязі з катастрофай адмянілі мерапрыемствы свята «Баранавіцкая вясна», прыначанага на 21—22 мая і прымеркаванага да 150-годдзя горада[25]. Старшыня баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі параўнаў дзеянні загінулых лётчыкаў з подзвігам першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата[26].

Эдуард Жмакін, намеснік камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, выказаў словы падзякі ўсёй краіне. Як адзначыў вайсковец, «у гэтыя цяжкія хвіліны падтрымліваюць нас, кажуць словы падзякі бацькам, захапляюцца гэтым мужным учынкам нашых хлопцаў. І мы ганарымся нашымі хлопцамі. Яны зрабілі ўсё, каб захаваць мірныя жыцця на зямлі». Алег Турчыновіч, першы намеснік камандзіра 61-й авіяцыйнай базы, падзякаваў бацькам загінулых «за тое, што выхавалі сапраўдных мужчын»[14].

Свае спачуванні ў адрас беларускай арміі выказалі міністэрства абароны і дыпмісіі Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, Нідэрландаў і Мінская асацыяцыя ваенных аташэ, акрэдытаваных у Беларусі, якая прадстаўлена ваеннымі дыпламатамі 19 краін[27].

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь пачаў крымінальную справу па арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розні»). Са слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, «знайшліся нягоднікі, якія выліліся самымі мярзотнымі каментарамі як у адрас пілотаў, так і ў адрас беларускай арміі ў цэлым». На 27 мая затрымана 20 чалавек[28].

Памяць

У лістападзе 2021 года Баранавіцкі гарвыканкам прыняў пастанову аб наданні вуліцам у новым мікрараёне Паўночны-2 імёнаў маёра Нічыпорчыка і лейтэнанта Куканенкі. На месцы трагедыі плануецца ўстаноўка памятнага знака ў выглядзе двух каваных жураўлёў на фоне сілуэта самалёта Як-130[29].

24 лістапада лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку ўказам Аляксандра Лукашэнкі пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі»[30].

20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў[31].

Зноскі

Спасылкі

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаЯўгенія ЯнішчыцМанумент у гонар савецкай маці-патрыёткі (Жодзіна)Вікіпедыя:ФорумДзікае паляванне караля СтахаАдмысловае:SearchАдмысловае:RecentChangesЛюдзі на балоце (раман)Карлес ПучдэмонВікіпедыя:Праект:Навіны/ПадрыхтоўкаРаіса Андрэеўна БаравіковаУладзімір КараткевічБеларусьУладзімір СцяпанДзеяслоўВасіль БыкаўДзеепрыслоўеЯкуб КоласМаксім ТанкЯнка КупалаМіхась ПазнякоўАлесь РазанаўВікіпедыя:Што такое свабодная энцыклапедыяAP$ENTРазмовы з удзельнікам:Brubaker610Францыск СкарынаГенадзь Пятровіч ПашкоўВікіпедыя:СупольнасцьПомнік Якубу Коласу (Мінск)Другая сусветная вайнаЗамах на Роберта ФіцуУННВМінскРыгор БарадулінПомнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)Беларуская моваВікіпедыя:Адмова ад адказнасціУладзімір Пятровіч БутрамееўВалерый Станіслававіч Мянжынскі