Дзікае паляванне караля Стаха

гістарычная аповесць Уладзіміра Караткевіча

Дзі́кае палява́нне караля́ Ста́ха — аповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. Лічыцца класікай беларускай літаратуры.

Дзікае паляванне караля Стаха
Дзікае паляванне караля Стаха
Жанраповесць
АўтарУладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Мова арыгіналабеларуская
Дата напісання1958
Дата першай публікацыі1964

Сюжэт

Ілюстрацыя да аповесці Арлена Кашкурэвіча

Малады навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі збіваецца ў буру з дарогі і трапляе ў родавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка Надзея Яноўская — апошняя з роду. Яна расказвае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты за здраду яе продка Рамана Старога, на дваццаць пакаленняў. Надзея — дваццатае пакаленне, яна чакае неўзабаве смерці, з якой згасне і род Яноўскіх. Яна расказвае пра зданяў, прадвеснікаў яе гібелі — Дзікае паляванне, Малога чалавека і Блакітную жанчыну.

Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею і разблытаць клубок падзей. Ён бачыць Малога чалавека — істоту невялікага росту з вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную жанчыну, якая сышла са старадаўняга партрэта, на якую Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай Свеціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і следапытам Рыгорам. Адным вечарам на балоце яго пераследуе Дзікае паляванне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна і свабодна па дрыгве і пакідаюць сляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам паспявае схавацца ў замку і з падвоенай энергіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваннем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваннем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага палявання. Усе коннікі былі падпільнаваны і забіты мясцовымі мужыкамі, коні — амаль вымерлай пароды дрыкгантаў — патанулі ў балоце. Знікаюць і прывіды замка. Малы чалавек аказваецца братам Бермана, вар’ятам-калекай, якога Берман выпускаў з таемных калідораў, а Блакітная жанчына — самой Надзеяй, якая блукае па замку ў сне.

Беларэцкі жэніцца з Яноўскай і ўвозіць яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад трывалага страху і лунатызму, у іх нараджаецца дзіця.

Месца дзеяння і персанажы

Віктар Дашкевіч у ролі шляхціца Дубатоўка ў п’есе «Дзікае паляванне караля Стаха»

Апавяданне вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, яму 96 гадоў. Гісторыя адбылася ў часы яго маладосці, увосень 1888 годзе ў глухой балоцістай мясцовасці Гомельшчыны або Магілёўшчыны, простай спасылкі ў кнізе на гэта няма.

Дзеючыя асобы:

  • Андрэй Беларэцкі — галоўны персанаж, ад чыйго імя вядзецца апавяданне. Малады навуковец-фалькларыст, які займаецца зборам старажытных беларускіх легенд. Выпадкова трапляе ў маёнтак Яноўскіх падчас буры.
  • Надзея Яноўская — далікатная 18-гадовая дзяўчына, апошні нашчадак старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх, якая жыве ў родавым маёнтку пасля дзіўнай гібелі бацькі, Рамана Яноўскага. Праз трывалы стан страху хварэе на лунатызм.
  • Рыгор Дубатоўк — далёкі сваяк Яноўскіх, шляхціц. Вясёлы дзед-балака, жартаўнік, умее схіліць да сябе людзей, добра гаворыць па-беларуску. Пасля, аднак, высветлілася, што пад гэтай маскай хаваецца хітры і бязлітасны чалавек, галоўны злодзей, які прыдумаў Дзікае паляванне каб знішчыць Яноўскіх і займець іх замак і маёмасць.
  • Алесь Варона — малады шляхціц, вельмі напышлівы і запальчывы, саўдзельнік Дубатоўка, вершнік Дзікага палявання, які адчувае глыбокую асабістую непрыязнасць да Беларэцкага. У свой час сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову.
  • Андрэй Свеціловіч — студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, выключаны за ўдзел у народных хваляваннях. Светлы, наіўны, адкрыты, але рашучы чалавек, з юных гадоў неўзаемна закаханы ў Надзею. Становіцца сябрам і надзейным паплечнікам Беларэцкага, але гіне ад рук Дзікага палявання.
  • Ігнась Берман-Гацэвіч — 35-гадовы аматар кніг, знешне падобны да лялькі. Пасля раскрылася, што ён таксама далёкі сваяк Яноўскіх і таксама прэтэндаваў на маёнтак, для чаго прыдумаў Малога чалавека з той жа мэтай, што і Дубатоўк — звесці гаспадыню з глузду.
  • Рыгор — селянін, паляўнічы, які добра ведае мясцовыя лясы. Выглядае сурова, але ў душы вельмі добры чалавек. Дапамагае Беларэцкаму і Свеціловічу перамагчы Дзікае паляванне.

Экранізацыя, інсцэнізацыя

Аднайменны фільм, адным са сцэнарыстаў якога быў сам Караткевіч, зняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя яго твора не асабліва спадабалася, бо ў фільме практычна не было адной з ключовых тэм аповесці — смутку па цяжкім лёсе беларускага народа.

У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», напісанай кампазітарам Уладзімірам Солтанам. Пастановачная група была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.