Тактыка іракскіх паўстанцаў

Тактыка іракскіх паўстанцаў уключала партызанскую вайну з пазбяганнем непасрэдных баявых сутыкненняў з рэгулярнай арміяй (за выключэннем асобных аперацый, як, напрыклад, напады на базы), масавае выкарыстанне разнастайных самаробных выбуховых прыстасаванняў і правядзенне тэрарыстычных актаў. Пры гэтым задзейнічаліся ўсе даступныя тэхнічныя і людскія рэсурсы[1].

Узброеныя акцыі баевікоў з чэрвеня 2003 па снежань 2005.

Дзеянні груповак былі накіраваны супраць кааліцыйных войск, іракскіх сілавікоў і мірнага насельніцтва.

Узброеныя напады

Пры вядзенні пяхотных дзеянняў інсургенты дзяліліся на невялікія аўтаномныя групы, старанна хавалі свае пазіцыі і маршруты перамяшчэння. Пры нападзе на амерыканскія войскі яны імкнуліся атакаваць адначасова з усіх бакоў. Многія камандзіры баевікоў мелі ваенную адукацыю і добра разбіраліся ў тактыцы баявых дзеянняў. Шмат у чым гэтым тлумачыцца паспяховасць значнага ліку акцый. Арганізоўваючы засады, партызаны дзяліліся на тры групы: штурмавую, якая ажыццяўляла сам напад; групу падтрымкі, якая вяла разведку і затуляла тыл і флангі; рэзервовую, прызначаную для правядзення контратак у выпадку нападу праціўніка. Дадзеная тактыка была ўзятая з падручнікаў арміі Ірака пры Садаме Хусейне[1].

У пачатку канфлікту групоўкі здзяйснялі адзінкавыя рэйды на невялікія аб’екты, але ўжо ў 2004 г. перайшлі на напады на добра абароненыя базы і калоны. Пры гэтым, калі раней, падарваўшы міну на дарозе пад вайсковым грузавіком, паўстанцы, трохі пастраляўшы дзеля прыкладу, стараліся як мага хутчэй разбегчыся, то з часам пасля выбуху бомбы яны засяроджвалі агонь з гранатамётаў і аўтаматычнай зброі на салдатах, якія ахоўвалі калону, а потым пераносялі яго на іншыя машыны[2]. У большасці нападаў яны дзейнічалі невялікімі групамі ад пяці да дзесяці чалавек, каб захаваць мабільнасць і пазбегнуць выяўлення[3]. Для нападу на канвоі іракскія партызаны выкарыстоўвалі матацыклы, а для сігналаў нярэдка ўжывалі ракетніцы[4].

Для нападаў на базы партызаны ўтойліва размяшчалі міны на мясцовасці ў яе раёне, пасля чаго абстрэльвалі лагер з мінамётаў і гранатамётаў. Вайскоўцы выбягалі, каб заняць пазіцыі, але траплялі на міннае поле. Страты падчас такіх рэйдаў з боку абаранялых іншы раз бывалі даволі адчувальнымі. Часам для атак выкарыстоўваўся і замінаваны аўтамабіль[2]. Таксама прыцягваліся снайперы[5].

Аўтары кнігі «Асаблівасці партызанскіх і супрацьпартызанскіх дзеянняў у ходзе Іракскай вайны (2003—2011)» Алег Валецкі і Уладзімір Няелаў у якасці прыкладаў такіх дзеянняў прывялі аперацыі групоўкі «Армія людзей накшбандзійскага ордэна» ў правінцыях Анбар і Салах-ад-Дзін. Напады партызан галоўным чынам заключаліся ў абстрэлах праціўніка некіравальнымі авіяцыйнымі ракетамі калібра 122 мм, мінамётнымі абстрэламі, падрывамі самаробных выбуховым прыстасаванняў, снайперскімі абстрэламі і нападамі на базы[6].

Выбуховыя прыстасаванні

Амерыканская бронемашына «Cougar», падарваная зарадам накіраванага дзеяння вагай прыблізна 130–230 кілаграм. Наваколле горада Хіт, правінцыя Аль-Анбар, верасень 2007.

Групоўкам удалося дасягнуць сур’ёзных поспехаў у частцы тэхналогій, тактыкі і эфектыўнасці прымянення СВП. Прычым прарабілі яны гэты за вельмі кароткі тэрмін[7]. Паводле даведкі «Iraq - Insurgency tactics, techniques and procedures», апублікаванай групай ваеннай разведкі Нацыянальнай гвардыі ЗША, партызаны выкарыстоўвалі дыстанцыйнае кіраванне па кабелях або радыёперадавальнікам. У шэрагу выпадкаў выкарыстоўваліся выбухоўкі з эфектам ударнага ядра. У такім выпадку для прывядзення іх у дзеянне выкарыстоўваліся актыўныя інфрачырвоныя датчыкі[8]. Менавіта такія выбухоўкі апынуліся самай эфектыўнай зброяй паўстанцаў. Гэтыя зарады спрацоўвалі пры перапыненні машынай светлавога прамяня. Яны ўсталёўваліся з выключаным датчыкам, а за некалькі секунд да набліжэння ваеннай аўтамашыны яго уключалі пры дапамозе мабільнага тэлефона. Такім чынам, не было праблем у праходжанні па трасе грамадзянскіх аўто[2].

Часцей за ўсё выкарыстоўваліся 155-міліметровыя артылерыйскія снарады з капсулямі і самаробны асколачны матэрыял, але самаробныя прылады таксама паступова станавіліся буйней па меры таго, як сілы кааліцыі дадавалі да сваіх машын дадатковую браню. Выбухоўкі часта маскіраваліся за прыдарожнымі рэйкамі, на тэлефонных слупах, закопваліся пад зямлю, у кучах смецця, клаліся пад камяні, цэглу ці нават змяшчаліся ў мёртвых жывёлах[9][10]. Паўстанцы ўсталёўвалі СВП сіламігрупы колькасцю ад двух да васьмі чалавек. Час для ўстаноўкі вар’іраваўся ад некалькі хвілін да некалькіх гадзін[11].

Толькі з мая 2003 года па май 2004 года было зафіксавана каля 15 тысяч выпадкаў падрываў СВП. Пры гэтым да красавіка 2005 года адбылося 800 падрываў аўтамататранспарту. Газета Washington Post пазначыла, што ў Іраку з пачатку вайны 50% страт амерыканскія войскі панеслі ад дзеяння прыдарожных выбуховак. Пры гэтым здольнасць супрацьстаяць СВП у арміі ЗША апынулася вельмі нізкай як на тэхналагічным, так і на тактычным узроўні[12]. У амерыканскім камандаванні адзначалася, што браня ваенных машын не можа паўнавартасна абараніць байцоў ад выбухаў. Магутнасць выбухоўкі іракцаў была такой, што пашкоджанні або поўнае знішчэнне машыны фіксавалася нават у танкаў M1 Abrams. Пры гэтым афіцыйныя прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША падкрэслівалі, што большасць выбуховых прылад усё ж такі ўдаецца своечасова знайсці і абясшкодзіць[13].

Снайперскія атакі

На снайперскую дзейнасць баевікоў паўплываў вопыт часоў Садама Хусейна. Паводле даваенных патрабаванняў да снайпераў, якія таксама прымяняліся паўстанцамі, стралок павінен быў уразіць цэль на далёкасці 600 метраў першым стрэлам, весці прыцэльны агонь на дыстанцыях ад 600 да 1000 метраў, валодаць высокім інтэлектам, умець хутка прымаць рашэнне, дзейнічаць у адзіночку, добра арыентавацца на мясцовасці і ўмець выкарыстоўваць яе для маскіроўкі. Перавага аддавалася кандыдатам з сельскай мясцовасці[14][8].

Для снайперскіх атак у асноўным выкарыстоўвалася іракская варыяцыя савецкай СВД, вырабляная па ліцэнзіі пад абазначэннем «Эль-Кадысія». Іншай зброяй стала створаная на базе АКМ снайперская вінтоўка «Табук»[15][8]. Часам ужываліся .50 Cal і трафейныя M24[16].

Як пісаў маёр каралеўскай аўстралійскай пяхоты Грэг Роўлендс, звычайна стралок, працуючы ў пары з наводчыкам, вёў агонь на адлегласці ад 100 да 1000 метраў. Яны здымалі стрэл на камеру, а ўрыўкі потым публікавалі ў Інтэрнэце. Паводле Роўлендса, баевікі маглі абстраляць праціўніка з аўтамабіля, на якім потым уцякалі з месца нападу. Падобны метад афіцэр ацаніў як вынаходлівы[16].

Гарадская абарона

Партызаны пазбягалі прамых сутыкненняў з кааліцыйнымі войскамі і ў асноўным ўсталёўвалі кантроль над тымі раёнамі, у якіх не было замежнікаў. Адзіным выключэннем тут з’яўляліся падзеі ў Фалуджы ў красавіку і лістападзе 2004 года, дзе бакі вялі франтальныя баявыя дзеянні[17][8].

Тут баевікі пераходзілі да абарончай тактыцы. Гісторык і ваенны аглядальнік Аляксандр Гелагаеў пісаў, што ў Фалуджы паўстанцы стварылі сетку тунэляў, бункераў, наглядальных пазіцый і мінных загарод. У многіх дамах усталёўваліся балоны з газам і бочкі з бензінам, якія можна было падарваць. Вуліцы блакаваліся бетоннымі загародамі. Каб перашкодзіць амерыканскім снайперам займаць пазіцыі на дахах будынкаў, лесвіцы латаліся або абвальваліся, што прымушала салдат карыстацца шляхамі, якія прывядуць іх на міны, «расцяжкі» або ў агнявыя мяшкі. Мініраваліся таксама аўтамашыны, кінутыя на дарогах. Агнявые кропкі знаходзіліся нават у мячэцях і школах[18].

Тэрарызм

Прыклад «пояса шахіда».

Асноўнымі спосабамі тэрактаў былі выбухі замініраваных машын, напады на мячэці, захоп закладнікаў з жорсткімі патрабаваннямі, напрыклад, вызваленне з палону сваіх паплечнікаў або вывад кантынгенту пэўнай дзяржавы. Найбольш распаўсюджаным было выкарыстанне смяротнікаў, якія падрывалі сябе пры дапамозе «пояса шахіда» ці ж замініраванай машыны. Многія тэракты прайшлі ў рамках барацьбы шыітаў і сунітаў. Яны былі накіраваны супраць мірнага насельніцтва альбо рэлігійных святынь «варожай» галіны ісламу[19].

Валецкі і Няелаў адзначалі, што тэрарыстычныя атакі былі сур’ёзным інструментам вядзення вайны. З іх дапамогай ліквідаваліся многія ключавыя фігуры, вяліся атакі ў дачыненні да рэлігійных або этнічных груп, дасягаўся эфект застрашвання насельніцтва. Некалькі ніжэй была эфектыўнасць тэрактаў непасрэдна супраць войск кааліцыі[20].

У лютым 2007 года ў квартальнай справаздачы Пентагона было ўстаноўлена, што «хоць большасць нападаў па-ранейшаму накіравана супраць кааліцыйных сіл, пераважная большасць ахвяр нясуць іракскія грамадзянскія асобы»[21]. Да аналагічнай высновы таксама прыйшло Галоўнае бухгалтарскае ўпраўлення ЗША[22].

Тэрарыстычныя метады практыкавалі шматлікія ісламісцкія рухі. У дакладзе Human Rights Watch за 2005 год сярод асноўных арганізатараў нападаў названы Аль-Каіда, Джамаат Ансар аль-Суна і Ісламская армія ў Іраку[23]. Акцыі радыкалаў пачаліся ўжо ў пачатку 2003 года. Паводле Iraq Body count, колькасць тэрарыстычных нападаў і іх ахвяр няўхільна расла аж да другой паловы 2007 года. Пасля выбараў 2009 года напады зноў пачасціліся. Толькі ў лютым усяго ў некалькіх тэрактах радыкальных сунітаў загінула звыш сотні шыітаў[24].

Эфектыўнасць тэрарыстычных нападаў павышалася за кошт удасканалення метадаў правядзення акцый. Так, 14 жніўня 2007 года недалёка ад Масула — у горадзе Кахтанія — адбыўсяадзін з найбуйнейшых тэрактаў у гісторыі. Загінула звыш 500 человек. У гэтай акцыі тэрарысты ўжылі начынены выбухоўкай бензавоз у спалучэнні з трыма іншымі транспартнымі сродкамі[25].

Заўвагі

Літаратура

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаЯўгенія ЯнішчыцМанумент у гонар савецкай маці-патрыёткі (Жодзіна)Вікіпедыя:ФорумДзікае паляванне караля СтахаАдмысловае:SearchАдмысловае:RecentChangesЛюдзі на балоце (раман)Карлес ПучдэмонВікіпедыя:Праект:Навіны/ПадрыхтоўкаРаіса Андрэеўна БаравіковаУладзімір КараткевічБеларусьУладзімір СцяпанДзеяслоўВасіль БыкаўДзеепрыслоўеЯкуб КоласМаксім ТанкЯнка КупалаМіхась ПазнякоўАлесь РазанаўВікіпедыя:Што такое свабодная энцыклапедыяAP$ENTРазмовы з удзельнікам:Brubaker610Францыск СкарынаГенадзь Пятровіч ПашкоўВікіпедыя:СупольнасцьПомнік Якубу Коласу (Мінск)Другая сусветная вайнаЗамах на Роберта ФіцуУННВМінскРыгор БарадулінПомнік Францыску Скарыну (Мінск, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)Беларуская моваВікіпедыя:Адмова ад адказнасціУладзімір Пятровіч БутрамееўВалерый Станіслававіч Мянжынскі