a. ^ Стаў «старшынём Прэзыдыюму» Сацыялістычнай рэспублікі Сэрбіі (a рэспубліка ў складзе СФР Югаславіі) 8 траўня 1989. Пасьля распаду Югаславіі стаў першым прэзыдэнтам Рэспублікі Сэрбіі (у складзе наваўтворанай Фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі) з 11 студзеня 1991.
У сваё знаходжаньне на пасадах прэзыдэнта Сэрбіі і ФРЮ ўнёс некалькі значных паправак у канстытуцыю Сэрбіі, якія зьменшылі правы аўтаномных абласьцей Сэрбіі, і ў 1990 року пераўтварыў Сэрбію з цітаісцкай аднапартыйнай у шматпартыйную сыстэму. За ягоным кіраваньнем адбыўся распад Югаславіі і шэраг грамадзянскіх войнаў, заснаваньне Фэдэратыўнай рэспублікі Югаславіі з колішніх югаслаўскіх рэспублік Сэрбіі і Чарнагорыі, Дэйтанскія перамовы ад імя басьнійскіх сэрбаў, якія скончылі Басьнійскую вайну, і адхіленьне яго ад пасады ў 2000 року.
У часе бамбаваньняў Югаславіі сіламі НАТО ў 1999 року Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі (МТБЮ) абвінаваціў Мілошавіча ва ўчыненьні ваенных злачынстваў у Босьніі, Харватыі і Косаве[1]. У выніку дэманстрацыяў пасьля спрэчных выбараў 2000 року Мілошавіч сышоў з пасады, а 31 сакавіка 2001 року арыштаваны па абвінавачваньні ў карупцыі, злоўжываньні ўладай і прысабечваньні[2][3]. Расьсьледаваньне сутыкнулася зь адсутнасьцю доказаў, пасьля чаго сэрбскі прэм’ер-міністар Зоран Джынджыч выдаў пастанову пра экстрадыцыю Мілошавіча ў МТБЮ дзеля разьбіральніцтва па абвінавачваньні ў ваенных злачынствах[4]. У пачатку судовага працэсу Мілошавіч назваў Трыбунал незаконным, бо ён ня быў утвораны са згоды Генэральнай Асамблеі ААН, і з гэтай прычыны адмовіўся ад паслуг адваката[5]. Судовы працэс цягнуўся пяць гадоў да скону Мілошавіча ў турэмнай камэры[6] ад інфаркту міякарда[7][8].
У лютым 2007 року Міжнародны Суд ААН на працэсе генацыду ў Босьніі пастанавіў, што дачыненьняў Сэрбіі і Мілошавіча да генацыду, учыненага басьнійскімі сэрбамі падчас Басьнійскай вайны, ня выяўлена. Аднак суд высьветліў, што Мілошавіч, а таксама іншыя сэрбы зьдзейсьнілі парушэньне Канвэнцыі супраць генацыду, не прадухіліўшы генацыд і адмовіўшыся супрацоўнічаць з МТБЮ ў справе пакараньня адказных за генацыд, у прыватнасьці генэрала Ратка Младзіча, а таксама ў парушэньні ўласнага абавязаньня падпарадкоўвацца часовым мерам, абумоўленым Судом[9].